У 1922–1923 у Беларусі (на адміністрацыйнай тэрыторыі БССР і РСФСР) працавалі тры акругі АРА. Усяго паступіла звыш 14 тысяч 440 тон амэрыканскай дапамогі (у т. л. Менская акруга разьмеркавала 6 тысяч 825, Віцебская — 4 тысячы 441, Гомельская — 3 тысячы 175 тон) на суму больш за 2 мільёны 730 тысяч даляраў. Дастаўлена больш за 10 тысяч 110 тон харчовых пасылак коштам 10 даляраў кожная на агульную суму 1 мільён 732 тысячы даляраў (18,5 % усіх пасылак АРА). Бясплатна выдадзена 988 тон харчовых рацыёнаў дзецям, хворым у шпіталёх і ўцекачам. АРА апекавалася больш чым 300 дзіцячымі дамамі, апроч харчаваньня пастаўляла адзеньне, абутак, мэдычныя матэрыялы.
Спрыяла рэпатрыяцыі ўцекачоў, якія пакінулі Беларусь падчас першай усясьветнай вайны. Пастаўлена санітарнае абсталяваньне, арганізавана харчаваньне й мэдычная дапамога ў канцлягеры ўцекачоў Козырава (найбуйнейшы на той час у сьвеце). Праведзена вакцынацыя больш за 1 мільён чалавек. Мэдыкамэнты, матэрыялы санітарыі й абсталяваньне агульнай вагой 484 тоны, кошт якіх перавысіў 470 тысяч даляраў, атрымалі больш за 300 мэдычных установаў. Мэдычная праца АРА засьцерагла ад эпідэміі тыфусу Беларусь і Польшчу.
Надавала мэтавую дапамогу творчай і навуковай інтэлігенцыі (у т. л. Я. Купалу, Я. Коласу, У. Ігнаоўскаму, Л. Ржэцкай і інш.), настаўнікам, лекарам, сьвятарству. Праводзіла асьветніцкую працу, паставіла інструмэнты й прыборы для мэдычнай клінікі й прыродазнаўчых факультэтаў Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, навучальных установаў Віцебску; былі арганізаваныя курсы ангельскай мовы.
Агулам у 1920–1923 дастаўлена дапамогі насельніцтву Беларусі (у сучасных межах) вагой больш за 30 тысяч тон на суму каля 7 мільёнаў 200 тысяч даляраў[99].
Жыхары Беларусі выказвалі АРА шматлікія падзякі. Камуністычныя ўлады чынілі перашкоды, замоўчвалі й хлусілі. Некаторыя мясцовыя супрацоўнікі АРА былі ўнесеныя ў чорныя сьпісы, абвінавачаныя ў шпіянажы й рэпрэсаваныя.
Дзейнасьці АРА ў Беларусі прысьвечана сталая экспазыцыя Нацыянальнага гістарычнага музэю, імя Г. Гувэра носяць пляцы й вуліцы ў Менску, Віцебску, Гомелі, Горадні, Берасьці ды ў іншых гарадох і мястэчках.
Так будзе.
32
Гербэрт Гувэр-другі: «Мой дзед уратаваў больш людзей, чым хто калі за ўсю гісторыю Сьвету»
(замест пасьляслоўя)
Свабоды не бывае бяз памяці.
Напярэдадні Калядаў 1953 году Гербэрт Гувэр выступаў на Радыё Свабода:
— Гісторыя ўвесь час сьведчыць, што жыцьцялюбныя нацыі нядоўга могуць утрымлівацца пад прыгнётам іншых народаў. Спроба ўтрымаць жыцьцялюбныя народы Чэхаславаччыны, Польшчы, Румыніі, Вугоршчыны й Баўгарыі пад расейскім панаваньнем напэўна скончыцца правалам, як скончыўся правалам каляніялізм у іншых частках сьвету. У вялікіх народаў ніколі не памірае надзея й вера ў свабоду.
Бяз памяці не бывае свабоды.
Прэзыдэнт Гувэр сабраў найбольшую ў сьвеце калекцыю дакумэнтаў пачатку савецкай эпохі. Гувэраўскі інстытут у Каліфорніі ня толькі захоўвае ўвесь архіў АРА, ён стаў унікальным навуковым цэнтрам вывучэньня гісторыі XX стагодзьдзя[100].
Шмат гадоў старшынём рады інстытуту быў Гербэрт Гувэр, першы ўнук заснавальніка й кіраўніка АРА. Гербэрт Гувэр-другі нарадзіўся ў 1926 годзе. Дзед, 31-ы прэзыдэнт ЗША, памёр, калі ўнуку было 37 гадоў. Пасьля ўнівэрсытэту ўнук займаўся прыватным бізнэсам, надалей удзельнічае ў працы Гувэраўскага інстытуту.
Гербэрт Гувэр-другі ўсьцешыўся, калі ўведаў пра дасьледаваньне дзейнасьці АРА ў Беларусі, і ахвотна пагадзіўся на інтэрвію.
Першае пытаньне, на якое я папрасіў адказаць, — што, на ягоную думку, галоўнае ў спадчыне Гербэрта Гувэра сёньня, напачатку XXI стагодзьдзя?
— Перш за ўсё трэба вызначыць, што ёсьць спадчынай. Нават да сёньня АРА ня надта вядомая. Толькі за апошнія два-тры гады стаў вядомы памер дзейнасьці АРА й колькасьць людзей, уратаваных ад голаду. Я думаю, галоўным у спадчыне Гербэрта Гувэра будзе заставацца — і нават узрастаць — тое, што ён чалавек, які, верагодна, уратаваў больш людзей у гісторыі сьвету, чым хто іншы. Калі падсумаваць колькасьць людзей, уратаваных ад голаду ў Эўропе, — агулам гэта будзе больш за 20 мільёнаў. Наколькі больш, я ня ведаю. Думаю, гэтая частка спадчыны робіцца ўсё больш вядомай, і людзі разумеюць, што Гербэрт Гувэр уяўляў сабою нашмат больш, чым толькі прэзыдэнт Злучаных Штатаў цягам чатырох гадоў.
— У драме Шэксьпіра «Юлі Цэзар» ёсьць такія радкі: «Няўдзячнасьць раніць мацней за нож забойцы». Як ваш дзед успрымаў савецкія ацэнкі АРА, пераход ад удзячнасьці да абвінавачаньняў у шпіянажы й падрыўной дзейнасьці?
100
Тут разьбіраў архіўныя матэрыялы Аляксандар Салжаніцын, тут працуе выдатны дасьледнік таталітарызму Робэрт Конкўэст, які ў сваім кабінэце мае кнігі Алеся Адамовіча, тут я меў магчымасьць распытаць фізыка Эдварда Тэлера пра стварэньне вадароднай бомбы, а з нобэлеўскім ляўрэатам Мілтанам Фрыдмэнам, які быў у БССР у 1960-я гады, абмеркаваць эканамічную мадэль сучаснай Беларусі. На паліцах сховішчаў — выданьні першых беларускіх кніжак пачатку XX стагодзьдзя, дакумэнты другой усясьветнай вайны, зьвязаныя зь Беларусьсю, першыя ўлёткі й газэты дэмакратычнага руху Беларусі 1980–1990-х гадоў.