— Дык чаму ж так зрабіла?
А яна падняла на яго ірысавыя вочанькі, потым спусціла сарамяжліва голаў і кажа: — Ты ведаеш… Вініць змоўк на момант, перапоўнены шчасцем, а пасля гаварыў далей: як паволі пераконваўся, што яна цалкам адметная ад рымлянак, хіба да аднае Пампоніі падобная. Не ўмеў ёй добра расталкаваць, бо й сам не цяміў сваіх адчуванняў, бачачы, што ў асобе ейнай прыходзіць на свет зусім іншая краса, якое да гэтых пор зусім не бывала, і якая не толькі ёсць мармуравым архітворам, але й душою. Сказаў прымеж таго і тое, як ён кахаў яе нат за ейныя ўцёкі ад яго, ды што будзе святою яму пры вогнішчы. Хапіў пасля яе за руку і, не могучы далей гаварыць, толькі любаваўся ёю з захапленнем, як знойдзеным шчасцем, ды паўтараў ейнае імя, казаў бы жадаў упэўніцца, ці знайшоў яе, ці ёсць яна пры ім: — Ах, Лігія! Лігія!..
У канцы пачаў яе распытваць пра ейныя перажыванні, а яна прызналася яму, што яго пакахала яшчэ ў Аўлаў, што была б сазналася ў каханні, калі б адвёў назад яе з Палатыну, і памагла б яму іх перапрасіць.
— Я прысягаў табе, — кажа Вініць, — што мне і ў голаў нат не прыходзіла адбіраць цябе ў Аўлюсаў. Пятроні некалі скажа табе, тады ж яшчэ прызнаваўся яму я, што кахаю цябе і хачу звянчацца. Сказаў яму гэтак: «Хай намасціць мае дзверы воўчым тукам і засядзе пры маім вогнішчы!» Але ён выкпіў мяне і падсунуў цэзару думку, каб зажадаў цябе як заложніцы ды аддаў мне.
Колькі ж разоў я праклінаў яго падчас журбы, але, можа, гэта памысны трап, бо інакш не пазнаёміўся б я з хрысціянамі ды не зразумеў бы цябе.
— Вер мне, Марк, — адказала Лігія, — гэта Хрыстус вёў цябе да сябе гэтаю дарогаю.
Вініць зрабіў галавою жэст здзіўлення.
— Праўда! — жыва прытаківаў. — Усё так дзіўна сплялося, што я, гукаючы цябе, знайшоў хрысціянства… У Острыянуме з подзівам слухаў Апостала, бо такіх рэчаў ніколі не чуў. Ты малілася за мяне?
— Так! — цвердзіла Лігія.
Прайшлі міма абзелянелага летніка і падыйшлі да мейсца, дзе Урсус, задавіўшы Кратона, кінуўся на Вініція.
— Тут, — кажа юнак, — каб не ты, быў бы мне канец.
— Не згадвай і не дакарай яму за гэта.
— Ці ж я мсціўся б яму за тое, што цябе бараніў? Вызваліў бы зараз, калі б ён быў нявольнікам.
— І Аўлюсы яго даўно вызвалілі б.
— Памятаеш, — прыгадваў Вініць, — як я маніўся цябе аддаць Аўлам?
Але ты не хацела, бо мог бы даведацца аб гэтым цэзар і мсціцца над імі. Ну а цяпер магчымеш з імі спатыкацца даўспадобы.
— Як гэта, Марк?
— Кажу «цяпер», а маю на думцы тую хвіліну бяспечную, калі будзеш ужо маёю. Так!.. Бо калі б цэзар, даведаўшыся, спытаў, што я зрабіў з закладніцай, якую мне паверыў, адкажу: «Звянчаўся з ёю, і да Аўлаў ходзіць з мае волі». Ён доўга не будзе ў Анцыюме, бо яму хочацца ў Ахайю, а хоць бы й забавіўся, не патрабую спатыкацца з ім штодзень. Як Павал навучыць мяне вашае веры, зараз прыйму хрост і вярнуся сюды, адсвяжу прыязнь з Аўламі, якія на днях вернуцца ў горад, і не будзе ўжо перашкод, а тады забяру цябе і пасаджу ля майго вогнішча. О carissima, carissima!
Сказаўшы гэта, выцягнуў рукі, казаў бы неба заклікаў у сведкі свайго кахання, а Лігія, падняўшы на яго палаючыя вочы, дасказала: — І тагды прысягну: «Дзе ты, Кай, там і я, Кая».
— Не, Лігія! — адазваўся Вініць. — Прыракаю табе, што ніколі ніводная жанчына не была, можа, так паважана ў доме, як ты будзеш у мяне.
Праз хвіліну йшлі моўчкі, не могучы змясціць у грудзях шчасця, раскаханыя ў сабе, падобныя да пары бостваў, так прыгожыя, як бы іх разам з кветкамі вычаравала вясна.
Затрымаліся ўрэшце пад цыпрысам недалёка ўваходу ў дом. Лігія абаперлася ля дрэва, а Вініць пачаў прасіць дрыжачым голасам: — Загадай Урсусу прынесці ад Аўлаў да мяне твае манаткі й забаўкі.
А яна, зачырванеўшыся, бы ружа ці зарніца, перасцерагла: — Звычай дыктуе йнакш… — Я ведаю. Заносіць звычайна пронуба[48] за сужэнкаю, але ты зрабі для мяне вынятак. Я забяру іх з сабою ў маю віллу да Анцыюма, і будуць мне прыгадваць цябе.
Згарнуў рукі, бы дзіцянё, і налягаў далей:
— Пампонія на днях вернецца, дык зрабі мне прыемнасць, дзіва, зрабі, carissima мая!
— Хай Пампонія зробіць, як захоча, — адказала Лігія, румянячыся на ўспамін «пронубы».