Выбрать главу

Тэлефон перапыніў яго апавяданьне, і нейкі хрыплы голас, з кулямётнай каманды зноў спытаўся — ці паедуць? Пра гэта быццам, ад самага ранку ідзе нарада ў пана палкоўніка.

У дзьвярох паказаўся белы, як палатно, заўрад-прапаршчык Біглер, самы дурны ў роце, які стараўся ў вучэбнай камандзе вольнапісаных вызначыцца сваімі ведамі. Ён кіўнуў Ванэку, каб той вышаў за ім на ўсходы. Там яны мелі доўгую размову.

Вярнуўшыся, Ванэк зьняважліва ўсьміхнуўся.

— Вось дубіна! — сказаў ён Швэйку: — няма чаго сказаць, экзэмплярчык у нас у маршавай роце! Ён таксама быў на нарадзе, і, калі разыходзіліся, пан обэр-лейтэнант загадаў, каб усе камандзіры разьдзелу зрабілі строгі агляд вінтовак. А гэты тып прышоў у мяне пытацца, ці павінен ён даць распараджэньне прывязаць Жлабэка за тое, што той вычысьціў вінтоўку газаю. — Ванэк разгарачыўся. — Пра такое глупства пытаецца ў мяне, хоць ведае, што едзе на позіцыю! Пан обэр-лейтэнант учора правільна зрабіў, што загадаў адвязаць свайго дзяншчыка. Я гэтаму шчанюку сказаў, каб ён пасьцярогся раззлоўваць сваю каманду.

— Дарэчы пра дзяншчыка: ці не знашлі вы часамі дзяншчыка пану обэр-лейтэнанту?

— Будзьце разумнікам, — адказаў Ванэк, — часу хопіць. Між іншым я думаю, што пан обэр-лейтэнант да Балёўна прывыкне; зрэдку ён у яго што-небудзь зжарэ, а потым і гэта ў яго пройдзе, калі пападзем на фронт. Там часта ні аднаму ні другому ня будзе чаго жраць. Скажу яму, што Балёўн застанецца і нічога ня зробіш. Гэта мой клопат, і пана обэр-лейтэнанта гэта не кранаецца. Галоўнае: не сьпяшацца!

Ванэк зкоў лёг на свой ложак і сказаў:

— Швэйк, раскажэце мне які-небудзь анэкдот з вайсковага жыцьця.

— Можна, — адказаў Швэйк, здымаючы трубку. — Я вам раскажу пра такое, што падыходзіць да нашай сітуацыі, толькі тагды замест сапраўднай вайны былі манэўры, а была якраз такая самая паніка, як сягодня, бо ня было вядома, калі выступім з казармаў. Служыў са мною Шыц з Поржыча[Вуліца ў Празе.] добры хлопец, толькі набожны і баязьлівы. Ён думаў, што манэўры гэта нешта страшэннае і што людзі на іх падаюць ад смагі, а санітары падбіраюць іх у час паходу, як ападкі ў садзе. Таму ён напіўся ў запас, і калі мы выступілі з казармаў на манэўры і прышлі да Мнішэка, то сказаў: «Я гэтага, хлопцы, ня вытрымаю, толькі пан бог мяне можа выратаваць!» Потым мы прышлі да Гржовіц, і там у нас быў на два дні прывал, бо здарылася нейкая памылка, і мы ішлі так шпарка ўперад, што маглі-б разам з іншымі палкамі, якія ішлі з намі з флангаў, захапіць увесь няпрыяцельскі штаб і нарабілі-б сабе сораму, бо наша армія павінна была п., а няпрыяцель павінен быў бойку выграць: у іх там знаходзіўся нейкі смаркаты Эрцгерцогік. Шыц зрабіў такую штуку. Калі мы разьбілі лягер, ён сабраўся і пашоў у вёску за Гржовіцамі, сёе-тое сабе купіць і к абеду варочаўся ў лягер. Была гарачыня, увапрэў ён таксама здорава і тут убачыў на дарозе слуп, на слупе была будачка, а ў ёй пад шклом зусім маленькая статуя Яна Непамуцкага. Памаліўся ён сьвятому Яну і кажа яму: «Вось, мусіць, горача табе, ня шкодзіла-б табе чаго-небудзь выпіць. На самым ты прыпёку. Мусіць увесь час пацееш?» Узбоўтаў паходную пляшку, выпіў і кажа: «Пакінуў я і табе глынуць, сьвяты Ян з Непамук». Потым схамянуўся, выхлебтаў усё, і сьвятому Яну з Непамук нічога не засталося. «Езус, Марыя!» — ускрыкнуў ён: — сьвяты Ян з Непамук, ты гэта мне павінен дараваць, я табе за гэта аддзякую. Я вазьму цябе з сабою ў лягер і так цябе напаю, што ты на нагах стаяць ня будзеш. І добры Шыц, шкадуючы сьвятога Яна з Непамук, разьбіў шкло, выцягнуў статую сьвятога, запхнуў пад блюзу і занёс у лягер. Потым сьвяты Ян Непамуцкі спаў з ім разам на саломе. Шыц насіў яго з сабою ў час паходаў у ранцы і заўсёды яму страшэнна шанцавала ў карты. Дзе толькі ні зробім прывал, ён заўсёды выграваў, пакуль ня прышлі мы да Прахеня. Кватаравалі мы ў Драгеніцах, і ён усё ўшчэнт праграў. Калі раніцою мы выступілі ў паход, дык на грушы пры дарозе вісеў сьвяты Ян Непамуцкі з пятлёю на шыі. Вось вам і анэкдот, ну, а цяпер павешу трубку.