Выбрать главу

– А ці не бывае ў вас часам прыпадкаў падучай хваробы?

– Гэтага, прабачце, няма. Але аднойчы на мяне ледзьве не зваліўся аўтамабіль на Карлавай плошчы. Але тое было ўжо некалькі гадоў назад.

На гэтым допыт быў закончаны. Швейк падаў пану судоваму следчаму руку і, вярнуўшыся ў свой пакойчык, сказаў суседзям:

– Дык, значыцца, мяяе з-за забойства эрцгерцага Фердынанда будуць аглядаць судовыя лекары.

– Мяне таксама аглядалі судовыя лекары, – сказаў малады чалавек, – гэта было тады, калі я за крадзеж дываноў трапіў пад суд прысяжных. Прызналі мяне прыдуркаватым. Цяпер я прапіў паравую малатарню, і мне нічога не зробяць. Учора мой адвакат сказаў, што калі ўжо адзін раз мяне прызналі прыдуркам, то мне гэта будзе на карысць усё жыццё.

– Я гэтым судовым дактарам ані не веру, – заўважыў пан інтэлігентнага выгляду. – Калі я аднаго разу падрабіў вэксалі, то на ўсякі выпадак хадзіў на лекцыі доктара Гевероха*, а калі мяне злавілі, дык я сімуляваў паралітыка акурат так, як іх апісваў доктар Геверох: укусіў аднаго судовага лекара з камісіі за нагу, выпіў з чарніліцы атрамант і на вачах усёй камісіі, прашу прабачэння, панове, нарабіў у кутку. Але якраз за тое, што я ўкусіў аднаго з членаў гэтай камісіі, мяне прызналі зусім здаровым, і гэта мяне загубіла.

– Я гэтых аглядаў ніколькі не баюся, – заявіў Швейк. – Калі я служыў у войску, дык мяне аглядаў адзін ветэрынар, і скончылася ўсё вельмі добра.

– Судовыя лекары – падлы, – азваўся скурчаны чалавечак. – Нядаўна неяк выпадкова выкапалі на маім лузе шкілет, і судовыя лекары прызналі, што гэтага чалавека забілі нейкім тупым прадметам па галаве сорак гадоў назад. Мне трыццаць восем гадоў, а мяне пасадзілі, хаця ў мяне ёсць пасведчанне аб хрышчэнні, выпіска з метрычнай кнігі і прыпісное сведчанне.

– Я думаю, – сказаў Швейк, – што на ўсё мы павінны глядзець з пункту гледжання сумленнасці. Кожны можа памыліцца, а калі больш пра нешта думаеш, то хутчэй памылішся. Ды і лекары – таксама людзі, а людзям уласціва памыляцца. Вось быў аднойчы выпадак: адзін чалавек уначы знайшоў напаўзамерзлага шалёнага сабаку, узяў яго з сабой дадому і сунуў жонцы ў пасцель. Сабака сагрэўся, аджыў і пакусаў усю сям’ю, а самага маленькага ў калысцы разарваў і зжэр. Прывяду яшчэ прыклад, як памыліўся адзін паліцэйскі сабака ў Кладне – аўчарка вядомага ротмістра Ротэра. Ротмістр Ротэр дрэсіраваў сабак і трэніраваў іх на валацугах да таго часу, пакуль усе бадзягі не пачалі Кладзенскі край абмінаць. Тады Ротэр загадаў, каб жандары, хоць лопні, прывялі якога-небудзь падазронага чалавека. Аднойчы яму і прывялі даволі слушна апранутага чалавека, якога знайшлі ў Ланскіх лясах. Ён там сядзеў на пні. Ротэр тут жа загадаў адрэзаць кавалак крыса ад яго пінжака і даў яго панюхаць сабакам-сышчыкам. Потым таго чалавека адвялі да нейкай цагельні і пусцілі па яго слядах тых самых намуштраваных сабак, яны яго знайшлі і прывялі назад. Потым гэтаму чалавеку загадалі залезці па лесвіцы на гарышча, скакаць праз сцяну, кінуцца ў сажалку, а сабак спусцілі за ім. Урэшце высветлілася, што чалавек той быў дэпутат-радыкал, ён выехаў пагуляць у Ланскія лясы, бо яму апрыкрылі парламенцкія дэбаты. Таму я і кажу, што людзі могуць і памыліцца, нават няхай сабе ён вучоны ці неадукаваны дурыла. Памыляюцца і міністры.

Судова-медыцынская камісія, якая павінна была вырашыць, ці павінен Швейк, прымаючы пад увагу яго псіхічны стан, несці адказнасць за ўсё тыя злачынствы, у якіх ён абвінавачваецца, складалася з трох надзвычай сур’ёзных паноў, прычым погляды аднаго ні ў чым не сыходзіліся з поглядамі двух іншых. Тут былі прадстаўлены тры розныя навуковыя школы псіхіятраў.

I калі ў выпадку Швейка ўсталявалася поўная згода паміж трыма супрацьлеглымі навуковымі лагерамі, то гэта можна вытлумачыць толькі тым велізарным уражаннем, якое на ўсю камісію зрабіў Швейк, калі, увайшоўшы ў залу, дзе павінны былі даследаваць стан яго псіхікі, і заўважыўшы на сцяне партрэт аўстрыйскага імператара, выкрыкнуў: «Панове, няхай жыве імператар Франц-Іосіф Першы!»

Справа была зусім відавочная. Пасля гэтай спантаннай заявы Швейка адпаў цэлы шэраг пытанняў, засталося толькі некалькі найважнейшых. Адказы на іх павінны былі пацвердзіць першапачатковую думку пра Швейка, складзеную на падставе сістэмы доктара псіхіятрыі Калерсона, доктара Гевероха і англічаніна Уікінга*.

– Радый цяжэйшы за свінец?

– Я іх, прабачце, не ўзважваў, – са сваёй мілай усмешкай адказаў Швейк.

– Ці верыце вы ў канец свету?

– Спачатку я павінен гэты канец убачыць, – нядбайна кінуў Швейк. – Але, ва ўсякім выпадку, заўтра я яго яшчэ не прычакаю.