Выбрать главу

Булановiч уступаў у супярэчлiвасьць з рэчаiснасьцю. Нiчога не замiнала яму рабiць партыйную кар'еру. Ордэнаносьбiт, удзельнiк грамадзянскай, з рабочых, меў адукацыю i практычны розум, хапаў усё на ляту. Такiя людзi патрэбныя новай уладзе. Аднак дзяцюк выразна адчуваў, што нешта ў сярэдзiне супрацiўляецца сацыяльнаму паклiканьню. Нешта нашэптвае, папярэджвае. Булановiч злаваўся i з падвойным iмпэтам браўся за партыйную справу. Новае жыцьцё, якое зацягвала як вiр, на вачох рабiлася цiкавейшым, больш дынамiчным. Сяброўскiя бяседы зь вiном па вечарох, тэатар i кiно ў кампанii з разумнымi, прывабнымi жанчынамi, мiлосныя прыгоды, а днём - калатнеча грамадзкiх справаў па ўсталяваньнi новых адносiнаў мiж людзьмi, адносiнаў братэрства i роўнасьцi. Дзень пралятаў як сон. Рэальнае жыцьцё пачыналася ўвечары. Яно замаруджвалася, як хада шыкоўнага мiжнароднага цягнiка ля соннай станцыi. Лагаднеў бег шалёных хвiлiнаў. Жыцьцё, якое пачынала факусавацца на дробных дэталях, набывала вабнае, юрлiвае аблiчча. Вярталася ўласнае "я", з патаемнымi жаданьнямi, патрабаваньнямi цела i маладой крывi. Булановiч цiхай насьмешкай сустракаў чарговую параду бацькоў - не затрымлiвацца з жанiцьбай. Разьмяняць свой вольны статус на хамут сямейных клопатаў? Не! Яшчэ пасьпеецца. Ён пачаў успрымаць бацькоў, як малых дзяцей, якiя не разумеюць мудрагелiстасьцi i шматаблiчнасьцi цяперашнiх дарослых дачыненьняў. Iх клопаты выглядалi дробненькiмi i архаiчна-патрыярхальнымi. Пэрспэктыўны малады партыйны функцыянэр жыў асобна ад бацькоў, таму няхiтрая апека блiзкiх не раздражняла Белановiча. Наадварот, яму самому падабалася дапамагаць старым - i харчамi, i парадамi адносна прыстасаваньня да новых парадкаў.

Час ад часу, калi апаноўвала бессань, Булановiч заплюшчанымi вачыма да драбнiцаў разглядваў адваротны бок Месяца цяпершчыны. У дзяцiнстве, падчас вучобы ў народным вучылiшчы, ён захапiўся чытаньнем, чытаў дзень i ноч, падарожнiчаў зь героямi кнiгаў па далёкiх, дзiўных краiнах, рабiўся сьведкам неверагодных прыгодаў, у думках сягаў у вабнае, паўнавартаснае, шматколернае жыцьцё. А наўкол панаваў шэры сум. Ён адчуваў, што звыклае, рэальнае жыцьцё, якое каструбаватым шаронам пакрывала тутэйшыну да недасяжнага далягляду кепскае, зануднае, разбуральнае. Водсьветы чагосьцi iншага, прывабнага мроiлiся наперадзе. Аднак чым далей Булановiч рухаўся насустрач мройным агеньчыкам, тым часьцей яго наведвалi прыступы пэсы-мiзму. Ён стамляўся ад сяброўскiх вячорак, яго раздражнялi эмансыпаваныя жанчыны ў скуранках, было прыкра назiраць за двулiкасьцю новай улады. Булановiч меў прыстойнае выхаваньне, а сьветлы розум не дазваляў яму па-чорнаму глушыць трывож-ныя падазрэньнi гарэлкай.

Булановiч быў кансэрватарам. Ён любiў упарадкаванае жыцьцё, прыгожае сваiм ладам i сэнсам. А ў гэтай бессэнсоўнай мiтрэнзе, спрадвечныя жыцьцёвыя прызначэньнi, якiя згубiлiся i пераблыталiся памiж другасным i нават шкодным, несьлiся ў нейкую пагiбельную невараць. Дзень рабiўся як страшны сон жорсткiм, па-воўчаму драпежным. А ноч губляла ўсялякiя прыстойныя межы, яна ператваралася ў суцэльную воргiю, пiр сярод чумы.

Ён паспрабаваў ратавацца кнiгамi, але творы сучасных аўтараў здалiся яму горшымi за наўкольнае бязладзьдзе, больш нуднымi i няшчырымi. У кнiгах не было той кансэрватыўнай гармонii, раўнавагi, якой шукаў Булановiч. Ён знаходзiў мiж радкоў падабенства з малюнкамi свайго дзяцiнства, з сучаснымi партыйнымi задачамi дня, але гэтыя згадкi толькi вярталi былую дзiцячую роспач. Да яе дадавалiся дарослыя расчараваньнi. Аблокi юначых летуценьняў упарта разганяў вецер. Разуменьне таго, што ён нiчога ня можа перайначыць у сваiм лёсе, ня можа пайсцi ў iншым кiрунку, драпала кiпцямi душу. Яго несла ашалелая плыня, як трэску, як пёрка птушкi, а спадчынная памяць пра дрэва i лес, пра крылы i неба вярэдлiва не давала спакою. Ён ня мог схавацца ад наканаванага ў гэтым вялiкiм горадзе, ён ня мог схавацца ў вёсцы, ва ўсёй краiне. Яго нiхто б не шукаў, ён сам знайшоўся б, сам выдаў бы сябе, як жырафа мiж родных хмызьнякоў i пералескаў.