Выбрать главу

- Ведаю, - працягваў агонь, - але надышоў вечар. Рабi, як я! Палымней i свяцi! Весялiся i сагравай!

I душы слухалiся i пачыналi весялiцца. Яны расказвалi казкi, загадвалi загадкi, пiлiкалi на скрыпцы, выразалi завiткi i ружачкi на хатнiх рэчах i земляробчых прыладах. Гулялi ў розныя гульнi i спявалi песнi, выкуплялi фанты i згадвалi старадаўнiя прымаўкi. I мала-памалу адубелае цела адтайвала. Адтайвала i панурае сэрца. Людзi ажывалi i весялелi. Агонь i гульнi ля ачага давалi iм сiлы зноў жыць iх бедным i цяжкiм жыццём.

Але вось без чаго не абыходзiлася весялосць ля ачага, дык гэта ўжо без аповедаў пра самыя гераiчныя подзвiгi i прыгоды! Аповеды гэтыя падабалiся старым i маладым. Бо ў подзвiгах i прыгодах у гэтым свеце, слава богу, нiколi недахопу не было.

Але нiколi не было iх так шмат, як у часы Карла. Ён быў усiм героям герой, i гiсторый пра яго i ягоных воiнаў было безлiч! Гiсторыi гэтыя не знiклi разам з iм i яго ўладай, яны працягвалi жыць i пасля яго смерцi, стаўшы лепшай яго спадчынай.

Нi пра каго не любiлi так расказваць, як пра самога караля; ну а пасля яго любiлi яшчэ пагаварыць пра старога генерала з Хедэбю. Яго ведалi ў твар, з iм не раз размаўлялi i маглi апiсаць яго з ног да галавы.

Генерал быў такi дужы, што гнуў падковы, як iншыя гнулi звычайныя стружкi. Аднойчы ён даведаўся, што ў Смедсбю ў далiне Свартшо жыве каваль, якi лепш за ўсiх у акрузе куе падковы. Генерал паехаў да яго ў далiну i папрасiў Мiкеля з Смедсбю падкаваць яму каня. А калi каваль вынес з кузнi гатовую падкову, генерал запытаўся, цi нельга спачатку зiрнуць на яе. Падкова была трывалая i зробленая на сумленне, але, разгледзеўшы яе, генерал рассмяяўся.

- Гэта, па-твойму, падкова? - запытаўся ён i, сагнуўшы яе, пераламаў на дзве часткi.

Каваль перапалохаўся, вырашыўшы, што выканаў дрэнна работу.

- У падкове, пэўна, была расколiна, - сказаў ён i паспяшаўся назад у кузню па iншую падкову.

Але i з ёю выйшла як з першай, з той толькi рознiцай, што яе сцiснулi, быццам клешчамi, пакуль i яна не пераламалася напалам; далiбог, так яно i было. Але тут Мiкель западозрыў нядобрае.

- Ужо цi не сам ты кароль Карл, а можа, Бенгт з Хедэбю? - сказаў ён генералу.

- Малайчына, Мiкель, правiльна адгадаў, - пахвалiў каваля генерал i тут жа заплацiў Мiкелю спаўна i за чатыры новыя падковы, i за тыя дзве, што зламаў.

Нямала i iншых гiсторый хадзiла пра генерала. Iх расказвалi бясконца, i ва ўсiм павеце не знайшлося б чалавека, якi не ведаў бы пра старога Лёвеншольда, не паважаў яго цi не ставiўся б да яго з глыбокай пашанай. Ведалi i пра генеральскi пярсцёнак, усе ведалi пра тое, як разам з генералам яго паклалi ў магiлу; але чалавечая сквапнасць была такая вялiкая, што пярсцёнак у генерала ўкралi.

Цяпер вы можаце ўявiць сабе! Калi ўжо што i магло абудзiць у людзей iнтарэс, цiкаўнасць i хваляванне, дык гэта вестка аб тым, што пярсцёнак знойдзены i згублены зноў, што Iнгiльберта знайшлi ў лесе мёртвага, а сялян з Ольсбю падазраюць у крадзяжы пярсцёнка i яны сядзяць пад вартай.

Калi прыхаджане вярталiся ў нядзелю пасля паўдня з царквы дамоў, там ледзь маглi дачакацца, калi яны здымуць з сябе святочнае адзенне i перакусяць; iм прыходзiлася адразу расказваць усё, што пасведчылi на судзе сведкi, i ўсё, у чым прызналiся абвiнавачваемыя, а таксама якi, на думку людзей, будзе прыгавор.

Нi пра што iншае i гаворкi не было. Кожны вечар у вялiкiх дамах i малых хацiнах, як у тарпалаў, так i ў заможных сялян, каля ачага чынiлi суд.

Жахлiвая гэта была справа, ды i дзiўная, таму i няпроста было разабрацца ў ёй па справядлiвасцi. Нялёгка было вынесцi канчатковае рашэнне, бо цяжка, ды i амаль немагчыма было паверыць, што Iварсаны i iхнi прыёмны сын нiбыта забiлi чалавека з-за пярсцёнка, якiм бы каштоўным ён нi быў.

Узяць хаця б Эрыка Iварсана. Быў ён чалавек багаты, валодаў вялiкiмi ўгоддзямi i мноствам хат. Калi i вадзiўся за iм якi грэх, дык толькi той, што быў горды i празмерна клапацiўся пра свой гонар. Але таму i цяжка было зразумець, што якi-небудзь скарб у свеце мог прымусiць яго пайсцi на ганебны ўчынак.

Яшчэ менш можна было западозрыць ягонага брата Iвара. Вядома, ён быў бедны, затое жыў у свайго брата на хлебе, атрымлiваючы ад яго чаго толькi пажадае. Ён быў такi дабрадушны i раздаваў усё, што ў яго было! Няўжо такому чалавеку магло прыйсцi ў галаву ўчынiць забойства i разбой?

Што тычыцца Паўля Элiясана, то было вядома, што Iварсаны яго любiлi i ён павiнен жанiцца на Марыт Эрыксдотэр, адзiнай бацькавай наследнiцы. Зрэшты, ён жа быў з тых, каго можна было западозрыць хутчэй за ўсё: бо ён па нараджэннi iншаземец, а пра iншаземцаў вядома, што крадзеж яны не лiчаць за грэх. Iвар Iварсан прывёў Паўля з сабой, калi вярнуўся дамоў з палону. Хлопчык быў сiрата з трох год i, калi б не Iвар, памёр бы з голаду ў роднай краiне. Праўда, выхавалi яго Iварсаны сумленным i справядлiвым, ды i вёў ён сябе заўсёды як належала. Вырас ён разам з Марыт Эрыксдотэр, яны пакахалi адно аднаго, i неяк не верылася, што чалавек, якога чакаюць шчасце i багацце, раптам возьме ды i паставiць усё гэта на карту, украўшы пярсцёнак.

Але, з iншага боку, не варта было забываць i генерала, пра якога людзi змалку чулi столькi розных легенд i гiсторый, якога ведалi, бадай, не горш за роднага бацьку, генерала, якi быў высокi ростам, магутны i варты даверу. А цяпер ён памёр, i ў яго ўкралi самае дарагое з ягонай маёмасцi.

Генерал ведаў, што калi Iнгiльберт Бордсан уцякаў з дому, пярсцёнак быў у яго, iнакш Iнгiльберт спакойна накiраваўся б сваёй дарогай i не быў бы мёртвым. Генерал, пэўна, таксама ведаў, што сяляне з Ольсбю ўкралi пярсцёнак, iнакш бы iм нiяк не сустрэўся на дарозе ротмiстр, iх не ўзялi б пад варту i не трымалi б пад арыштам.

Так, складана было разабрацца па справядлiвасцi ў такой справе, але на генерала спадзявалiся нават больш, чым на самога караля Карла. I амаль на ўсiх судовых разборах, якiя вялiся ў бедных хацiнах, быў вынесены абвiнаваўчы прысуд.

Вялiкае здзiўленне, вядома, выклiкала тое, што павятовы суд, якi засядаў у судовай палаце на ўзгорку ў Брубю, учынiўшы абвiнавачваемым найстрогае дазнанне, але так i не выкрыўшы iх i не схiлiўшы да прызнання вiны, вымушаны быў апраўдаць сялян, якiх абвiнавацiлi ў забойстве i разбоi.

Аднак на волю iх не выпусцiлi, бо прыгавор павятовага суда павiнен быў зацвердзiць каронны суд, а каронны суд палiчыў сялян з Ольсбю вiнаватымi i прыгаварыў iх да павешання.