Выбрать главу

31

Забыты подзьвіг: будзе праспэкт АРА й пляц Гувэра

Абдымкі па-беларуску. — Кароткая ўдзячнасьць. — Дывэрсія пад сьцягам АРА. — Чэкісцкая творчасьць. — Аняменьне акадэмікаў. — Тоны, даляры, працэнты. — Недапісаная энцыкляпэдыя

Бабулька з палескай вёскі, якая прыйшла ў склад АРА па харчовую пасылку, не магла паверыць, што нічога ня трэба плаціць. Недаверліва выслухаўшы тлумачэньні амэрыканцаў, яна пакорпалася ў сваёй вопратцы, асьцярожна выцягнула адно за адным тры курыныя яйкі й пакаціла іх па стале. Гаралд Фішэр, афіцыйны гісторык АРА, прыводзіць гэты эпізод у сваёй кнізе «Голад у савецкай Расеі». Ён зазначае, што ўдзячнасьць, якую беларускія атрымальнікі дапамогі ўзносілі Богу й АРА, нават замінала:

Вялікая група асобаў, якія, укленчыўшы, узносяць малітву ўдзячнасьці ў памяшканьні, перапоўненым наведнікамі, звычайна ўскладняла справы, а спробы ўдзячных людзей абдымаць супрацоўнікаў і кладаўшчыкоў перашкаджалі працы, нават калі ўлічыць, што ў гэтай краіне абдымаюцца значна часьцей, чым у Амэрыцы.

Афіцыйныя абдымкі з амэрыканцамі, аднак, не заахвочваліся. Зьвесткі пра АРА ў савецкіх энцыкляпэдыях зьявіліся ў 1926 годзе. Першая савецкая энцыкляпэдыя пад рэдакцыяй яшчэ не расстраляных камуністычных правадыроў Бухарына, Ларына, Радэка зьмясьціла вялікі, на ўсю старонку інфармацыйны артыкул пра дзейнасьць АРА — з падрабязнай статыстыкай, коштамі, відамі дапамогі, калярыйнасьцю рацыёнаў. 10 мільёнаў чалавек адначасова харчавалі амэрыканцы ў пік апэрацыяў.

Гэта была першая й апошняя ў XX стагодзьдзі энцыкляпэдычная публікацыя пра АРА, дзе прыводзіліся факты. Праз два гады выйшла Малая савецкая энцыкляпэдыя. Артыкул «АРА» пачынаўся кароткай канстатацыяй:

У Савецкай Расеі АРА працавала падчас голаду 1921. Дапамога, якую аказвала АРА, складалася з забесьпячэньня харчам, мэдыкамэнтамі й прадметамі першай неабходнасьці (гл. Голад)[97].

Затым ішло тлумачэньне:

Пад выглядам дабрачыннасьці АРА мела магчымасьць, разам з тым, садзейнічаць аслабленьню ў Амэрыцы крызісу збыту тавараў, якія былі нарыхтаваныя ў велізарных памерах для патрэбаў імпэрыялістычнай вайны.

Арыгінальная тэза пра дапамогу амэрыканцаў самім сабе будзе паўтарацца ва ўсіх наступных энцыкляпэдыях і кнігах да канца XX ст.

Другое выданьне Вялікай савецкай энцыкляпэдыі выйшла ў 1950 годзе — у ім АРА ператварылася ў палітычную арганізацыю для барацьбы з рэвалюцыйным рухам, вядзеньня выведкі, дапамогі белагвардзейцам. У энцыкляпэдычным артыкуле няма ані слова пра дапамогу галодным, затое шмат словаў пра шпіёнска-падрыўныя контрарэвалюцыйныя дзеяньні АРА й пра рашучы пратэст шырокіх масаў працоўных.

Энцыкляпэдыі, якія выходзілі ў СССР у 1960–1970 гады, за часам Хрушчова й Брэжнева, паўтаралі высновы пра варожую дзейнасьць АРА. Пры Андропаве ратаваньне галодных было канчаткова перакваліфікаванае ў шпіёнска-дывэрсійную акцыю. У 1985 годзе выдавецтва «Политиздат» выпусьціла кнігу Аляксандра Палякова «Диверсия под флагом помощи». У анатацыі гаворыцца:

Аўтар гэтай мастацка-дакумэнтальнай кнігі — былы чэкіст. Ён расказвае пра тое, як пад кіраўніцтвам ленінскай партыі органы ВЧК-ГПУ змагаліся са спробамі выкарыстаць у 20-я гады Амэрыканскую адміністрацыю дапамогі Расеі, якая галадала, для падрыўной дзейнасьці супраць маладой Рэспублікі Саветаў. Кніга заснаваная на малавядомых архіўных матэрыялах і на асабістых уражаньнях аўтара — удзельніка многіх падзеяў, апісаных у аповесьці.

Разьдзел «Заходні бар’ер» мае падзагаловак «Санітарны кардон» і прысьвечаны Беларусі. «Заходняя мяжа Расеі павінна быць у агні!» — такую задачу кіраўнік АРА палкоўнік Гаскел ставіць перад новым рэзыдэнтам Барысавым, якога пасылае ў Менск:

Мэта АРА — распаўсюдзіць свой уплыў на памежную зону. Мы павінны, першае — забясьпечыць харчаваньнем і мэдыкамэнтамі паўстанцкія атрады, якія там дзейнічаюць, другое — знаходзіць і забясьпечваць харчаваньнем усе нацыянальныя мясцовыя групы: беларусаў, палякаў, габрэяў, якія актыўна дзейнічаюць супраць бальшавізму; і трэцяе — што асабліва важна — стымуляваць мясцовых рамесьнікаў, гандляроў і сялянаў на выступы супраць Савецкай улады з тым, каб яны перарасьлі ў шырокае паўстаньне, якое ахопіць усю памежную зону.

Рэзыдэнт, які насамрэч зьяўляецца гераічным супрацоўнікам ЧК-ГПУ, нагадвае, што ў Беларусі ўжо ёсьць дасьведчанае амэрыканскае кіраўніцтва. Гаскел тлумачыць:

вернуться

97

У другім томе гэтага выданьня (1929) у артыкуле «Голад» АРА яшчэ згадваецца:

«Была аказаная дапамога й замежнымі арганізацыямі (гл. АРА)».

Але у 1936 (3 т., 2 выд.) АРА ўжо наагул не знайшлося месца:

«Пасьля Кастрычніцкай рэвалюцыі савецкай уладзе зь першых жа дзён давялося весьці барацьбу з голадам, які быў вынікам контрарэвалюцыйнага супраціву буржуазіі й памешчыкаў. Найбольш цяжкім быў голад 1921–1922, што ахапіў 35 губэрняў, дзе галадала каля 40 мільёнаў чалавек. Гэты голад быў вынікам усясьветнай і грамадзянскай войнаў. Савецкая ўлада, мабілізаваўшы ўсю пралетарскую грамадзкасьць як у краіне, гэтаксама й за мяжой, канфіскаваўшы царкоўныя каштоўнасьці, здолела аказаць дапамогу й ліквідаваць наступствы голаду».