Выбрать главу

На целе Iнгiльберта не было нiякiх слядоў калецтва, апрача кровападцёку на iлбе. Iварсаны сказалi, што ён стукнуўся галавой аб камень, калi павалiўся. Але хiба гэты крывавы жаўлак не мог быць нанесены тоўстай сукаватай палiцай, якую трымаў у руках Паўль Элiясан.

Ротмiстр стаяў, апусцiўшы вочы. Ён пакутлiва змагаўся з самiм сабой. Нiколi не чуў ён аб гэтых трох нiчога, апрача добрага, i яму нiяк не верылася, што яны забойцы i злодзеi.

Чалядзiнцы акружылi ротмiстра. Сёй-той з iх ужо бразгаў зброяй, i ўсе да аднаго лiчылi, што без бойкi iм адсюль не пайсцi.

Тады да ротмiстра падышоў Эрык Iварсан.

- Мы, браты, - сказаў ён, - ды i прыёмыш наш Паўль Элiясан, якi ў хуткiм часе стане мне зяцем, разумеем, што думаеце пра нас вы, пан ротмiстр, i вашы людзi. Дык вось, па-нашаму, не варта нам разыходзiцца, пакуль вы не загадаеце абшукаць нашы кiшэнi i вопратку.

Ад такой прапановы ў панурага ротмiстра стала лягчэй на сэрцы. Ён пачаў адмаўляцца. Iварсаны, ды i iхнi прыёмны сын такiя людзi, што iх i западозрыць немагчыма.

Але сяляне хацелi пакончыць з гэтай справай. Яны самi пачалi выварочваць свае кiшэнi i разуваць чаравiкi. Тады ротмiстр махнуў рукой чалядзiнцам, каб тыя выканалi iх волю i абшукалi.

Пярсцёнак так i не знайшоўся, але ў берасцяным кашы, якi Iвар Iварсан насiў за спiнай, знайшлi саф'янавую торбачку.

- Гэта ваша торбачка? - запытаўся ротмiстр пасля таго як пераканаўся, што яна пустая.

Калi б Iвар Iварсан адказаў сцвярджальна, то i ўсё, магчыма, на гэтым бы скончылася. Але замест гэтага ён спакойна прызнаўся:

- Не, не наша; яна валялася на сцяжынцы, непадалёк ад таго месца, дзе павалiўся Iнгiльберт. Я падняў торбачку i кiнуў яе ў кош, бо яна падалася мне новенечкай.

- Але ў такой вось торбачцы i ляжаў пярсцёнак, калi пастар шпурнуў яго Iнгiльберту, - сказаў ротмiстр; i твар ягоны i голас зноў азмрочылiся. Цяпер жа вам, Iварсанам, нiчога не застаецца, як пайсцi са мной да ленсмана, калi вы не лiчыце за лепшае дабравольна вярнуць мне пярсцёнак.

Цярплiвасць сялян з Ольсбю лопнула.

- Няма ў вас, пан ротмiстр, такога права, каб прымусiць нас iсцi ў турму, - прамовiў Эрык Iварсан.

Ён схапiўся за рагацiну, якая ляжала побач з Iнгiльбертам, каб пракласцi сабе шлях, а брат ягоны з будучым зяцем далучылiся да яго.

У першы момант аслупянелыя жыхары Хедэбю былi падалiся назад, ледзь не адпiхнуўшы ротмiстра, якi засмяяўся ад радасцi, што нарэшце ўжо дасць доўгачаканы выхад свайму гневу, прымянiўшы сiлу. Выхапiўшы шаблю, ён секануў па рагацiне.

Але гэта быў адзiны ратны подзвiг, здзейснены ў гэтай сутычцы. Чалядзiнцы адцягнулi яго i вырвалi шаблю з рук.

Здарылася так, што i ленсман Карэлiус надумаў накiравацца той ранiцай у лес. У тую самую хвiлiну ён у суправаджэннi стражнiка паказаўся на сцяжынцы. Зноў пачалiся пошукi i зноў дазнанне, але справа ўсё ж скончылася тым, што Эрык Iварсан, ягоны брат Iвар i iхнi прыёмны сын Паўль Элiясан былi ўзяты пад варту i адведзены ў турму па падазрэннi ў забойстве i разбоi.

VII

Нельга не прызнаць, што лясы ў нас у Вермландзе былi ў той час велiзарныя, а палi малыя, двары вялiкiя, затое хаты цесныя, дарогi вузкiя, затое ўзгоркi крутыя, дзверы нiзкiя, затое парогi высокiя, цэрквы непрыглядныя, затое службы доўгiя, днi жыцця кароткiя, затое беды незлiчоныя. Але з-за гэтага вермландцы зусiм не апускалi галавы i нiколi не скардзiлiся.

Бывала, мароз знiшчаў пасевы, драпежныя звяры - статкi, а крывавы панос - дзяцей: вермландцы ўсё роўна амаль заўсёды захоўвалi бадзёрасць духу. А iнакш што б з iмi здарылася?

Але, магчыма, першапрычынай таго было суцяшэнне, якое служыла як багатым, так i бедным, суцяшэнне, якое нiколi не здраджвала людзям i нiколi не ведала стомы.

Але не думайце, сапраўды, што суцяшэнне гэта было нечым узвышаным цi нечым урачыстым, накшталт слова божага, чыстага сумлення цi шчасця кахання! I ўжо зусiм не думайце, што было яно нечым ганебным цi небяспечным, накшталт валацужнiцтва цi гульнi ў косцi! А было яно чымсьцi зусiм бязвiнным i будзённым: нiчым самым, як полымем, якое няспынна гарэла ў ачагу зiмовымi вечарамi.

Госпадзi божа, якую прыгажосць i ўтульнасць надаваў агонь у самай убогай хацiне! А як жартаваў ён там з усiмi дамачадцамi вечары напралёт! Ён трашчаў i iскрыўся, i тады здавалася, быццам пасмейваецца з iх. Ён пляваўся i сыкаў, i здавалася, быццам дразнiць некага бурклiвага i злога. Часам ён нiяк не мог справiцца з якiм-небудзь сукаватым паленам. Тады ў пакоi станавiлася дымна i чадна, быццам агонь хацеў растлумачыць людзям, што яго кормяць надта скупа. Часам ён ухiтраўся ператварыцца ў гарачую кучу вугалю, якраз калi ў доме кiпела работа, так што заставалася толькi скласцi рукi на каленях ды гучна смяяцца, пакуль ён не ўспыхне зноў. Але больш за ўсё агонь сваволiў, калi гаспадыня прыходзiла з трохногiм чыгунком i патрабавала, каб ён кухарыў. Зрэдку агонь бываў паслухмяны i паслужлiвы i справу сваю рабiў хутка i ўмела. Але нярэдка ён гадзiнамi лёгка i гуллiва скакаў вакол катла з кашай, не даючы ёй закiпець.

Затое як весела, бывала, ззялi вочы гаспадара, калi наскрозь вымаклы i замёрзлы, ён вяртаўся ў непагадзь дамоў, а агонь сустракаў яго цяплом i ўтульнасцю! Затое цудоўна было думаць аб агнi, якi не спiць, выпраменьваючы яркае святло ў цёмную зiмовую ноч, нiбы пуцяводная зорка беднага вандроўнiка i быццам грозная перасцярога рысi i ваўку!

Але агонь у ачагу ўмеў не толькi саграваць, свяцiць i кухарыць. Ён здольны быў не толькi зiхацець, трашчаць, дымiць i чадзiць. Ён мог абудзiць у чалавечай душы жаданне гарэзаваць.

Бо што такое чалавечая душа, як не гарэзлiвае полымя? Так, так, яна i ёсць агонь! Полымя ўспыхвае ў самiм чалавеку, ахоплiвае яго i кружыцца над iм, якраз як агонь успыхвае ў шэрых паленах, ахоплiвае iх i кружыцца над iмi. Калi тыя, хто збiраўся зiмовымi вечарамi вакол палымнеючага агню, моўчкi сядзелi гадзiну-другую, гледзячы ў ачаг, агонь пачынаў размаўляць з кожным з iх на сваёй уласнай мове.

- Сястрыца Душа, - мовiла полымя, - хiба ты не такое ж полымя, як я? Чаму ж ты такая панурая, такая засмучаная?

- Братка Агонь, - адказвала чалавечая душа, - я калола дровы i гаспадарнiчала цэлы дзень. У мяне толькi i засталося моцы, каб моўчкi сядзець ды глядзець на цябе.