У гэтым адказе не выпадковы зварот: ня польскім дзецям, а дзецям Польшчы.
Неаднаразовыя напаміны й патрабаваньні амэрыканцаў захоўваць роўнасьць, не ператвараць гуманітарную дапамогу ў інструмэнт палітыкі сьведчылі аб праблеме, якая непакоіла Гувэра. Польская эліта адраджала нацыянальную дзяржаву пасьля двух стагодзьдзяў у складзе Расейскай імпэрыі з імпэтам і апантанасьцю, не зважаючы на інтарэсы нацыянальных мяншыняў. Польскія ўлады скарыстоўвалі дзеля сваіх мэтаў дыпляматычныя, вайсковыя, паліцэйскія, сацыяльныя й рэлігійныя вагары, у тым ліку й дапамогу АРА.
Яшчэ ў лютым 1920 на мірнай канфэрэнцыі ў Парыжы з адмысловай дэклярацыяй выступіла Рада БНР:
Атрымліваючы велізарныя запасы прадуктаў і адзежы ад Дзяржаў Антанты дзеля помачы дзецям у Польшчы, разумеючы ў гэтым і занятыя палякамі на Ўсходзе землі, акупанты ў Беларусі (асабліва ў Віленскай і Гродзенскай губэрнях) надзяляюць бадай выключна польскія прытулкі, у каторых дзяцей беларускай беднаты за цану хлеба перарабляюць на «палякаў». Калі ж беларускія прытулкі просяць аб выдзяленьні і ім адпаведнае дапамогі для іх дзяцей, ім у гэтым адмаўляюць і прапануюць перадаць усіх дзяцей у польскія рукі дзеля спольшчаньня. І беларускія дзеці, рэзка адчуваючы крыўду і гвалт чужынцаў, са сьлязьмі адмаўляюцца ад «сытага жыцьця» ў польскіх прытулках, дзе павінны былі бы адрачыся сваёй мовы і нацыянальнасьці, ды астаюцца на паўгалоднае бытаваньне паміж сваімі!
Гувэр ведаў пра шматнацыянальны й шматканфэсійны склад Рэчы Паспалітай і праблемы дачыненьняў палякаў з габрэямі, беларусамі, украінцамі, літоўцамі.
Ужо ў першыя месяцы аднаўленьня Польшчы пачалі прыходзіць зьвесткі пра габрэйскія пагромы зь Пінску, Менску, Вільні, Львова. У пагромах абвінавачвалі перш за ўсё польскіх жаўнераў. Габрэйская дыяспара ў ЗША разьмясьціла ў амэрыканскім друку абвестку, дзе сьцьвярджалася, што ў Польшчы забіваюць габрэяў:
Ніколі габрэйскі народ ня меў ворага больш бязьлітаснага, больш брутальнага, больш рашучага ці больш магутнага.
Амэрыканскі амбасадар у Польшчы Гібсан, аднак, паведамляў у Вашынгтон пра адсутнасьць доказаў масавага забойства габрэяў ці існаваньня арганізаванага антысэміцкага руху. Гібсан вызначаў прычыны антысэмітызму як сацыяльныя й эканамічныя, а не рэлігійныя. Ва ўсходніх гарадох варожасьць да габрэяў была выкліканая распаўсюджаным меркаваньнем пра іхную супрацу з бальшавікамі й напады на польскае войска. Гібсан нават прапаноўваў Дзярждэпартамэнту не выдаваць замежных пашпартоў для паездкі ў Польшчу агітатарам любога кшталту — габрэйскага ці хрысьціянскага.
Гэта была дыпляматычная перапіска, не вядомая грамадзкасьці. Зьбіраць дабрачынныя ахвяраваньні для Польшчы станавілася праблематычна. Тады Гувэр параіў прэм’ерміністру Падарэўскаму папрасіць амэрыканскага прэзыдэнта прыслаць незалежную камісію.
Камісія ўсклала віну на абодва бакі. Адзначыўшы распаўсюджаныя між палякаў антысэміцкія забабоны, узмоцненыя пасьляваеннай сытуацыяй, камісія не знайшла доказаў дзяржаўнага антысэмітызму. У справаздачы адзначалася, што, «калі б гвалт чыніўся не мясцовымі бандамі альбо непадкантрольнымі атрадамі, колькасьць ахвяраў ішла б на тысячы замест прыкладна дзьвюхсот»[21].
Камісіі дзеля праверкі скаргаў БНР польскі ўрад не ствараў.
Нягледзячы на неспрыяльную для беларускага насельніцтва палітыку Варшавы, мірнае жыцьцё й свая зямля хутка зробяць амэрыканскую дапамогу ў Заходняй Беларусі непатрэбнай. Яшчэ ў 1919 годзе інспэктар АРА Гершэл Ўокер так апісваў сытуацыю ў раёне Глыбокага — Дзісны:
Сяляне, пераважна беларусы, засталіся й сталі нават больш заможныя. Яны набылі больш зямлі, ураджайнасьць была добрая, хаця значна зьменшылася пагалоўе коней, гавяды, сьвіней.
Напачатку 1922 году, калі польская эканоміка выразна пайшла ўгару, апошні кіраўнік АРА ў Польшчы Філіп Болдўін паведаміў польскаму ўраду пра закрыцьцё місіі ў чэрвені. Прэм’ерміністар Панікоўскі выказаў словы ўдзячнасьці:
Усё насельніцтва Польшчы ўслаўляе імя Гувэра й атачае ўдзячнасьцю й павагай усіх ягоных суайчыньнікаў, хто ўдзельнічаў у дапамозе Польшчы. Адчуваньне, што праца сп. Гувэра ня будзе спыненая, але будзе працягвацца нашым народам, стане найлепшай узнагародай у момант іхнага ад’езду з Польшчы.
Польскі ўрад пагадзіўся на бясплатны транзыт па тэрыторыі краіны гуманітарных грузаў АРА на мяжу зь Беларускай Савецкай Рэспублікай. 15 тысяч тон збожжа штомесяц дастаўлялася з Гданьскага порту ў Стоўпцы, дзе вузкія эўрапейскія колы мяняліся на шырэйшыя. Міністар замежных справаў Польшчы Канстанты Скірмунт так тлумачыў гэтае рашэньне ў лісьце да Гербэрта Гувэра:
21
У справаздачы ня ўлічаныя падзеі падчас акупацыі Беларусі ад жніўня 1919 да ліпеня 1920. Аўтары кнігі «Джойнт в Беларуси» Э. Іофэ й Б. Мельцэр прыводзяць афіцыйны дакумэнт ураду Беларусі ад 3 траўня 1922, паводле якога на часова акупаванай палякамі тэрыторыі было забіта 1100 габрэяў, паранена 150, 1250 жанчын згвалтавана, тысячы сталі ахвярамі рабаваньня. Пры гэтым аўтары ацэньваюць прыведзеныя лічбы як «яўна заніжаныя».