Выбрать главу

Я была асабліва ўражаная карцінаю, якую намалявала 10-гадовая дзяўчынка. На карціне селянін, які заблукаў у завірусе, далёка на гарызонце ён бачыць слабое сьвятло й ідзе на яго, сьнег сьлепіць яму вочы, ён падае, зноў падымаецца й ідзе.

— Што ты хацела сказаць сваёй карцінай? — спытала я дзяўчо.

— Сьвятло — гэта здароўе, і за яго мы з дапамогай лекараў і настаўнікаў вядзём змаганьне.

Злучаныя Штаты не прызнавалі Савецкага Саюзу ні за прэзыдэнтам Гардынгам, ні за ягоным наступнікам Куліджам і ні тады, калі Гувэр сам заняў Белы дом — аж да 1933 году.

Якраз тады меў скончыцца дзесяцігадовы тэрмін зьняволеньня інспэктаркі Менскай акругі АРА Кацярыны Румянцавай.

30

Пасьля Беларусі: адрасы й лёсы

Джон Анкер. — Рэйманд Брэнд. — Фрэнк Вілі. — Доналд Гардзі. — Рэлф Герц. — Доналд Ліндсэй. — Джон Мэйтланд. — Г'ю Рамсэй. — Сэдрык Сьміт. — Чарлз Ўілабі. — Джордж ІІІрэмэл

Перад Калядамі 1923 году ў Нью-Ёрку выйшла новае выданьне — бюлетэнь «Хто дзе ў АРА». Публікацыю адкрывала папярэджаньне:

Гэтае дасьледаваньне мінулага, сучаснасьці й будучыні вэтэранаў АРА поўнае памылак. Шмат імёнаў, якія трэба было б уключыць, адсутныя, а тыя, што ёсьць, напісаныя з памылкамі. Адрасы, верагодна, ужо несапраўдныя. Навіны недакладныя й аднабаковыя. Нягледзячы на ўсе гэтыя недахопы, мэта публікацыі вышэйшая за ўсе папрокі.

Нягледзячы на папярэджаньне аб недакладнасьці зьвестак, я вырашыў паспытаць шчасьця й на падставе апублікаваных зьвестак напісаць лісты нашчадкам арамітаў, якія працавалі ў Беларусі[89]. Пасьля жорсткага адбору ў розныя куткі ЗША я адправіў каля дзьвюх сотняў лістоў:

Шаноўны спадар!

Як дасьледнік Гувэраўскага інстытуту, што ў Стэнфардзкім унівэрсытэце, я займаюся вывучэньнем дзейнасьці АРА. Вашае прозьвішча супадае зь імем супрацоўніка АРА, які працаваў у Беларусі ў 1922–1923 гадох. У архівах Гувэраўскага інстытуту мною знойдзеныя зьвесткі пра гэтую асобу. Калі вы альбо нехта з вашай сям’і нешта ведаеце пра гэта, пільна прашу паведаміць. Калі не, прабачце за клопат.

Пакуль пошта развозіла мае пасланьні й незнаёмыя адрасаты ў розных штатах са зьдзіўленьнем разгортвалі лісты з Каліфорніі, я нумар за нумарам гартаў бюлетэнь АРА й чытаў вясёлыя рэдакцыйныя камэнтары, допісы і ўспаміны.

Ужо з архіўных дакумэнтаў 1922–1923 гадоў пра дзейнасьць АРА ў Беларусі вынікала, што трое амэрыканцаў — Фрэнк Вілі, Г’ю Рамсэй і Джордж Шрэмэл — вярталіся дадому разам з жонкамі, якіх знайшлі ў Менску й Гомелі. Была няпэўная інфармацыя, быццам кіраўнік Менскай акругі Чарлз Ўілабі ўсынавіў дваіх дзетак зь сіроцкага дому. Сустракаліся сьведчаньні, што кіраўнік Гомельскай акругі Джон Мэйтланд пазьней наведваў Беларусь. Аднак гэтыя зьвесткі былі няпоўныя і ўскосныя.

Бюлетэнь АРА друкаваўся больш за чатыры дзесяцігодзьдзі, апошні нумар выйшаў у 1965 годзе, калі памёр Гербэрт Гувэр. Бюлетэнь даваў магчымасьць заглянуць наперад — у мінулае.

Кожны нумар меў разьдзел пад назовам «Хто дзе й чаму». Рэдакцыя заклікала арамітаў пісаць лісты, паведамляць зьвесткі пра калегаў і зьмяшчала фрагмэнты допісаў паводле альфабэту:

Бюлетэнь выпушчаны зь верай у тое, што ўдзел у працы АРА для нас азначаў болей, чым простае сяброўства ў вясковым аркестры з дудкамі й барабанам. Сяброўствы й знаёмствы, якія завязаліся падчас гэтай працы, — больш чым звычайныя сустрэчы.

Самы першы нумар пачынаўся прозьвішчам чалавека, які працаваў у Беларусі:

Джон Анкер,
кіраўнік Віцебскай акругі,
студзень — ліпень 1922

1923, сьнежань. Пасьля Віцебску Айкер ніколі ўжо ня быў такім, як раней[90]. Мы гэта разумеем. Ён правёў лета, спрабуючы вылечыцца ад «беларускай хваробы» на моўных курсах у Біярыцы, а цяпер знаходзіцца ў Оксфардзе. Спадзяёмся, з прычыны свайго акцэнту. Ён дазволіў сабе вучобу там не дзякуючы заробкам у АРА, а на свае ранейшыя капіталы.

1926, сьнежань. Джон займае пасаду сакратара партовай кампаніі ў Лос-Анджэлесе, займаецца афармленьнем даставаў жывёлы. Ён піша:

вернуться

89

Некалькі дзён запар у бібліятэцы Стэнфардзкага ўнівэрсытэту я запускаў адмысловую пошукавую сыстэму кампутэрнай сеткі, пераглядаў тэлефонна-адрасныя кнігі гарадоў, дзе маглі жыць нашчадкі беларускае каманды АРА, і выдрукоўваў адрасы. Складанасьць палягала ў тым, што на прозьвішча Сьміт, напрыклад, кампутар выдаў 27 тысяч імёнаў — нават з улікам геаграфічных абмежаваньняў. Пазьней, у Бібліятэцы Кангрэсу ЗША, я працягваў пошукі ў розных базах зьвестак, пераглядаў газэтныя нэкралёгі, сьпісы пахаваных на могілках. Тое-сёе ўдалося ўдакладніць, але галоўныя знаходкі магчымыя, калі будуць выстаўленыя ў інтэрнэт зьвесткі ўсіх агульнанацыянальных перапісаў насельніцтва ЗША (пакуль апошні перапіс, да якога ёсьць доступ, — 1930).

вернуться

90

Летам 1922 Айкер быў пераведзены на працу на Волгу, а ў лютым 1923 узначаліў Харкаўскую акругу АРА. Ад’езд Айкера ў траўні з Харкава, які быў сталіцай Украіны, стаў супрацьлегласьцю ягонага разьвітаньня зь Віцебскам:

«Сп. Ракоўскі, прэзыдэнт Украіны, сказаў Айкеру, што праца АРА была вельмі значнай дапамогай Харкаву й папрасіў яго перадаць падзяку ўкраінскага ўраду амэрыканскаму народу».