Выбрать главу

Увесь Офаль-Корт быў падобны да дому Канці. П'янства, разгул, шум і гоман былі там у парадку рэчаў кожны дзень і цягнуліся блізу ўсю ноч. Разьбітая галава складала гэткае самае заўсёднае зьявішча, як і галодны жывот. Усё-ж такі маленькі Том ня быў нешчасьлівым. Цяжкі для яго быў часок, але не разумеў ён гэтага. Усім дзецям Офаль-Корту выпадала тая самая доля і дзеля гэтага ён думаў, што так і павінна быць. Калі яму прыходзілася ўвечары вяртацца дамоў з пустымі рукамі, ён наперад ведаў, што бацька злае яго і наб'е, што затым бязьлітасная бабка накладзе яму ў дадатак і што ўночы маці ціхенька падойдзе да яго са скарынкай хлеба, якую ёй, галоднай, удалося схаваць пад страхам быці злоўленаю мужам пры гэтым, у сваім родзе здрадніцкім, паступку і жорстка зьбітаю.

Урэшце, Тому жылося няблага, асабліва ўлетку. Жабруючы ён бывала прасіў усяго гэтулькі, колькі трэ' было дзеля падтрыманьня жыцьця, — баючыся прасьледаваньня з боку паліцыі, таму што законы таго часу проці жабрацтва былі строгія, а кары цяжкія. У яго, гэткім чынам, заставаўся час пабываць у айца Андр'ю ды паслухаць яго дзіўныя казкі аб волатах і фэях, аб карліках і духах, аб зачарованых замках ды аб вялічавых каралёх і прынцах. Галава яго заўсёды была поўна гэтых дзіўных сюжэтаў, і часта ў цемнаце ночы, лежачы на сваёй цьвёрдай і нявыгоднай пасьцелі, змораны, галодны, з несьцярпімым болем ад клякотак, ён даваў волю свайму ўяўленьню і хутка запамінаў злыбеды, рысуючы сабе радасныя абразы жыцьця якога-нібудзь спанелага прынца ў каралеўскім палацы. Адно жаданьне неадступна прасьледавала яго як дзень так ноч — бачыць уласнымі вачыма сапраўднага прынца. Аднаго разу ён выказаў гэта некаторым сваім таварышом; але-ж яны гэтак бязьлітасна паднялі яго на сьмех, што ён пастанавіў у будучыне нікога ня ўводзіць у свае лятуценьні.

Часта Том чытаў старыя сьвяшчэньнікавы кнігі і пытаўся ў яго тлумачэньняў. Чытаньне й задумлівы настрой паступова выклікала ў ім перамену. Людзі, якія паказваліся яму ўваччу, былі гэткімі прыгожымі, што яшчэ большае гора ахапіла яго пры паглядзе на сваю падраную і гразную вопратку, і яму захацелася быць апраненым лепей і чысьцей. Ён паранейшаму з задаваленьнем гуляў у гразі; але замест таго, каб плюхацца ў Тэмзе дзеля пацехі, ён пачаў цаніць купаньне дзеля чыстаты цела.

Тому заўсёды было на што паглядзець у Мэйполі, ў Чыпзайдзе або на рынках; час ад часу ўвесь Лёндан зьбягаўся паглядзець на ваенную каманду, калі які-нібудзь вядомы небарака адсылаўся, па сухаземі або па вадзе, ў вастрог Тоўэр. У адзін летні дзень ён бачыў, як Ганна Аскью ды яшчэ тры чалавекі спалены былі на агні ў Сьмізсфільдзе, і чуў, як нейкі экс-біскуп чытаў ім адходную, якая ані ня цікавіла яго. Але агулам жыцьцё Тома было даволі рознавобразнае й цікавае.

Пакрысе чытаньне Тома й лятуценькі аб жыцьці прынцаў зрабілі на яго гэткі моцны ўплыў, што ён несьвядома пачаў выказваці з сябе прынца. Яго мова й манеры зрабіліся дзіўна ўрачыстымі і далікатнымі на вялізьнейшае зьдзіўленьне й пацеху равесьнікаў. Аднак-жа ўплыў Тома сярод іх рос кожны дзень; з часам таварышы пачалі глядзець на яго з зьдзіўленьнем, зьмяшаным з жахам, як на вышэйшую істоту. Ім здавалася, што ён гэтак шмат ведае, што можа ня толькі расказваць, але й вычаўпляць выдатныя рэчы, што ён, апрача таго, гэткі здольны й разумны. Увагі Тома, яго паступкі перадаваліся хлопчыкамі старшым і тыя таксама загаварылі аб Томе Канці, як аб надта ўжо здольным, нязвычайным хлопчыку. Дарослыя часта зьвярталіся да яго ў труднаватых акалічнасьцях, і няраз дзівіліся з кемкасьці й мудрасьці яго рашэньняў. Ён, сапраўды, здаваўся выдатнаю асобаю ўваччу ўсіх знаўшых яго, за выняткам уласнае сям'і, якая ня бачыла ў ім нічога добрага.

Праз нейкі час Том тайным чынам устроіў нешта накшталт каралеўскага палацу. Сам ён быў прынцам; яго лепшыя таварышы — целаабаронцамі, камэргэрамі, штальмайстрамі, флігэль-ад'ютантамі, статс-дамамі і сябрамі каралеўскае сям'і. Кожны дзень маленькага прынца сустрачалі з загадзя выпрацаваным цэрэмоніялам, пазычаным Томам са сваіх романтычных кніжак; кожны дзень у каралеўскай радзе разважаліся важнейшыя справы ўяўленага гаспадарства, і яго думаная вялікасьць меў ласку аддаваць загады арміі, флёту і намесьніцтвам.

Пасьля гэтага, апранены ў лахманы, ён звычайна адходзіў з мэтаю выпрасіць некалькі фарсінгаў, зьядаў убогую скарынку хлеба, даставаў заўсёдныя штурханцы і выслухаў заўсёдную лаянку, пакуль ня выцягваўся на бярэмі паскуднае саломы й не вяртаўся, ў сваіх снох, да неістнаваўшага блеску й велічы.