1925, кастрычнік. Пасьля двух гадоў працы ў Вашынгтоне ў якасьці карэспандэнта газэты «Saint Louis Post-Dispatch» выправіўся на павольным караблі наведаць знаёмыя мясьціны ў Оксфардзе й Парыжы, зь якімі ён мае інтымныя стасункі. Калі падарожжа мае на мэце нешта апроч адпачынку, дык мы падазраём, што гэта папаўненьне калекцыі францускай літаратуры й гравюраў.
1926, сьнежань. 11 верасьня ў Балтымары Рэйманд ажаніўся з Адэляй Гарысан.
1931, люты. Як карэспандэнт газэты Сэнт-Луісу, сп. Брэнд, натуральна, больш цікавіцца рэвалюцыямі ў нас, чым у Паўднёвай Амэрыцы.
1934, ліпень.
Анкета бюлетэня АРА: Калі б вы мелі выбар, памятаючы досьвед АРА, што б вы выбралі — вайну, голад, забарону алькаголю, дэпрэсію ці проста рэвалюцыю? — Проста рэвалюцыю.
1935, сакавік. Адзін з нашых найшчырэйшых карэспандэнтаў, якога ў рэдакцыйным артыкуле «Saint Louis Post-Dispatch» называюць «Чалавек навінаў нумар адзін», абраны прэзыдэнтам Нацыянальнага прэс-клюбу ў Вашынгтоне; загадвае там карпунктам «SLPD», ён піша:
«Гаворачы праўду, мушу прызнаць, што больш сымпатызую цяперашняй адміністрацыі Рузвэлта, чым ураду Шэфа».
1936, лістапад. Хаця ўладальнік «SLPD» раней належаў да дэмакратычнай партыі, а цяпер газэта памяняла ўласьніка, Брэнд не мяняе арыентацыю як сланечнік.
1946, студзень. Брэнд мінулае вясны атрымаў першую памятную ўзнагароду імя Рэйманда Клэпэра:
«У год, калі было шмат перашкодаў для свабоднага руху навінаў, ён безупынна, сьвядома й з зайздросным майстэрствам намагаўся даваць праўдзівую й глыбокую справаздачу пра грамадзкія й палітычныя кірункі ў сталіцы».
Прэзэнтацыя адбылася на штогадовай вячэры асацыяцыі карэспандэнтаў Белага дому, на якой прысутнічалі прэзыдэнт Рузвэлт і іншыя ўрадавыя й вайсковыя кіраўнікі.
1965, травень. Супрацоўнік «Saint Louis Post-Dispatch».
1923, сьнежань. Ажаніўся з маладой лэдзі зь Менску й інтэнсіўна вывучаў трахому. Гэта адзіныя дзьве падказкі, якія мы маем для пошукавай каманды.
1926, сьнежань. У адным з выпускаў Вілі быў пазначаны як зьніклы бязь вестак. Ягоныя сябры па Менску здолелі прасачыць сьляды да гораду Мэдыны, штат Нью-Ёрк, дзе ён мае мэдынную практыку як оталярынголяг. Ягонай жонцы зь Беларусі ЗША падабаюцца, і яны нарадзілі двух сыноў, каб разам радавацца жыцьцю. Мы афіцыйна адклікаем сыгнал SOS.
1923, сьнежань. Мы ведаем, чым Доналд Гардзі займаецца, але ня можам сказаць, бо прысягнулі трымаць у сакрэце. Аднак гэта ў межах закону й па-свойму сумленны занятак. Што сапраўды важна — прыбытковы.
1925, кастрычнік. Наколькі мы разумеем, ён займаецца нечым, зьвязаным з рэклямай у фарбавай прамысловасьці. Сёлета быў заўважаны за гульнёй у гольф і плаваньнем. Наведнікі ў ягоным доме заўсёды жаданыя госьці незалежна ад таго, гуляюць яны ў брыдж ці не.
1926, люты. Доналд піша з Гамбургу, з прадстаўніцтва кампаніі «General Motors»:
«У мяне сапраўдная праца й таксама сапраўдныя перашкоды, якія трэба пераадолець. У офісе працуе сорак чалавек і сем у рэгіёнах. Паводле праграмы мы павінны прадаць ад 6 да 8 тысяч аўтамабіляў у 1926 годзе. Кошт жыцьця ў Гамбургу вышэйшы за амэрыканскі, асабліва дарагія ежа й жыльлё. Марка выглядае як і раней, але каштуе толькі чвэрць даляра. Гэта няправільна!»
1928, ліпень. Доналд піша, што патрабаваньні працы ў прадстаўніцтве прывязваюць яго да аднаго месца, але дадае неяк непасьлядоўна, што абавязкі клічуць яго ў падарожжа ў Расею.
1929, люты. Вярнуўся з Эўропы й паведамляе больш дэталяў пра свайго сябра зь Менскай акругі АРА Ралфа Герца, чым мы маглі вычытаць зь лістоў самога лекара Герца цягам месяца, быццам бы ён складаўся з адных нядзеляў.
У 1930-я гады Доналд Гардзі працуе ў «General Motors» і шмат падарожнічае па Цэнтральнай Эўропе й Афрыцы. У 1941 ён вяртаецца ў ЗША.
1941, красавік. «Вельмі добра быць дома. Першае ўражаньне — як шмат усяго: рознай ежы, аўтамабіляў, бэнзіну, дамы з ацяпленьнем і іншыя выгоды жыцьця. Наступнае ўражаньне — мы мала цэнім, разумеем і цікавімся тым, што адбываецца ў Эўропе й сьвеце. Мы няблага інфармаваныя, але маем тэндэнцыю паглыбляцца ў свае мясцовыя інтарэсы й асабістыя справы. На маю думку, трэба было даўно заняць цьвёрдую пазыцыю ў міжнародных справах і вытрымліваць яе да канца. Усё па-вар’яцку пераплялося, і перад тым як стане лепш, будзе горш. Мы ў Штатах атрымаем сваю долю бяды — ці гэта будзе ў выглядзе вайсковай акцыі, ці эканамічнага ціску. Ніхто не заплаціць па нашым рахунку за нас»[91].
91
Зьвесткі пра першага кіраўніка Менскай акругі рэгулярна, ня менш разу на год, зьяўляюцца ў бюлетэні АРА й пасьля вайны — ён надалей працуе ў Лёндане прадстаўніком «General Motors», шмат падарожнічае, сустракаецца з арамітамі.