Выбрать главу

У менскай канторы АРА пераклалі тэкст на ангельскую, адправілі ў Маскоўскую штаб-кватэру й забыліся. Аднак у даведкі знайшліся зацікаўленыя чытачы без агранамічнай адукацыі — у ГПУ. Вынікі вывучэньня гаспадарчай гісторыі Беларусі чэкістамі сталі вядомыя праз год, на судовым працэсе.

Кацярына Румянцава пацьвердзіла, што сапраўды прасіла прафэсара Кацавурава напісаць даведку, і патлумачыла, што старалася здабыць зьвесткі вылучна ў інтарэсах Беларусі, якой прызначалася дапамога. Аднак суд нядоўга займалі агранамічныя таямніцы.

«Звезда» пісала:

На судзе адразу высьвятляецца ўвесь цынізм «дабрачыннай дзейнасьці» АРА, якая патрабавала ад атрымальніка бясплатнае пасылкі ўдзячны ліст. І вось гэтыя змушаныя лісты з «сардэчнаю падзякаю» пасьля друкаваліся ў амэрыканскай прэсе й стваралі рэкляму АРА. Вось які амэрыканскі спосаб афішаваньня.

Менш чым за год да выкрыцьця амэрыканскага цынізму ў Менску Савет народных камісараў у Маскве замовіў мастаку Томскаму мастацкі твор — пастанову СНК з нагоды ад’езду АРА належала аформіць у колеры й арнамэнце як падзячны ліст. Пастанова пачыналася ўрачыста:

У часы велізарнага стыхійнага бедзтва амэрыканскі народ у асобе АРА адгукнуўся на патрэбы змучанага інтэрвэнцыяй і блякадай насельніцтва абласьцей Расеі й саюзных рэспублік і прыйшоў самаахвярна яму на дапамогу, арганізаваўшы ў шырокім маштабе падвоз і разьмеркаваньне харчу й іншых рэчаў першай неабходнасьці. Дзякуючы велізарным, цалкам бескарысьлівым намаганьням АРА, мільёны людзей усіх узростаў былі ўратаваныя ад сьмерці й цэлыя паселішчы й нават гарады ацалелі ад страшнай катастрофы, што ім пагражала.

10 ліпеня 1923 подпісы пад падзякай паставілі кіраўнікі савецкага ўраду — намесьнік старшыні СНК Каменеў, кіраўнік справаў Гарбуноў і сакратар Фоціева. Празь дзесяць месяцаў у Менску мясцовыя ўлады вялі сваю размову з былой супрацоўніцай АРА. «Звезда» пісала:

На пытаньне старшыні да Румянцавай, як цяпер яна глядзіць на Савецкую ўладу, Румянцава з гонарам адказвае:

— Хоць я належу да клясы, варожай пралетарыяту, цяпер я «спачуваю» Савецкай уладзе. Пералом у мяне адбыўся, калі я была ў палоне ў Дзянікіна. Я там бачыла столькі беззаконьня да сябе й іншых, што, сапраўды, адзіная рэальная ўлада — гэта Савецкая ўлада.

Пракурор рэагуе:

Прадстаўнік абвінавачаньня т. Шаранговіч, прааналізаваўшы жыцьцё й «дзейнасьць» Румянцавай, прыходзіць да высновы, што яна — вораг Савецкай улады, заўсёды зь ёй будзе змагацца, і таму патрабуе для яе найвышэйшую меру пакараньня — расстрэл.

Невядома, якія аргумэнты прывялі адвакаты ў абарону былой інспэктаркі, — у газэтнай справаздачы пра гэта ані слова. Пра аўтара агранамічнага агляду «Звезда» пісала:

Абарона ў асобах Ліцьвіна й Жылінскага падкрэсьлівала, што справаздача Кацавурава ніякае шкоды Савецкай уладзе не прынесла, што яна была напісаная несьвядома й бескарысьліва, і патрабавала для сваіх падабаронных аслабкі. Кацавураў у 1906 годзе сядзеў год у турме за ўдзел у сялянскім паўстаньні й таму заслугоўвае палёгкі.

Вышэйшы суд засудзіў Румянцаву да дзесяці гадоў ДОПРу[88] са строгай ізаляцыяй і Кацавурава да пяці гадоў ДОПРу са строгай ізаляцыяй, а таксама пазбавіў правоў Румянцаву на пяць гадоў, а Кацавурава на тры гады. Пасьля адбыцьця пакараньня абодва падлягалі высяленьню з прыфрантавой паласы на тры гады.

18 траўня справаздачу пра менскі суд зьмясьцілі маскоўскія «Известия». Дабрачынная дапамога ад капіталістаў супярэчыла тэорыі непрымірымай клясавай барацьбы. Падзяка амэрыканцам, падпісаная Каменевым, падлягала дэзавуацыі. Беларуская справа давала выдатную нагоду. Загаловак у цэнтральнай газэце быў палітычна й клясава на парадак вышэйшы за менскі: «Шпіёны АРА ў ролі філянтропаў».

Паведамленьне пра менскі суд перадалі амэрыканскія агенцтвы, і яго надрукавала газэта «New York Times». Кіраўнік АРА Гербэрт Гувэр быў моцна абураны арыштамі. У інтэрвію ён заявіў:

Пакуль нашыя памочнікі знаходзяцца ў няволі, гэта будзе ствараць непераадольны бар’ер для любых размоваў пра аднаўленьне афіцыйных сувязяў.

…У сьнежні 1922 Кацярына Румянцава наведала незвычайны дзіцячы дом на вуліцы Падгорнай, 35 у Менску. Там пад апекай гараддзелу аховы здароўя знаходзіліся паўсотні хворых на сухоты дзяцей, якія атрымлівалі амэрыканскія рацыёны. Інспэктарку ўзрадавалі сьветлыя й чыстыя пакоі, зручная мэбля й надзвычайная чысьціня, яна ў захапленьні пісала пра любоў і клопат, якімі былі атуленыя дзеці. У канцы Румянцава прызнавалася:

вернуться

88

ДОПР — Дом прымусовых работ.