Выбрать главу

– Асмелюся спытаць, паяе фельдкурат, ці павінен міністрант быць таго самага вызнання, што і святар, якому ён прыслужвае?

– Вядома, – адказаў фельдкурат, – іначай імша будзе несапраўднай.

– Дык вось, пане фельдкурат, сталася вялікая памылка, – заявіў Швейк. – Я чалавек без вызнання. Не шанцуе мне, і ўсё тут.

Фельдкурат зірнуў на Швейка, памаўчаў хвіліну, потым, паляпаўшы яго па плячы, сказаў:

– Можаце дапіць тое царкоўнае віно, што засталося ў бутэльцы, і лічыце, што вы нанова ўступілі ў лона царквы.

Раздзел XII. Рэлігійны дыспут

Здаралася, што Швейк цэлымі дяямі не бачыў пастыра салдацкіх душ. Фельдкурат свае непасрэдныя абавязкі перамяжаў з папойкамі і надта рэдка прыходзіў дадому, а калі і прыходзіў, то ўвесь брудны і перапэцканы, як марцовы кот пасля прагулкі па стрэхах.

Вярнуўшыся дамоў, фельдкурат, калі ён яшчэ мог што-небудзь вымавіць, перад сном гутарыў са Швейкам на ўзвышаныя тэмы: пра духоўны экстаз і радасць мыслення, а часам нават спрабаваў гаварыць вершам, цытаваць Гейнэ.

Швейк адслужыў з фельдкуратам яшчэ адну палявую імшу ў сапёраў, куды памылкова быў запрошаны яшчэ адзін фельдкурат, былы настаўнік закона божага, надзвычай набожны чалавек. Ён надта здзіўлена зіркнуў на свайго калегу, калі той прапанаваў яму глынуць каньяку з Швейкавай пляшкі, якую ён заўсёды насіў на такія рэлігійныя цырымоніі.

– Неблагі каньяк, – падахвоціў калегу фельдкурат Ота Кац. – Выпіце і едзьце сабе дадому. Я ўжо сам тут усё ўладжу, бо мне трэба пабыць на свежым паветры, а то неяк галава баліць.

Набожны фельдкурат, пакруціўшы галавой, паехаў, а Кац, як заўсёды, бліскуча выканаў сваю ролю. На гэты раз ён ператварыў у божую кроў віно з содавай вадой, прычым кожнае трэцяе слова ў яго было «і гэтак далей» і «безумоўна».

– Салдаты! Сёння вы ад’язджаеце на фронт і гэтак далей. Звярніцеся ж сэрцамі вашымі да бога і гэтак далей. Безумоўна. Ніхто з вас не ведае, што з вамі будзе. Безумоўна. I гэтак далей.

Тым не менш палявая імша закончылася без усялякіх непрыемнасцей – хораша і весела. Сапёры пазабавіліся ад душы.

Калі Швейк з фельдкуратам дабраліся дамоў, высветлілася, што недзе па дарозе яны згубілі дараносіцу.

– Не мае значэння, – сказаў Швейк. – Першыя хрысціяне служылі святую імшу і без дараносіцы. Калі мы дадзім у газету аб’яву аб страце дараносіцы, то сумленны чалавек, які яе знойдзе, захоча ад нас узнагароды. Калі б гэта былі грошы, то наўрад ці хто вярнуў бы іх… Зрэшты, такія людзі яшчэ сустракаюцца. У нас у палку ў Будзеёвіцах служыў адзін салдат, добры хлапец, але прасцяк. Знайшоў ён неяк на вуліцы шэсцьсот крон і здаў ix у паліцыю. Нават у газетах пра яго пісалі, які ён сумленны чалавек. Але ж і сораму ён зведаў! Ніхто з ім і размаўляць не хацеў, усе яго ўнікалі. «Дурань ты, якое глупства зрабіў. За гэта ты ўсё жыццё саромецца будзеш, калі ў табе яшчэ кропля сумлення засталася». У яго была дзяўчына, дык і тая перастала з ім размаўляць. А калі ён прыехаў дамоў у водпуск, то яго сябры з-за гэтай гісторыі выкінулі яго ў час танцаў з карчмы. Хлопец пачаў сохнуць, браць усё да галавы і ўрэшце кінуўся пад поезд. А вось яшчэ. Аднойчы кравец з нашай вуліцы знайшоў залаты пярсцёнак. Людзі яго папярэджвалі, каб ён не аддаваў яго ў паліцыю, але яго было не ўгаварыць. У паліцыі сустрэлі яго надзвычай ласкава, маўляў, заява аб згубе залатога пярсцёнка з брыльянтамі ужо да іх паступіла. Але потым паглядзелі на камень ды і кажуць: «Чалавеча, дык гэта ж шкло, а не брыльянт. Колькі ж вам далі за брыльянт? Ведаем мы такіх сумленных знаходцаў». Урэшце высветлілася, што яшчэ адзін чалавек згубіў залаты пярсцёнак з фальшывым брыльянтам, нейкую там сямейную рэліквію. Але краўцу давялося ўсё ж адседзець тры дні, бо ён у дрэнным настроі дапусціў знявагу паліцыі. Законную ўзнагароду ён усё-такі атрымаў, дзесяць працэнтаў, гэта значыць, адну крону дзесяць гелераў – цана таму барахлу была усяго дванаццаць крон. Але кравец гэтую законную ўзнагароду шпурлянуў у твар уласніку пярсцёнка, той падаў у суд за знявагу асобы, і з краўца спагналі дзесяць крон штрафу. Пасля гэтага кравец усюды гаварыў, што з кожнага сумленнага чалавека за яго знаходку трэба браць дваццаць пяць крон штрафу, такіх, маўляў, трэба біць да пасінення і лупцаваць публічна, каб людзі ведалі, што рабіць у падобных выпадках. Думаю, што нашу дараносіцу ніхто назад не прынясе, хаця на ёй і ёсць з-заду палкавая пячатка. З вайсковымі рэчамі ніхто не захоча мець справу. Хутчэй закінуць у ваду, каб не было лішняга клопату… Учора ў шынку «Ля залатога вянка» разгаварыўся я з адным вайскоўцам, яму ўжо пяцьдзесят шэсць гадоў. Ён прыехаў у Новую Паку даведацца ў акруговай управе, чаму ў яго рэквізавалі брычку. Па дарозе назад, калі яго ўжо выкінулі з акруговай управы, ён прыпыніўся паглядзець на вайсковы абоз, які толькі што прыбыў і стаяў на плошчы. Нейкі малады чалавек – ён вёз кансервы для арміі – папрасіў яго на хвілінку пасцерагчы коней, ды болей і не прыйшоў. Калі абоз крануўся, майму знаёмаму давялося разам з усімі ехаць аж да Венгрыі, а ў Венгрыі ён сам папрасіў аднаго пачакаць каля воза, тым толькі і ўратаваўся, а то б і ў Сербію зацягнулі. Прыехаў хворы ад перапалоху і цяпер з вайсковымі справамі не хоча болей мець нічога агульнага.