Напачатку 2004 году ў Менску выйшаў з друку 6 том (кніга ІІ) Энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі (ЭГБ). Там упершыню зьявіўся артыкул, прысьвечаны ААД — так у выданьні скарочана называецца Амэрыканская адміністрацыя дапамогі. Падрабязны, пабудаваны на фактах нарыс аднаўляе гістарычную справядлівасьць і ўпершыню аддае належнае ролі АРА ў Беларусі.
Удакладненьня патрабуюць хіба лічбы дапамогі. Аўтар энцыкляпэдычнага артыкула Ўладзімер Снапкоўскі, даючы агулам карэктную панараму дзейнасьці АРА, грунтуе яе на працы Алесі Кіпель «Амэрыканская адміністрацыя дапамогі (АРА) у Беларусі», апублікаванай у ЗША ў 1978 годзе. Аўтар двойчы піша, што сума дапамогі савецкім рэспублікам ў 1919–1924 гадох склала 63 мільёны даляраў і Беларусь атрымала 4,5 % гэтай дапамогі. (Так у А. Кіпель, на якую спасылаецца ЭГБ.)
Алеся Кіпель, у сваю чаргу, бярэ гэтыя лічбы з кнігі амэрыканскіх статыстыкаў Франка Сэрфэйса й Рэйманда Блэнда «Амэрыканскі харч ва ўсясьветнай вайне і ў пэрыяд рэканструкцыі». Гэтая праца прысьвечаная ўсёй дапамозе, ажыцьцёўленай пад кіраўніцтвам Гувэра ў 1914–1924. Гэтае дзесяцігодзьдзе падзеленае ў кнізе на чатыры пэрыяды, у рамках якіх і разьмеркаваныя падрабязныя статыстычныя зьвесткі. Апошні разьдзел «Пэрыяд рэканструкцыі» ахоплівае 1919–1924. Сюды, апроч іншага, уключана й дапамога Расеі — савецкім рэспублікам.
Задачы дасьледаваньня дзейнасьці АРА ў Беларусі патрабуюць вылучэньня двух асобных статыстычных масіваў. Першы — дапамога насельніцтву Беларусі, якое знаходзілася ў складзе Польшчы ў 1919–1922 гадох, і другі — дапамога насельніцтву Беларусі на падсавецкіх тэрыторыях ў 1922–1923 гадох.
Паводле падлікаў аўтара гэтых радкоў, на падставе аналізу зводных дакумэнтаў складавых апэрацыяў, ад траўня 1920 па красавік 1922 польская АРА разьмеркавала на тэрыторыі сучаснай Беларусі каля 15 тысяч 300 тон харчовай дапамогі на суму каля 3 мільёнаў 670 тысяч даляраў, а таксама вопратку: 150 тысяч 318 паліто, 133 тысячы 759 пар чаравікаў і 137 тысяч 522 пары панчохаў на суму каля 900 тысяч даляраў.
Што тычыцца другога пэрыяду, варта адзначыць, што праца АРА з савецкім урадам з нагоды голаду ў Паволжы пачалася не ў 1919 годзе, а ў верасьні 1921, пасьля падпісаньня пагадненьня ў Рызе, і завершылася ў чэрвені 1923. За гэты час на савецкія тэрыторыі было дастаўлена 741 тысяча 572 тоны 669 кіляграмаў дапамогі на суму 63 мільёны 174 тысячы 848 даляраў[98].
Тры беларускія акругі дзейнічалі ад студзеня 1922 да чэрвеня 1923 і, паводле Сэрфэйса й Блэнда, атрымалі 14 тысяч 440 тон 283 кіляграмаў дапамогі на суму 2 мільёны 732 тысячы 77 даляраў, альбо 4,3 %. Але для падліку беларускай долі патрабуецца мець на ўвазе істотныя аб’ёмы дапамогі, якіх амэрыканскія статыстыкі ня здолелі разьнесьці па акругах і падаюць асобнымі радкамі. Калі іх вынесьці за дужкі ці зыходзіць з раўнамернага разьмеркаваньня ва ўсіх акругах, беларуская частка складзе 5 %.
Вядома, лічбамі цяжка вымерыць нават тое, што лічбамі вымяраецца. Яшчэ да выхаду ЭГБ я зрабіў свой накід тэксту для энцыкляпэдыі свабоднай Беларусі:
Амэрыканская адміністрацыя дапамогі (АРА) — гуманітарная арганізацыя ЗША, створаная 24 лютага 1919 пастановай прэзыдэнта Вудра Ўілсана, ад 1 жніўня заснаваная наноў як прыватная дабрачынная арганізацыя, ініцыятар і кіраўнік Гербэрт Гувэр; дзейнічала да 1923 у эўрапейскіх краінах, што пацярпелі ў першую ўсясьветную вайну й ад камуністычнага перавароту. Аказала найбольшую ў XX стагодзьдзі харчовую, мэдычную й інш. дапамогу насельніцтву Беларусі.
У 1919–1922 на тэрыторыі сучаснай Рэспублікі Беларусь (пад польскім кіраваньнем) працавала бюро дзіцячай дапамогі ў Менску, рэгіянальны офіс АРА ў Берасьці, акруговыя камітэты ў Ашмянах, Багданаве, Баранавічах, Бераставіцы, Ваўкавыску, Вялейцы, Горадні, Кобрыні, Лідзе, Наваградку, Нясьвіжы, Пінску, Пружанах, Слоніме, Стоўпцах і іх ваколіцах. (Напр., у Наваградзкім павеце дзейнічала 86 пунктаў харчаваньня АРА.) З 7560 пунктаў АРА больш за 1000 працавала на тэрыторыі этнічнай Беларусі. Насельніцтва Беларусі атрымала каля 15 тысяч 300 тон харчовай дапамогі на суму каля 3 мільёнаў 700 тысяч даляраў, а таксама адзеньня на суму каля 900 тысяч даляраў.
98
Гэтую суму складаюць ня толькі грошы з Амэрыкі: 11 357 325 даляраў 13 цэнтаў каштаваў залаты фонд, унесены пад ціскам Г. Гувэра савецкім бокам, які быў выкарыстаны АРА ў мэтах дапамогі. Але гэтую суму цалкам правамерна залічыць на рахунак АРА: без патрабаваньня Гувэра галодныя не атрымалі б гэтых сродкаў — для параўнаньня, у 1922 савецкае кіраўніцтва перадало амаль удвая большую суму замежным кампартыям на патрэбы ўсясьветнай рэвалюцыі.