Выбрать главу

Да рагачоўскага ліста быў прыкладзены сьпіс патрэбных рэчаў: паліто, блюзкі, штаны, панталёны, кальсоны, абутак, зімовыя шапкі, прасьціны, ручнікі, наўлечкі, матрацы, коўдры, насыпкі…

Калі дапамога пачала паступаць (таксама праз АРА ў Гомелі зьявіліся й тэкстыльныя наборы для самастойнага шыцьця адзеньня), у губвыканкаму зьявіўся новы аргумэнт: амэрыканская дапамога шкодная для тэкстыльнай прамысловасьці, бо зьнізіцца попыт на яе прадукцыю.

Нягледзячы на перашкоды, амэрыканцы працавалі ў Гомелі да самага заканчэньня дзейнасьці АРА. Мэйтланд пісаў у справаздачы:

У якасьці заключэньня: праца АРА тут стварыла пачуцьцё павагі да амэрыканскага народу й да мэтадаў працы амэрыканцаў. Вялікая колькасьць людзей эмігруе штогод адсюль у Амэрыку, і яны возьмуць з сабой успамін пра тое, як Амэрыка прыйшла на дапамогу ў час вялікае патрэбы.

На ўспамін гомельскім уладам амэрыканцы пакідалі свае аўтамабілі. У сярэдзіне чэрвеня ўпаўнаважаны Драгунскі падпісаў акт прыёму, ацэнкі й перадачы тэхнікі ў гараж губвыканкаму:

У наяўнасьці маюцца наступныя аўтамабілі: адзін грузавік сыстэмы «Ўайт», машына на хадзе, мае 35 % зношанасьці, продажная цана 2500 рублёў золатам. Два легкавыя аўтамабілі сістэмы «Форд». Адна з машынаў на хадзе. Аўтамабілі маюць 65 % зношанасьці. Максымальна магчымая продажная цана 125 рублёў золатам кожная.

Упаўнаважаны ацэньваў ня проста дзьве машыны з запасам асобных прыналежнасьцяў у дваццаць разоў менш за грузавік — так ацэньваўся амэрыканскі разьвітальны падарунак. У канцы чэрвеня ў штаб-кватэры ў Маскве быў падпісаны «Агульны мэмарандум № 80»:

Гомельская акруга закрытая 21 чэрвеня. Пэрсанал прыбудзе ў Маскву 24 чэрвеня.

Апошні дакумэнт у архівах за подпісам Драгунскага — ягоная заява на звальненьне з пасады ўпаўнаважанага пры АРА. Дата пад подпісам — 1 ліпеня 1923, нашмат пазьней, чым хацеў ён сам і чым дамагаўся кіраўнік Гомельскай акругі Джон Мэйтланд.

Тут іхныя жаданьні ўпершыню цалкам супалі, але гэта ўжо ня мела значэньня.

29

Чорны сьпіс: шпіёны АРА ў ролі філянтропаў

Эканамічны шпіянаж. — Румянцава й Кацавураў на лаве падсудных. — Агранамічныя таямніцы Беларусі. — Пракурор просіць расстрэлу. — Пратэст Гувэра. — Змаганьне за сьвятло

14 траўня 1924 у газэце «Звезда» зьявілася публікацыя пад загалоўкам «Суд. Эканамічны шпіянаж». Праз увесь тэкст стракацела назва АРА. У шпіянажы абвінавачваліся былая супрацоўніца Менскай акругі, інспэктарка дзіцячых дамоў Кацярына Румянцава й прафэсар заалёгіі, вучоны-аграном Мікалай Кацавураў.

Публікацыю можна лічыць адказам на ліст кіраўніка Менскай акругі Чарлза Ўілабі, які ў чэрвені 1923 напісаў упаўнаважанаму ўраду[86]:

Мой дарагі спадар Стакоўскі!

Перад канчатковым ад’ездам зь Беларусі не магу не зьвярнуцца да вас з адной апошняй просьбай ня толькі як кіраўнік акругі, але як чалавек, які ўвесь час стараўся пасьпяхова праводзіць тут сваю працу.

Гэта ў сувязі з так званым «чорным сьпісам», у які занесеныя імёны дзевяцёх маіх былых супрацоўнікаў. Старшыня прафсаюзу савецкіх работнікаў Лявонаў адкрыта прызнае, што бальшыня зь іх патрапіла ў чорны сьпіс з прычыны быццам сяброўства са мной ды іншымі амэрыканцамі. Ён лічыць, што такое сяброўства супярэчыць прынцыпам прафсаюзаў і супрацоўнікі павінны панесьці адказнасьць.

Гэта вельмі несправядліва, і я ня веру, каб чалавек, які прымае прафсаюзныя прынцыпы блізка да сэрца, мог заняць такую пазыцыю. Супрацоўнікі, якія добра да мяне ставіліся, добра ставіліся да АРА й да ўладаў. АРА дапамагала ўладам, іначай яе тут не было б. Таму высновы сп. Лявонава памылковыя.

Я прашу вас абараніць дзевяцёх гэтых супрацоўнікаў у іх барацьбе й зрабіць усё магчымае, каб аднавіць іхныя правы.

Ўілабі, магчыма, меў рацыю, але ўсё ж памыляўся[87].

Справу эканамічнага шпіянажу ў Менску разглядаў Вышэйшы суд БССР, абвінаваўцам выступаў пракурор рэспублікі Васіль Шаранговіч. Газэта пісала:

На лаве падсудных былая памешчыца й дваранка Румянцава й вучоны-аграном Кацавураў. Пасьля кастрычніцкага перавароту, страціўшы ўсе свае маёнткі, Румянцава ўладкоўваецца кіраваць сваім былым конным заводам, але гэтая праца ёй не даспадобы. Яе шырокая, ісьцінна руская натура, якая прызвычаілася жыць па замежжах, не магла знайсьці сабе справы ў глушы. Ведаючы дасканала ангельскую мову, яна вельмі лёгка ўладкоўваецца ў беларускую кантору АРА. Румянцава пачынае займацца «рэальнай» амэрыканскай дабрачыннасьцю. Выдае й адмаўляе ў атрыманьні «чароўных» араўскіх пасылачак.

вернуться

86

Пераклад арыгінальнага англамоўнага ліста. Пераклад усіх дакумэнтаў на беларускую ў кнізе зроблены з архіўных першакрыніцаў і публікацыяў з мовы арыгіналу.

вернуться

87

Месяцам раней, у красавіку 1924, «Известия» паведамілі пра арышт былых супрацоўнікаў АРА ў Кіеве. Іх абвінавачвалі ў шпіянажы ў абмен на ежу. Вядомы прасавецкімі сымпатыямі карэспандэнт газэты «New York Times» Ўолтэр Дуранты, які працаваў у Маскве ў 1920–1930, пісаў пра гэты пэрыяд:

«Пасьля ад’езду АРА летам 1923 значная колькасьць мужчынаў і жанчын, якія зьяўляліся чальцамі камітэтаў АРА альбо працавалі ў іншай якасьці, былі арыштаваныя ГПУ. Наркамат замежных справаў у Маскве даў крыху наіўнае тлумачэньне. Там сьцьвярджалі, што ГПУ сачыла за арыштаванымі ўжо пэўны час з той ці іншай прычыны, але ўстрымлівалася ад арышту, каб не ствараць напружаньня з амэрыканцамі й выконваць (Рыскае) пагадненьне. Аднак калі АРА скончыла працу й пакінула Расею, не было больш падставаў, чаму гэтыя “нягоднікі” й “контрарэвалюцыйныя элемэнты” павінны мець ранейшы імунітэт».

Больш за 100 000 чалавек працавалі для АРА, і Дуранты далей піша, што сярод гэтых людзей «верагодна, была значная колькасьць такіх, якія злоўжывалі сваім становішчам у той ці іншы спосаб і наагул зрабілі дастаткова, каб апраўдаць дзеяньні ГПУ».

У 2004 у ЗША была зроблена спроба пасьмяротна пазбавіць Дуранты прэстыжнай Пуліцэраўскай прэміі, якую ён атрымаў за рэпартажы з Савецкага Саюзу. Камісія прызнала, што матэрыялы не адпавядаюць стандарту дакладнасьці (Дуранты «не заўважыў» галадамору ва Ўкраіне).