Выбрать главу

- Табе прыснілася.

Гэта было ўжо занадта для Эдгара. Праўда, ён ведаў цяпер, што дарослыя хлусяць, што яны спрытна ўжываюць дробязнае ашуканства, празрысты падман і хітрыя двухсэнсоўнасці, але гэтае нахабнае, абыякавае адпіранне з вока на вока прыводзіла яго ў шаленства.

- А гуз на лбе мне таксама прысніўся?

- Адкуль я ведаю, з кім ты пабіўся? Але я не збіраюся з табою спрачацца. Ты павінен слухацца, і ўсё. Садзіся і пішы!

Яна была вельмі бледная і напружвала апошнія сілы, каб захаваць самавалоданне.

Але ў Эдгара быццам штосьці абарвалася, згасла апошняя іскра веры. Да яго ніяк не даходзіла, што можна вось так проста растаптаць нагамі праўду, нібы запаленую сярнічку. Сэрца сціснула нечым халодным, і словы вырваліся з'едлівыя, злосныя, здзеклівыя:

- Вось як? Усё гэта мне прыснілася? Усё, што было ў калідоры, і гэты гуз? І што вы ўчора гулялі ў месячным святле і што ён хацеў павесці цябе па цёмнай сцяжынцы - і гэта таксама прыснілася? Ты думаеш, мяне можна замкнуць у пакоі, як маленькага? Не, я не такі дурны, як вы думаеце. Я ведаю, што ведаю.

Ён дзёрзка глядзеў ёй у вочы; бачыць перад сабою гэтак блізка твар свайго сына, перакрыўлены нянавісцю, было звыш яе сілы. Ужо не валодаючы сабою, яна крыкнула:

- Марш! Пішы зараз жа! Або...

- Або што?.. - з выклікам спытаўся ён.

- Або я адлупцую цябе, як маленькае дзіця!

Эдгар, насмешліва ўсміхаючыся, зрабіў крок ёй насустрач. І тут жа адчуў, што яго ўдарылі па твары. Эдгар ускрыкнуў. І, як тапелец, які сутаргава б'е рукамі, ён, нічога не ўсведамляючы, акрамя глухога шуму ў вушах і чырвоных кругоў перад вачыма, кінуўся на яе з кулакамі. Ён адчуў, што б'е ў нешта мяккае, вось цяпер у яе твар, пачуў крык...

Гэты крык вярнуў яму прытомнасць. Ён раптам убачыў самога сябе і зразумеў усю жахлівасць свайго ўчынку: ён біў маму! Страх авалодаў ім, і сорам, і жах, нястрымнае жаданне ўцячы, знікнуць, праваліцца скрозь зямлю, куды-небудзь збегчы, толькі б не сустракацца з ёю позіркам. Ён кінуўся да дзвярэй, прамчаўся па лесвіцы, выскачыў на вуліцу - куды-небудзь прэч, прэч адсюль, як быццам за ім гналася цэлая зграя сабак.

Першы ўрок

Ён спыніўся толькі на значнай адлегласці на дарозе ўнізе. Ён мусіў ухапіцца за дрэва, так моцна дрыжалі калені ад стаху і хвалявання, так хрыпла вырывалася дыханне з навярэджаных грудзей. Жах ад зробленага, які неадступна імчаўся за ім, цяпер трымаў яго за горла, калаціў як у ліхаманцы. Што рабіць? Куды ўцякаць? Ужо тут пасярод гэтага ляска, недалёка ад гатэля, усяго за якіх пятнаццаць хвілін хады ад яго, яго ахапіла пачуццё адзіноты. Усё здавалася інакшым - варожым і непрыязным, з таго часу як ён застаўся адзін і яму ніхто не мог дапамагчы. Дрэвы, якія яшчэ ўчора па-братняму шумелі навокал, цяпер тоўпіліся змрочна і злавесна. А тое, што чакае яго, будзе куды болей страшным і незразумелым. Галава кружылася ў хлопчыка ад думкі, што ён адзін у вялізным, невядомым свеце. Не, гэтага яму яшчэ не вытрываць аднаму. Але да каго яму ўцякаць? Таты ён баяўся; той быў запальчывы, недаступны і адразу ж адправіць яго назад. Але назад ён не хоча, лепей кінуцца ў чужы свет, небяспечны і невядомы: яму здавалася, што ён ніколі болей не адважыцца паглядзець у мамін твар, па якім ударыў кулаком.

Тады ён успомніў бабулю, добрую, мілую старэнькую, якая песціла яго з дзяцінства і заўсёды заступалася, калі яму пагражала кара ці незаслужаная крыўда. Ён знойдзе прытулак у Бадэне, пакуль не міне першы выбух гневу, адтуль напіша ліст бацькам і папросіць прабачэння. За гэтую чвэрць гадзіны ён ужо адчуў сябе настолькі ўніжаным, - ад адной думкі, што ён, бездапаможны хлопчык, застаўся адзін на ўсім свеце, - што ён пракляў сваю гордасць, якую выклікаў у яго маною чужы чалавек. Ён хацеў зноў стаць дзіцём, такім, якім быў раней, паслухмяным, цярплівым, без прэтэнзій, усю недарэчнасць якіх ён цяпер разумеў.

Але як дабрацца да Бадэна? Як адолець такую вялікую адлегласць? Ён паспешліва дастаў маленькі скураны партманет, які заўсёды насіў з сабою. Дзякуй богу, там яшчэ паблісквае новенькі залаты ў дваццаць крон, які яму падарылі да дня нараджэння. Ён усё не мог ніяк адважыцца патраціць яго, ледзь не кожны дзень правяраў, ці ляжыць ён на месцы, з асалодаю разглядваў яго, адчуваючы сябе багачом, і з удзячнаю ласкаю старанна цёр яго насоўкаю, пакуль манета не пачынала блішчаць, як маленькае сонца. «Але ці хопіць гэтых грошай?» - раптам спалохана спытаў ён сябе. Ён часта ездзіў чыгункаю і ні разу не падумаў аб тым, што за гэта трэба плаціць і колькі гэта каштуе - адну крону ці сто. Упершыню ён зразумеў, што ў жыцці ёсць рэчы, аб якіх ён ніколі не задумваўся, што ўсе навакольныя рэчы, якія ён трымаў у руках, якімі ён гуляў, мелі кожная свой кошт, сваю асобую вагу. Ён яшчэ гадзіну таму назад лічыў сябе ўсёведным, а аказваецца, праходзіў абыякава міма тысячы таямніц і загадак; і ён з сорамам прызнаваўся сабе, што яго ўбогая мудрасць спатыкнулася ўжо на першай ступені ўваходу ў жыццё. Усё большы страх авалодваў ім, усё карацей рабіліся яго няўпэўненыя крокі па дарозе да станцыі. Як часта ён марыў аб такіх уцёках, марыў акунуцца ў жыццё, стаць імператарам або каралём, салдатам або паэтам - а цяпер ён нерашуча глядзеў на маленькі светлы вакзальны будынак і думаў толькі аб адным: ці хопіць яму дваццаці крон, каб дабрацца да бабулі?