Выбрать главу

Ён заставаўся там дзесьці паўгадзіны, і праз вокны гасцёўні я мімаходзь бачыў, як ён ходзіць туды-сюды, усхвалявана з кімсьці гаворачы і размахваючы рукамі. Яе саму я не бачыў. Урэшце ён выйшаў з дома, яшчэ больш узбуджаны, чым раней. Ускочыўшы ў кэб, дастаў з кішэні залаты гадзіннік і трывожна зірнуў на яго.

«Ганіце што духу! – крыкнуў ён, – спачатку да Гроса і Хенке на Рыджэнт-стрыт, а потым да царквы святой Монікі на Эджвер-роўд. Паўгінеі, калі даімчыце за дваццаць хвілін!»

Яны паехалі, і пакуль я разважаў, ці не варта адправіцца за імі, з завулка выкаціла прыгожае ландо. Плашч фурмана быў зашпілены толькі на палову гузікаў, гальштук завязаны дзесьці пад вухам, а рамяні збруі боўталіся, не замацаваныя спражкамі. Не паспеў ён спыніцца, як з дзвярэй дома выскачыла жанчына і кінулася ў ландо. Я бачыў яе толькі імгненне, але заўважыў, што яна вельмі прывабная – дзеля такога твару мужчыны часта гатовыя памерці.

– Царква святой Монікі, Джон! – крыкнула яна. – Паўсаверэна, калі даедзеце за дваццаць хвілін!

Нельга было страціць такі шанец, Ўотсан. Я абдумваў, пабегчы за ландо ці ўчапіцца за яго задок, калі на вуліцы з’явіўся новы кэб. Рамізнік двойчы паглядзеў на мой памяты твар, але я ўскочыў раней, чым ён паспеў запярэчыць. «Царква святой Монікі! – сказаў я. – Паўсаверэна, калі даедзеце за дваццаць хвілін!» Было без дваццаці пяці дванаццаць, і я, вядома, зразумеў, што ўсё гэта значыць.

Рамізнік гнаў штосілы. Не думаю, што мне даводзілася калі-небудзь ездзіць на большай хуткасці, але тыя двое гналі яшчэ хутчэй. Калі я пад’ехаў да царквы, кэб і ландо з запененымі коньмі стаялі ўжо там. Я заплаціў кэбмену і паспяшаўся ў царкву. Усярэдзіне не было нікога, апроч тых, каго я пераследаваў, а таксама ўбранага для набажэнства святара, які, відавочна, у чымсьці іх пераконваў. Усе трое стаялі на ўзвышэнні перад алтаром. Я пачаў прагульвацца па бакавым нэфе з лянотным выглядам выпадковага наведніка. Раптам, на маё здзіўленне, усе трое павярнуліся ў мой бок, і Годфры Нортан з усіх ног кінуўся да мяне.

– Дзякуй Богу! – ускрыкнуў ён. – Вы нам і патрэбныя. Хадзем! Хадзем!

– Што здарылася? – спытаў я.

– Давай жа сюды, сябра, усяго тры хвіліны, іначай яно будзе несапраўдным.

Мяне амаль пацягнулі да алтара, і, не паспеўшы прыйсці ў сябе, я заўважыў, што мармычу адказы, якія мне падказваюць на вуха, даю паруку за тое, пра што не маю ніякага ўяўлення, і ўвогуле дапамагаю Ірэн Адлер, незамужняй, і Годфры Нортану, халасцяку, узяць законны шлюб. Праз імгненне ўсё скончылася, і вось ужо джэнтльмен дзякуе мне аднаго боку, лэдзі – з другога, а святар ззяе ўсмешкай проста перада мной. Ніколі яшчэ не аказваўся я ў такой недарэчнай сітуацыі і цяпер не магу ўспамінаць яе без смеху. Мабыць, у іх былі нейкія праблемы з ліцэнзіяй, калі святар катэгарычна адмовіўся вянчаць іх без сведкі, і толькі маё шчаслівае з’яўленне ўратавала жаніха ад неабходнасці запрашаць якога мінака з вуліцы. Нявеста дала мне саверэн, і я збіраюся пачапіць яго на ланцужок ад гадзінніка ў памяць пра гэты выпадак.

– Досыць нечаканы паварот падзеяў, – зазначыў я. – А што было далей?

– Я зразумеў, што ўсе мае планы пад пагрозай зрыву. Выглядала на тое, што маладыя збіраюцца адразу ж з’язджаць, а таму я мусіў прыняць неадкладныя і дзейсныя меры. Аднак, пакінуўшы царкву, яны разышліся: ён адправіўся ў Тэмпл, яна вярнулася дадому. «Я выеду ў парк а пятай, як і заўсёды», – сказала яна на развітанне. Больш я нічога не пачуў. Яны раз’ехаліся ў розныя бакі, а я вярнуўся сюды, каб заняцца чымсьці важным.

– Чым жа?

– Халоднай ялавічынай і шклянкай піва, – адказаў ён, пазваніўшы. – Я быў надта заняты, каб думаць пра ежу, і буду яшчэ больш заняты сёння вечарам. Дарэчы, доктар, мне спатрэбіцца вашая дапамога.

– Буду рады дапамагчы.

– Вы не супраць таго, каб парушыць закон?

– Ні ў якім разе.

– Але нас могуць арыштаваць.

– На што не пойдзеш дзеля добрай справы!

– О, справа і праўда цудоўная!

– Тады я да вашых паслугаў.

– Упэўнены, на вас можна спадзявацца.

– Але што я мушу рабіць?

– Калі місіс Тэрнэр* прынясе нам перакусіць, я ўсё вам патлумачу… Цяпер, – сказаў ён, прагна накідваючыся на сціплую ежу, прыгатаваную гаспадыняй, – нам трэба абмеркаваць усё, пакуль я ем. Больш часу ў мяне няма. Цяпер каля пяці. Праз дзве гадзіны мы мусім быць на месцы. Міс Ірэн, а дакладней місіс, вяртаецца дадому ў сем. Мы павінныя сустрэць яе ля Браяні-Лодж.

– І што далей?

– Пакіньце гэта мне. Я ўжо падрыхтаваў тое, што мусіць адбыцца. Я настойваю толькі на адным: не ўмешвайцеся, хай усё ідзе сваім ходам. Разумееце?