Выбрать главу

Што рабiць? Сустрэць таго Салдаценкава, якi вяртаецца, ды ў яго выпытаць усё? Ну i што з таго? А што б зрабiў у такой сiтуацыi галоўны? Не, пра гэта лепш не думаць! Падагрэць ваду, зрабiць ванну i плюхнуцца ў яе... Каб усе нягоды растварылiся. Галоўны яшчэ не ведае пра копiю Салдаценкава. Зразумела, вартаўнiкi паведамяць яму. Але праз суткi. Не раней. Што будзе тады са мной? Звольняць з работы на Зямлi. Няхай сабе!

* * *

...Вада прыемна зажурчала ў газавай калонцы i ўжо гарачым струменьчыкам палiлася ў ванну. Праз паўгадзiны я, скiнуўшы з сябе абрыдлую адзежу Фiлiпоўскага, ступiў у прывабны пенны раствор i расплыўся, наколькi дазволiў аб'ём ванны, утапiўшы ў пене нават свой думаючы бугарок. У вершалiнах сосен выў вецер. Ён закалыхваў мяне, i я, не ўважаючы на заклапочанасць будучыняй, заснуў.

8. Клаўдзя

Мяне толькi што нехта нябачны падштурхнуў да акна. А можа, гэта так здалося? Ведаю, што павiнна была iсцi на кухню - праз дзесяць хвiлiн пачыналася раздача вячэры, але я нiбы прыкiпела каля шкла. Убачыла, як Мiкалай вяртаўся з лесу, i зразумела, чаму цалюткi дзень месца сабе не знаходзiла. Я хацела яго ўбачыць. Хоць мелькам. У мяне ад учарашняга вечара быў голад па iм. I тут мяне нiбы прарвала радасць, калi ўбачыла, як ён мерна крочыў па дарожцы да турбазы. Мне стала душна, i я, стоячы ля акна, стала важдацца з застаўкай. Акно нарэшце з рыпеннем расчынiлася, i халаднаватае, пахучае сасновае паветра ўварвалася ў пакой. Спалохана грукнула клямка на веснiчках.

Пакiнуўшы расчыненае акно, выбегла з хацiнкi. Мiкалай iшоў проста на мяне. Схавалася за сасну. Праз хвiлiну ўбачыць! Няўжо сапраўды закахалася? Думала, што гэта так, дарэмныя размовы. Але ж не, прыйшоў i мой час!

- Коля! - я, смеючыся, выскачыла адразу перад iм з-за сасны. - Прывiтанне!

Ён паглядзеў на мяне быццам на пустое месца! Мне здалося, што густыя бровы яго жаласна заламалiся i рэзка палезлi ўверх. На момант спынiўся. Пакруцiў пальцам ля скронi i, абышоўшы мяне, яшчэ радасную, моўчкi пайшоў далей, да свайго домiка.

- Ко-ля! - з надрывам у голасе паклiкала я яго, адчуваючы, як усё далей i далей ён аддаляецца ад мяне.

Мiкалай павярнуў галаву i, груба вылаяўшыся, пхнуў нагой трухлявы пень, якi стаяў побач, зноў пакрочыў наперад.

Не вытрымала i заплакала. Недарэка я, неадукаваная. Зразумела, iнстытутаў, як Мiкалай, не канчала. Так, сельская дзесяцiгодка. Толькi атэстат атрымала. А ў вёсцы якое вучэнне? То пасадка, то праполка, то збор ураджаю... I ўся навука... Пабегла да яго, а ён... Быццам ад пракажонай шарахнуўся. Вось i вер iм, гарадскiм. Учора ўвечары ледзьве што ў каханнi не прызнаваўся, два разы пацалаваў, а сёння... Лепш i не ўспамiнаць. У яго толькi твар высакародны, а душа... Цёмная-цёмная. Вядома, што крыўдна. Я думала, што ён сапраўды ўсё... Як з цацкай, што надакучыла, - ён са мною...

Толькi паварыха цётка Моця вывела мяне з трансу. Спачатку штосьцi гаварыла супакойлiвае, сваёй вялiкаю, шурпатаю ад працы рукою гладзiла мяне па галаве, а потым, узяўшы за руку, павяла за сабою ў харчблок.

9. Кароўская

Нарэшце Сашка сёння прыехаў у пару. Усё нейкiя прычыны знаходзiў. Вясёлы-вясёленькi.

- Здароў, Нюр! I сёння закiдаеш машыну пасылкамi?

- I сёння, - уздыхнула я.

- Нябось план па пасылках на лета ўперад выканала? Прэмiю вялiкую атрымаеш.

- Бач, прэмiю! А пацягай iх.

- I што яны пасылаюць, усё хачу папытацца.

- Арэхi нейкiя, у шакаладзе.

- Што? - здзiвiўся Сашка.

- Вось табе i што. Арэхi ў шакаладзе.

- Шакалад зараз нат у Маскве дэфiцыт. А тут... Дзе ж яго тут бяруць? спытаўся быў Сашка, ды я, аддаўшы апошнюю пасылку, рэзка абарвала, каб не прыставаў:

- Тлумач усiм, што ды чаму. Скуль я ведаю? Пасылаюць, i ўсё. I я пашлю. Вось толькi трэба схадзiць у лес, а мне няма калi.

Сашка, зразумела, пакрыўдзiўся, ляпнуў дзвярыма i паехаў. Ну дык усiм не будзеш любы. Тут учора такi скандал муж закацiў, што няма продыху. Хтосьцi напаiў яго самагонам. Ён дык у мяне ўмелец. Гэта яго i губiць. Ну ды што пра гэта гаварыць. Выбiрала. Сама пайшла...

Рыпнулi ўваходныя дзверы. Ну вось, пачалiся гэтыя iдыёцкiя пасылкi. А каб iх!..

- Добры дзень, Нюр! - дзед Козыр прыцягнуўся. Ну, вядома, з пасылкай кулiбiнскай.

- Я т-таго, Нюр, пасылачку, гэта, зрабiў.

- Дык бачу, - кажу яму амаль злосна, - што не бандэроль.

- Вось не ведаю, каму паслаць арэхi тыя. Нiкога ў мяне няма. Усе шлюць, дык i мне трэ было б. Нюр, можа, падкажаш, - каму? - Што падкажу? - не зразумела я. - Хоць бы ты мне мазгi не дурыў.

Пакрыўдзiўся дзед Козыр, упарта засоп у дзве дзiрачкi. Потым палажыў пасылку сваю на шалi i пайшоў у наступ: