Выбрать главу

- А я павяду каня вашага, глыбокапаважаны пан пастар, не хвалюйцеся, сказаў Iнгiльберт i ў той жа мiг схапiў пастарскага каня за павады.

Калi ж яны апынулiся пасярод балота, дзе з усiх бакоў iх акружала толькi зыбкая багна, Iнгiльберт пачаў падаваць пастарскага каня назад. Здавалася, ён хацеў прымусiць яго звалiцца з вузкай грэблi.

Конь стаў на дыбкi, а пастар, якi з цяжкасцю ўтрымлiваўся ў сядле, закрычаў праваднiку, каб той пабаяўся бога, адпусцiў павады. Але Iнгiльберт, здавалася, нiчога не чуў, i пастар убачыў, як ён, пацямнеўшы тварам, сцяўшы зубы, спрабуе адолець каня, каб спiхнуць яго ўнiз у багну. I жывёлiну i коннiка чакала немiнучая смерць.

Тады пастар выцягнуў з кiшэнi саф'янавую торбачку i шпурнуў яе прама ў твар Iнгiльберту.

Той адпусцiў павады, каб злавiць торбачку, i адчуўшы свабоду, пастарскi конь з перапуду рвануўся наперад па вузкай грэблi. Iнгiльберт застыў на месцы, не зрабiўшы нiякай спробы дагнаць пастара.

V

Не прыходзiцца здзiўляцца, што пасля такога ўчынку Iнгiльберта ў пастара памутнела ў галаве. Дзень ужо хiлiўся да вечара, калi яму ўдалося дабрацца да жылля. Нiчога мудронага не было i ў тым, што з лесу ён патрапiў не на дарогу ў Ольсбю, якая была i лепшая i карацейшая за астатнiя, а паскакаў у аб'езд на поўдзень, так што неўзабаве апынуўся каля самай брамы Хедэбю.

Блукаючы на канi ў лясным гушчары, ён толькi падумваў аб тым, каб, вярнуўшыся шчаслiва дамоў, перш-наперш паслаць па ленсмана* i папрасiць яго накiравацца ў лес адабраць у Iнгiльберта пярсцёнак. Але, праязджаючы мiма Хедэбю, ён задумаўся, а цi не павярнуць яму туды па дарозе i цi не расказаць ротмiстру Лёвеншольду, хто адважыўся спусцiцца ў склеп i ўкрасцi каралеўскi пярсцёнак.

* Ленсман - службовая асоба, прадстаўнiк каралеўскай улады на месцах.

Здавалася б, навошта доўга ламаць галаву над такой яснай справай. Але пастар усё ж вагаўся, ведаючы, што ротмiстр i яго бацька не вельмi ладзiлi мiж сабой. Ротмiстр быў настолькi ж мiралюбiвы, наколькi бацька яго ваяўнiчы. Ён паспяшаўся выйсцi ў адстаўку, як толькi быў заключаны мiр з расейцамi*, i з таго часу ўсе свае сiлы аддаваў на аднаўленне росквiту краiны, лiтаральна даведзенай да галечы за гады вайны. Ён быў супраць адзiнаўладдзя i вайсковых ушанаванняў i нават часам дрэнна выказваўся пра самога Карла XII, пра яго высокую персону, як, зрэшты, i пра многае iншае, што так высока цанiў яго стары бацька. Для большай дакладнасцi патрэбна сказаць, што сын актыўна ўдзельнiчаў у рыксдагаўскiх спрэчках**, прычым заўсёды як сябра партыi прыхiльнiкаў мiру. Так, у сына з бацькам нямала было зачэпак для сварак.

* 30 жнiўня 1721 г. быў заключаны мiрны дагавор памiж Расеяй i Швецыяй (Нiштацкi мiр), згодна з якiм да Расеi адышлi Iнгерманландыя, Лiфляндыя, Эстляндыя, Выбарг i паўднёва-заходняя Карэлiя.

** У 1713 г., насуперак забароне Карла XII, быў склiканы рыксдаг, на якiм разгарнулiся дэбаты наконт далейшага палiтычнага курсу краiны. Большасць членаў рыксдага рашуча патрабавала неадкладнага заключэння мiру.

Калi сем гадоў таму быў украдзены генеральскi пярсцёнак, пастар, ды i многiя iншыя палiчылi, што ротмiстр не вельмi стараецца атрымаць яго назад. Усё гэта прымусiла цяпер пастара падумаць: "Якая карысць, калi я вазьму на сябе клопат злезцi з каня тут, у Хедэбю. Ротмiстр усё роўна не запытаецца, хто носiць сягоння каралеўскi пярсцёнак на пальцы - бацька цi Iнгiльберт. Лепш за ўсё мне адразу ж паведамiць аб крадзяжы ленсману Карэлiусу".

Але пакуль пастар такiм чынам раiўся з самiм сабой, ён убачыў, што брама, якая перагароджвала шлях у Хедэбю, цiхенька адчынiлася, ды так i засталася адчыненай насцеж.

Гэта быў сапраўды цуд, але цi мала на свеце розных брам, якiя такiм жа чынам расчыняюцца самi па сабе, калi яны дрэнна зачынены. I пастар не стаў больш ламаць галаву над гэтымi абставiнамi, але палiчыў iх знакам таго, што яму патрэбна заехаць у Хедэбю.

Ротмiстр прыняў яго гасцiнна, куды больш ветлiва, чым звычайна.

- Якi гонар для нас, што вы, высокапаважаны брат, зазiрнулi да нас. Я якраз вельмi хацеў сустрэцца з вамi i сягоння некалькi разоў намерваўся пайсцi да вас у маёнтак i пагаварыць аб адной надта незвычайнай справе!

- Дарэмна б толькi схадзiлi, брат Лёвеншольд, - сказаў пастар. - Яшчэ на свiтаннi я паехаў вярхом па прыхадскiх справах на сетэр у Ольсбю i вось толькi зараз вяртаюся назад. Ну i дзянёк выпаў для мяне, старога! Столькi прыгод!

- Тое ж i са мной было, хоць я наўрад цi ўставаў сягоння з крэсла. Запэўнiваю вас, высокапаважаны брат, што хоць мне хутка мiне пяцьдзесят i я трапляў у розныя пераплёты, як у суровыя ваенныя гады, так i потым, цудаў, падобных сягонняшнiм, мне сустракаць не даводзiлася.

- А калi так, - прамовiў пастар, - першае слова я ўступаю вам, брат Лёвеншольд. Я таксама магу расказаць вам, высокапаважаны брат, вельмi цiкавую гiсторыю. Але не буду сцвярджаць, што яна самая дзiўная з усiх, якiя здаралiся са мной у жыццi.

- Але, магчыма, - запярэчыў ротмiстр, - вам, высокапаважаны брат, мая гiсторыя зусiм не падасца такой ужо незвычайнай. Таму я i хачу запытацца: вы чулi, пэўна, што расказваюць пра Гатэнйельма*?

* Гатэнйельм - Ларс (Ласэ) Андэрсан Гатэ (1689-1718) - вядомы шведскi марак. Нарадзiўся ў сялянскай сям'i, плаваў на шведскiх i замежных гандлёвых суднах. У час Паўночнай вайны арганiзаваў каперскую флатылiю (гл. нiжэй). Нажыў вялiкiя багаццi i часткова субсiдзiраваў каралеўскую казну. У 1715 г. яму быў нададзены дваранскi тытул, пасля чаго стаў называцца Гатэнйельмам. Узвышэнне яго было адмоўна сустрэта шведскай арыстакратыяй, бо яго падазравалi ў сувязях з пiратамi. Загiнуў у марской бiтве пры Гётэборгу.

- Пра гэтага жахлiвага пiрата i адчайнага капера*, якому кароль Карл надаў чын адмiрала? Хто ж не чуў, што пра яго расказваюць!

* Капер - уладальнiк судна цi флатылii, якi займаецца ў час вайны марскiм разбоем у нейтральных водах. У адрозненне ад пiратаў каперы нападалi толькi на варожыя судны з ведама свайго ўрада, атрымлiваючы на гэта спецыяльную грамату. Каперства iснавала ў Эўропе да сярэдзiны XIX ст.

- Дык вось, - працягваў ротмiстр, - сягоння ў абед размова зайшла пра даўнiя ваенныя гады. Мае сыны i iхнi гувернёр пачалi распытвацца ў мяне, як i што было ў даўнiну; маладыя ж любяць слухаць пра мiнулае. I заўважце сабе, брат мой, яны нiколi не пытаюцца пра тую гарачую i суровую пару, якую давялося перажыць нам, шведам, пасля смерцi Карла, калi мы з-за вайны ды безграшоўя адсталi ва ўсiм. Не, iх цiкавяць толькi згубныя ваенныя гады! Далiбог, i не паверыш: яны ж лiчаць нi за што аднаўленне гарадоў, якiя згарэлi дашчэнту, узвядзенне заводаў i мануфактур, выкарчоўку лесу i пад'ём цалiны. Думаецца, мой брат, сыны мае саромеюцца мяне i маiх сучаснiкаў за тое, што мы пакончылi з ваеннымi паходамi i перасталi спусташаць чужыя землi. Вiдаць, яны мяркуюць, што мы значна горшыя за нашых бацькоў i што нам здрадзiла былая магутнасць шведаў!