Тымчасам Гомель жыў чуткамі пра АРА. Мэйтланд успамінаў:
Навіна пра наш прыезд у Гомель распаўсюдзілася як лясны пажар, і наш вагон на рэйках быў круглыя суткі ў аблозе людзей, якія хацелі ўладкавацца на працу ці атрымаць дапамогу[83].
Першай мясцовай супрацоўніцай стала рэмінгтаністка, як называлі выпускніц курсаў стэнаграфіі й машынапісу. У Менску кіраўнік акругі Доналд Гардзі перадаў Мэйтланду першыя 1700 ужо аплачаных у Амэрыцы картак на атрыманьне пасылак, якія адрасаваліся гомельцам. Мэйтланду ўдалося пазычыць друкавальную машынку, і неўзабаве пачалося стварэньне індэксу адрасоў.
1 сакавіка з Масквы адправіліся першыя таварныя вагоны з прадуктамі для Гомелю. 10 сакавіка кур’ер з Масквы прывёз яшчэ тысячу квіткоў на пасылкі. На наступны дзень у Гомель на дапамогу кіраўніку акругі прыбыў Г’ю Рамсэй. Мэйтланд пісаў:
Пасьля некалькіх тыдняў адзіноты ў самай забытай Богам дзіры на сьвеце было надзвычай прыемна зноў пабачыць амэрыканца. Я тады яшчэ не пасьпеў прызвычаіцца да мёртвай цішыні й гарадзкога бруду. Рамсэй прыехаў аб 11-й раніцы й апоўдні ўжо з галавой быў у працы, каб падрыхтавацца да першай даставы прадуктаў.
Рамсэй пасяліўся ў тым самым салён-вагоне, у якім жыў Мэйтланд. Напрыканцы сакавіка з Масквы прыбылі араўскія вагоны, і са станцыі пачалі дастаўляць прадукты ў два пакойчыкі банкаўскага будынка, вызваленыя пад склад. Тут фасавалі прадукты й камплектавалі пасылкі. Памяшканьні былі ня надта зручныя, але ні ўлады, ні Мэйтланд не прадбачылі таго, што сталася праз чатыры дні, калі пачалася выдача пасылак:
Колькі б міліцыянтаў мы ні выклікалі, каб прымусіць атрымальнікаў пасылак стаць у чаргу, яны не маглі гэтага дамагчыся, і дзьверы складу былі штодня ў аблозе натоўпу, людзі штурхаліся, крычалі. Некаторыя не маглі два-тры дні прабіцца атрымаць свае пасылкі й прыходзілі скардзіцца ў офіс. Паколькі гэтыя складавыя памяшканьні былі малыя, мы мусілі падвозіць прадукты на санях з большага складу, і тады двор ператвараўся ў адзін жахлівы непраходны затор.
Калатнеча працягвалася тры месяцы. У горадзе мянялася кіраўніцтва, і новыя кадры не пасьпявалі пазнаёміцца са справамі, як ім на зьмену Масква прызначала іншых. Не палягчала справу й тое, што гарадзкая й губэрская ўлады, а таксама незалежныя ад мясцовага кіраўніцтва чыгуначнікі вялі бюракратычную вайну паміж сабой за сфэры ўплыву. Патрэбы АРА заставаліся без увагі — але за дзейнасьцю канторы, як высьветліцца пазьней, пільна сачылі.
Прычыны напружанасьці былі такія самыя, як і ўсюды, дзе дзейнасьць АРА пачыналася пераважна выдачай пасылак. Як і ў іншых беларускіх рэгіёнах, бальшыня пасылак з Амэрыкі ў Гомель ішла ад мясцовых эмігрантаў-габрэяў і адрасавалася іхным сваякам і аднаверцам. Гэта злавала камуністычныя ўлады, якія бачылі ў такой дапамозе парушэньне лёзунгу роўнасьці, адыход ад рэвалюцыйных прынцыпаў і падрыў свайго аўтарытэту.
Не палепшыла справу й тое, што эфэкт АРА ў Гомелі адчулі ня толькі непасрэдныя адрасаты амэрыканскай дапамогі: ужо на другі дзень пасьля выдачы пасылак гэтыя прадукты зьявіліся на мясцовым рынку. Адразу пасьля прыезду Мэйтланд адзначаў, што амаль усе гомельцы былі апранутыя ў самаробную вопратку, скроеную з падручных матэрыялаў: збожжавых мяхоў, брызэнту, накрывак для стагоў сена. Было немагчыма забараніць людзям прадаваць ці мяняць амэрыканскія пасылкі на цёплую вопратку.
Праз два месяцы з Гомельскага губвыканкаму пойдзе першая афіцыйная скарга ў Маскву:
Асноўная частка прадуктаў з Амэрыкі патрапляе больш заможнаму элемэнту Гомельскай губэрні. Паколькі яны асабіста ня маюць патрэбы ў гэтых прадуктах, натуральна, яны пераважна спускаюць іх на рынак. Спэкуляцыя дасягнула вялікіх памераў, і найбяднейшая частка насельніцтва ад гэтага не выйграе, а наадварот. У сэнсе беспасярэдняй дапамогі тым, каму яна патрэбная, АРА нічога не зрабіла.
83
У Гомельскай акрузе, як і ў іншых, мясцовыя супрацоўнікі АРА ў дадатак да заробку бясплатна атрымлівалі адну амэрыканскую харчовую пасылку на месяц. У 1922–1923 было выдадзена такім чынам больш за 23 тоны харчу на суму 2262 даляры.