Выбрать главу

Яго ранейшыя лятуценьні былі гэтак яснымі, а сапраўднасьць аказалася гэткаю шэраю й панураю.

Разьдзел VI. Надзяленьне Тома інструкцыямі.

Тома прывялі, праводжанага добрароднаю сьвітаю, ў галоўную залю і запрасілі сесьць, — што ён працівіўся быў зрабіць, ня лічачы за добрае сядзець у прысутнасьці людзей пад'жылых ды людзей з высокім палажэньнем. Ён прасіў іх сядаць, але яны толькі кланяліся, мармыталі нешта на знак падзякі ды стаялі далей. Ён хацеў паставіць на сваім, але „дзядзька", граф Гэртфорд шапнуў яму ў вуха:

— Мілёрд, прашу цябе, не вымагай; нягожа ім сядзець у тваёй прысутнасьці.

У гэты час далажылі аб лёрдзе Сэнт-Джоне Ён увайшоў і, пакланіўшыся Тому, сказаў:

— Я зьявіўся па даручэньню караля; па справе, аб якой можна гаварыць толькі на чатыры вочы. Ласкавы будзеце, ваша каралеўская высокасьць, выслаць усіх прысутных, апрача графа Гэртфорда?

Заўважыўшы, што Том ня ведаў, як быць, Гэртфорд шапнуў яму, каб ён зрабіў сьвіце знак рукою й ня турбаваўся гаварыць, калі ня мае на гэта ласкі. Пасьля таго, як прыдворныя выйшлі лёрд Сэнт-Джон сказаў:

— Яго вялікасьць загадвае, каб, з прычыны акалічнасьцяў дзяржаўнае вагі, яго сьветласьць, па магчымасьці, усяляк утойваў сваю хваробу, пакуль здароўе яго не адновіцца паранейшаму. Затым загадваецца, каб ні перад кім не пярэчыў, што ён сапраўдны прынц і насьледнік ангельскага пасаду й вёлічы; каб ён падтрымліваў сваю каралеўскую дастойнасьць і прымаў, не протэстуючы ні словам, ні рухам, знакі пашаны й паслухнянасьці, якімі павінен карыстацца паводлуг права і здаўна ўстаноўленага звычаю; каб ён нікому не гаварыў аб сваім, нібыто, нізкім пахаджэньні і жабрацкім жыцьці, створаным яго зможаным, расстроеным уяўленьнем; каб ён моцна стараўся ўваскрасіць у сваёй памяці асобы, якія ён прывык бачыць вакол сябе... і калі ня зможа, дык хай маўчыць і не выдае свае слабое памяці ні выразам зьдзіўленьня, ні якім-нібудзь іншым знакам; нарэшце, ў дзяржаўных справах, калі якая-нібудзь акалічнасьць паставіць яго ў цяжкаватае палажэньне і ён ня будзе ведаць, як зрабіць і што сказаць, ён не павінен выдаваць неспакойнасьці перад зацікаўленымі паглядамі, і абавязаны пытацца рады ў лёрда Гэртфорда ці ў мяне, пакорнага слугі, — абодва мы назначаны дзеля спаўненьня гэтых абавязкаў і павінны знаходзіцца пры асобе прынца, аж пакуль ня будзем адкліканы. Гэтак меў ласку загадаць яго вялікасьць, пасылаючы прывітаньне вашай высокасьці й молячы Найвышэйшага, каб Ён даў вам хуткае выздараўленьне і надарыў вас на многія леты.

Лёрд Сэнт-Джон, пакланіўся і стаў з боку. А Том пакорна адказваў:

— Кароль гэтак загадаў. Ніхто ня сьмее не спаўняць загадаў караля, ператалкоўваць ці абходзіць іх. Пакараюся волі караля.

— Затым, з прычыны загаду караля, каб пакінуць кнігі і сур'ёзныя заняткі, — заўважыў лёрд Гэртфорд, — ці ня будзе ласкі вашае высокасьці праводзіць час у вясёлых гульнях, каб здароўе ваша не цярпела і каб вы ня былі змучаны падчас банкету.

На твары ў Тома адбілася зьдзіўленьне, і ён пачырванеў, заўважыўшы гаротлівы пагляд лёрда Сэнт-Джона.

— Твая памяць ня служыць табе, — сказаў апошні, — ты выказаў зьдзіўленьне, але хай гэта ня трывожыць цябе, таму што памяць вернецца з выздараўленьнем. Мілёрд Гэртфсрд гаворыць аб банкеце ў Сіці, быць на якім, яшчэ два месяцы назад, яго вялікасьць дакляраваў пазволіць вашай высокасьці. Прыпамінаеш цяпер?

— Нажаль, павінен прызнацца, што гэта сапраўды выляцела з мае памяці, — сказаў Том нерашуча ды ізноў пачырванеў.

У гэтую мінуту даложана было аб лэді Ажбеце і лэді Джэні Грэй. Абодва лёрды абмяняліся многазначнымі паглядамі, і Гэртфорд пасьпяшыў да дзьвярэй. Калі маладыя прынцэсы праходзілі каля яго, ён сказаў паўголасна:

— Прашу вас, лэді, ня выказваць нічым, што заўважаеце яго дзівачнасьці і ня зьдзіўляцца ў выпадку, калі памяць пакіне служыць яму, вам, пэўна-ж, цяжка будзе бачыць, як трудна яму прыпомніць што-нібудзь.

Тымчасам лёрд Сэнт-Джон казаў Тому паціху:

— Калі ласка, сэр, не запамінай аб волі караля. Прыпамінай усё, што можаш, а аб рэшце рабі выгляд, што памятаеш. Ня дай ім заўважыць, што ты моцна зьмяніўся проці ранейшага; ты-ж ведаеш, як любяць цябе твае кампанкі на гульнях і як глыбока смуціць іх тваё нездароўе. Ці маеш ласку, сэр, каб мы засталіся тут, я і дзядзька твой?

Том зрабіў пацьвярджальны знак і нешта прамармытаў, ён ужо пачаў уваходзіць у ролю і, па сардэчнай прастаце, пастанавіў, па меры сілы й магчымасьці, спаўняць волю караля.