Выбрать главу

Тав. Нэйбах: Я запрасіў Вас для гутаркі па трох пытаньнях: першае — пра далейшую працу АРА ў Гомельскай губэрні, другое — пра паведамленьні аб стасунках з паветамі, і трэцяе — пра пасылкі. Прэзыдыюм губвыканкаму даручыў мне перамовіцца з Вамі ў справе далейшай працы тут АРА. Гэтае пытаньне ўсплывае з нагоды добрага ўраджаю й да т. п. На Волзе, верагодна, аддзелы АРА застануцца, але як вырашаецца гэтае пытаньне тут? Вы былі ў Маскве, і я хацеў бы атрымаць некаторыя зьвесткі на гэты конт. Што да пасылак, я мушу адзначыць, што атрымальнікі ня ёсьць найбяднейшыя, а заможныя, і часта гандлююць гэтымі пасылкамі, што супярэчыць асноўным мэтам АРА — дапамозе насельніцтву, якое галадае.

М-р Мэйтланд: У Маскве афіцыйных зьвестак я не атрымаў. Беручы пад увагу адну з апошніх нарадаў у Нью-Ёрку, я думаю, што праца АРА будзе працягвацца да верасьня наступнага году. У справе пасылак я падняў пытаньне, і мне абяцалі падвысіць колькасьць бясплатных пасылак, таксама й дзіцячага харчаваньня. З прычыны эпідэміі АРА будзе працягваць сваю працу да наступнага верасьня, пакрысе зьмяншаючы яе. Пытаньне пра дзіцячае харчаваньне надзвычай складанае; што да атрыманьня пасылак заможным элемэнтам, я таксама гэта назіраю.

Тав. Нэйбах: Я вельмі рады, што мы не разыходзімся з м-рам Мэйтландам у тым, што пасылкі не дасягаюць мэты — дапамогі тым, хто галадае. Паколькі гэта так, я думаю, мы разам даможамся, каб пасылкі не прадаваліся, бо адрасаты фактычна ня маюць на гэта права. Што да дзіцячага харчаваньня, мы зьвярталіся ў Цэнтар, каб даць яго дзецям Паволжа, эвакуаваным у нашую губэрню. Цяпер жа частка дзяцей адпраўленая назад у Паволжа, другая частка мае дастаткова прымальныя ўмовы, трэцяя ўзятая самім насельніцтвам, і пытаньня пра дзіцячае харчаваньне мы не разумеем. Увогуле трэба сказаць, што голаду цяпер мы не назіраем. У справе дапамогі ў барацьбе з эпідэміяй мы ўдзячныя, але шырокай працы наперадзе тут няма. Што да павелічэньня дабрачынных пасылак, я мушу вітаць м-ра Мэйтланда, але й тут трэба быць строга пасьлядоўным. У нас ёсьць зьвесткі, што былая княгіня Паскевіч ды іншыя карыстаюцца гэтай дабрачыннасьцю. Губвыканкам лічыць, што ім гэтай дабрачыннасьцю карыстацца зусім ня трэба, бо ў іх яшчэ засталося дастаткова ўсяго. Яны прымаюць гэта як падтрымку амэрыканскай адміністрацыі. Таму мая настойлівая просьба, каб дабрачыннасьцю карысталіся не былыя высокапастаўленыя асобы, а тыя, каму яна насамрэч неабходная.

М-р Мэйтланд: Я вельмі шкадую, што Вы атрымалі такія зьвесткі. Бясплатныя пасылкі разьмяркоўваюцца паміж тымі, хто сапраўды мае патрэбу. Што да княгіні Паскевіч, мушу сказаць, што дапамога ёй была аказаная асабіста мною й сакратаром Рамсэем за нашыя сродкі як знаёмай. Была адна выдача пасылак лекарам, бо гэта была адмысловая дапамога ад лекараў Нью-Ёрку.

Тав. Нэйбах: Я стаўлю пытаньне прынцыпова. Адмысловыя пасылкі ад лекараў, я лічу, няправільныя. Дапамога павінна ісьці тым, хто галадае, а не катэгорыям. Мы ведаем, што за мяжой ёсьць шэраг грамадзянаў — нашых праціўнікаў, якія маюць тут сваіх аднадумцаў. Такім чынам можа аказвацца дапамога й гэтым катэгорыям.

Пры аб’езьдзе мною губэрні ў некаторых гарадох мне паведамлялі аб атрыманьні мэдыкамэнтаў беспасярэдне зь Менску й Кіева. Лічу гэтую зьяву безумоўна ненармальнай, бо магчымы падман. Таму мы лічым безумоўна неабходным атрыманьне й разьмеркаваньне мэдыкамэнтаў вылучна праз гомельскае аддзяленьне АРА.

М-р Мэйтланд: Рэч у тым, што акругі мяжуюць. Лекар Герц аб’яжджаў участкі для вызначэньня межаў, але яго разам зь іншым лекарам затрымалі органы ГПУ з прычыны нейкіх недакладнасьцяў у дакумэнтах. Я зьежджу ў Кіеў разам зь лекарам Герцам для дакладнага вызначэньня ўчастку.

Тав. Нэйбах: Прэзыдыюм ГВК[85] прыняў абавязковую пастанову пра разьмеркаваньне пасылак на суму да 50 даляраў з удзелам нашага прадстаўніка й забарону прадаваць і купляць з ужываньнем мераў адміністрацыйнага спагнаньня — штрафы, зьняволеньне.

М-р Мэйтланд: Я хацеў бы мець дакладны пераклад пастановы перад апублікаваньнем.

(Таварыш Драгунскі ўголас чытае ў перакладзе абавязковую пастанову.)

М-р Мэйтланд: Я мушу адзначыць толькі канфіскацыю пасылак цалкам за продаж, каб можна было вярнуць грошы ў Амэрыку. Як быць са сканфіскаванаю часткаю, трэба мне падумаць.

Тав. Нэйбах: Мы не перашкаджаем атрыманьню пасылак, але да іхных прадаўцоў будуць ужывацца меры адпаведна з гэтай абавязковай пастановай. Сканфіскаваныя прадукты будуць перадавацца дзіцячым дамам. Я прапаную дадаць у тэкст пастановы, што гэтая прапанова зыходзіць ад АРА.

вернуться

85

Губэрскі выканаўчы камітэт.