Выбрать главу

Польскі народ зьведаў блаславеньне вялікамаштабнае дапамогі ў часы нацыянальнай пакуты й хоча ўнесьці свой уклад у палёгку для Расеі. Хаця Польшча шмат гадоў была пад прыгнётам расейскага ярма, польскі народ адчувае, што дрэннае абыходжаньне было выкліканае пераважна расейскімі ўладамі, а не расейскім народам…

У Варшаве Скірмунта абвінавачвалі ў наіўнасьці й крытыкавалі за такі жэст, але дзякуючы яму Польшча здолела вырашыць важныя пытаньні. Праз пасярэдніцтва АРА было нарэшце падпісанае польска-расейскае чыгуначнае пагадненьне.

Пагадненьне адкрывала дарогу рэпатрыяцыі й палягчала вяртаньне з Расеі дадому сотням тысяч уцекачоў Першай усясьветнай вайны[22].

4

Вашынгтон — Масква: хлеб для бальшавікоў

Першая спроба дапамогі. — Другая спроба. — Арышт араўцаў у Менску. — За хлебам з кулямётам. — Голад у Паволжы. — Зварот Горкага. — Умовы Гувэра. — Рыскае пагадненьне. — Першыя ўрокі

Гербэрт Гувэр бальшавікоў не любіў. Аднак лічыў сваім абавязкам дапамагаць усім галодным і хворым — што аказалася зусім ня проста.

Яшчэ ўвесну 1919 ягоны плян перанесьці працу дабрачынных арганізацыяў з заміранай Эўропы ў Расею, дзе шалела грамадзянская вайна, быў абмеркаваны і ўзгоднены з кіраўнікамі так званай Рады чацьвёркі — ЗША, Італіі, Францыі й Вялікабрытаніі. У адказ выбухнула бура крытыкі.

Францускі друк тлумачыў плян Гувэра пошукамі рынку збыту для амэрыканскіх фэрмэраў і жаданьнем захапіць важныя канцэсіі ў расейскай эканоміцы. Белая эміграцыя вінаваціла АРА ў маральнай і матэрыяльнай падтрымцы бальшавіцкага рэжыму, які вось-вось мусіў сканаць. Лёнданскія кансэрватары ацэньвалі плян як заахвочваньне крыміналу, здраду сябрам і пачатак усясьветнай анархіі. Нью-ёрская прэса выказвала здагадку, што насамрэч дапамога будзе скіраваная контрарэвалюцыянэрам і ёсьць часткаю таемнае антыбальшавіцкае апэрацыі. Адказваць на савецкую пагрозу мірам і хлебам, пісала іншая амэрыканская газэта, было ўсё роўна што «гладзіць шалёнага бальшавіцкага сабаку па галоўцы й спрабаваць пасябраваць зь ім».

Прапанова дапамогі тымчасам была адкінутая бальшавікамі. Наркам замежных справаў Чычэрын ад імя ўраду вітаў гуманітарную частку пляну. Але катэгарычна не прыняў умовы: спыненьне ўсіх ваенных дзеяньняў варожых бакоў, руху войска ды тэхнікі. Савецкі ўрад лічыў, што пералом у грамадзянскай вайне ўжо адбыўся, канчатковая перамога блізкая й замірэньне пойдзе на карысьць белай арміі й акупацыйным войскам. Саветы настойвалі на наўпроставых перамовах зь дзяржавамі Антанты.

Гувэр быў схільны далей шукаць спосабы дапамогі. З увагі на тагачасную грамадзкую й палітычную сытуацыю ў Расеі ён скептычна ацэньваў шанцы саюзьнікаў у змаганьні з бальшавікамі й прадказваў паразу контрарэвалюцыйных сілаў. Аднак міністар замежных справаў Францыі Стэфан Пішон катэгарычна не пагадзіўся з Гувэрам і заявіў, што падзеньне бальшавіцкага рэжыму непазьбежнае й гэта пытаньне толькі часу. Гэтак у траўні 1919 скончылася першая спроба дапамогі.

Наступнае кантактаваньне АРА й бальшавікоў адбылося праз год і мела больш практычны характар, чым хацелася б АРА. У канцы красавіка 1920 пачалася польска-савецкая вайна. Польскае войска хутка ўзяло Кіеў, але неўзабаве мусіла адступіць аж да Варшавы. Праца АРА на тэрыторыі баявых дзеяньняў была перарваная. Спробы дамовіцца з бальшавіцкім урадам аб працягу дзейнасьці АРА на занятай Чырвонай арміяй тэрыторыі плёну не прынесьлі. Аднак у сярэдзіне жніўня пачаўся кантранаступ польскага войска, і чырвоныя часткі імкліва адступілі.

17 жніўня ў Менску пачаліся польска-расейскія мірныя перамовы. Разам з афіцыйнай дэлегацыяй у Менск прыбылі два супрацоўнікі АРА — Морыс Пэйт і Гершэл Ўокер. Раней на адрас менскіх уладаў была адпраўленая тэлеграма, якая папярэджвала пра візыт араўцаў.

Аднак у Менску Пэйт і Ўокер былі арыштаваныя разам з чальцамі польскае дэлегацыі.

Пасьля трох дзён зьняволеньня амэрыканцам удалося адправіць тэлеграму пратэсту на імя наркама замежных справаў Чычэрына. Яшчэ праз тры дні араўцы былі вызваленыя й выехалі ў Маскву. Трэба было вырашыць два пытаньні: дамовіцца, як надалей харчаваць 200 тысяч дзяцей у Беларусі і Ўкраіне на ўсход ад лініі Керзана, і высьветліць патрэбы ў дапамозе дзецям у цэнтральнай Расеі.

вернуться

22

Сярод тых, хто тады змог вярнуцца на радзіму пасьля эвакуацыі ў Сібір, была й мая бабуля Ярына з бацькамі, сёстрамі й братам. У родную вёску Рагозна тады ж вярнуўся з заробкаў у Амэрыцы Васіль Лукашук, і неўзабаве яны пабраліся. У 1929 нарадзіўся мой бацька. Калі яму пайшоў дванаццаты год, сям’і вызначылі маршрут у Сібір другі раз — першыя саветы пачалі ў Заходняй Беларусі калектывізацыю й раскулачваньне. Пасьля паўторнага падарожжа хіба ўжо ніхто з ГУЛАГу не вярнуўся б — але Сталін не пасьпеў.