Выбрать главу

1932, кастрычнік. «Файна выплываю ў гэтыя часы, што завуцца дэпрэсіяй. Насамрэч я больш заняты й працаваў летась як ніколі раней. Інакш кажучы, мой прыемны 8-гадзінны працоўны дзень ператварыўся ў 12 гадзінаў напружанай працы. Удалося падвоіць леташні гадавы даход і ўтрымацца ад небясьпекі патрапіць у чырвоную зону. Мая цудоўная кватэра-бунгала з мноствам розных ультрамадэрных выгодаў дабудаваная, і мы ўехалі туды разам з хлопцамі. Во! — як нам падабаецца! Адчуваю сябе падцягнутым як скрыпка й сьвежым як рамонак — і гэтаксама мая сям’я. Цяпер, як я ўладкаваўся, зьдзімаю пену з халоднага куфля цудоўнага піва «шліц» — на здароўе!»

1944, студзень. Ліст на блянку з выявай канарэйкі й тытулам «Зарэгістраваны настаўнік сьпеваў» і пячаткай.

«Пайшоў мой дваццаты год бугальтара ў бровары, і кожны раз у дзень заробку я падзяляю яго на дзьве часткі — на ваенны заём і на падаткі, але заўсёды неяк даю рады. Чыстапародныя сьпеўныя канарэйкі — маё хобі. Найлепшыя пажаданьні ўсім арамітам Менскага рэгіёну — д’ябальскае месца быць там цяпер»[96].

1949, студзень. «Адна з найвялікшых падзеяў майго жыцьця — набліжэньне 25-й гадавіны шлюбу з маленькай дзяўчынай, якую я сустрэў у Менску. Мы плянуем адправіцца ў працяглае падарожжа па ціхаакіянскім узьбярэжжы наступнай восеньню. Таксама ў жніўні будзе 25 гадоў маёй працы бугальтара ў бровары. У мяне двое дарослых сыноў, абодва высокія й прыгожыя, старэйшы вучыцца ў коледжы. Маё хобі — сівагракі. За апошнія 25 гадоў я таксама ўведаў больш чым звычайна пра сьпевы сівагракаў, і цяпер я сэртыфікаваны судзьдзя Асацыяцыі канарэйкавых судзьдзяў і лічуся адным з найлепшых міжнародных судзьдзяў сівагракаў. Хобі несапраўднае, калі вы ня ёсьць ягоным нявольнікам, — ці ня так?»

…Тэлефонная размова з сынам Джорджа Шрэмэла Горданам нагадала, што сьвет ня такі ўжо вялікі й падзеі аднаго лёсу часам рэхам гучаць у іншым:

У нашай сям’і зь Беларусьсю зьвязана яшчэ адна гісторыя. Мой брат Доналд таксама ажаніўся зь дзяўчынай зь Менску — ужо пасьля вайны. Гэта быў трагічны шлюб — яна была ў канцлягеры, і гэта яе прыгнятала. Яна скончыла самагубствам.

…Нягледзячы на ўдары лёсу, супрацоўнік беларускай акругі АРА Джордж Шрэмэл і ягоная менская жонка не гублялі аптымізму. Ён пісаў у бюлетэнь АРА:

1959, красавік. «Усё ў парадку, здароўе добрае — мне падабаецца цяжкая праца. Мінулым летам правялі адзін месяц на ціхаакіянскім узьбярэжжы, у Сан-Францыска й Оклэндзе, і падарожнічалі па ваколіцах. Найлепшыя пажаданьні ўсім зь менскага штабу АРА».

1965, травень. Вось чалавек, які ня пойдзе на пэнсію зусім, калі зможа:

«Ва ўзросьце 65 гадоў пайшоў на пэнсію з бровару, здаў экзамэн і апошнія пяць гадоў працую ў фінансавым аддзеле муніцыпалітэту Мілўокі. Цяпер я набліжаюся да 70, і зноў перада мной абавязковая пэнсія. Шкада, бо я надзвычай актыўны й фізычна ў добрай форме. Маю энэргіі й амбіцыяў гэтулькі, што будзе цяжка запаволіцца пасьля сапраўднага выхаду на пэнсію. Некалькі гадоў займаюся фатаграфіяй, на апаратуры вялікага фармату, і стаў сябрам фатаграфічнага таварыства Амэрыкі. Я ўпэўнены, што іншыя сябры АРА шкадуюць разам са мной з нагоды спыненьня выхаду бюлетэня АРА».

…Ганна Пылкоўская, менская жонка Джорджа Шрэмэла, памерла ў 1974 годзе. Сам араміт Джордж Шрэмэл перажыў яе амаль на пятнаццаць гадоў — ён памёр у 1988 годзе ва ўзросьце 93 гадоў.

х х х

Зьвесткі, зафіксаваныя ў бюлетэні АРА, розьняцца й аб’ёмам, і частатой зьяўленьня, і ахопам часу. Прозьвішчы двух супрацоўнікаў Віцебскай акругі, Эдварда Рэмі й Джона Макмілана, увогуле ня згадваюцца. Загадкай застаецца праца Джона Мэйтланда ў Гомелі. Чаму? Хацеў дапамагчы новаму будаўніцтву, не хацеў адразу вяртацца ў Амэрыку, ці была там якая-небудзь рамантычная гісторыя?.. Якіх дзяцей усынавіла ў Менску спадарства Ўілабі?.. Дзе цяпер нашчадкі менскай дзяўчыны, якая выйшла замуж за лекара Вілі?.. Як склаўся лёс гомельскай жонкі дыплямата Рамсэя?..

Многія падрабязнасьці беларускага пэрыяду АРА схаваныя ў мясцовых архівах, дагэтуль зачыненых для дасьледнікаў. Не адшукаліся пакуль усе нашчадкі беларуска-амэрыканскіх сем’яў.

Хто ведае, калі-небудзь і яны змогуць наведаць Беларусь, дзе пачыналася гісторыя іхных сем’яў — і ім будзе чым ганарыцца.

вернуться

96

Джордж Шрэмэл меў вайсковы досьвед — быў старэйшым сяржантам у часе першай усясьветнай вайны, ваяваў у Францыі. «Д’ябальскае месца» — даволі блізкая да рэальнасьці ацэнка Менску ў 1944. Праз год старэйшы сын араміта Шрэмэла, Гордан, сам апынецца ў д’ябальскім месцы: у складзе амэрыканскага войска ён будзе ў Хірасіме. Малодшы сын, Доналд, будзе ваяваць у Карэі. Абодва сыны мянчанкі Ганны Пылкоўскай і супрацоўніка АРА Джорджа Шрэмэла вернуцца са сваіх войнаў дахаты.