Гледзячы на гэнае мора інструментаў, палыскуючых на сонцы золатам, бронзам, дарагім каменнем і перламутрам, можна было падумаць, што сам Апалон ці Бахус выбраліся ў падарожжа па свеце. Затым з’яўляюцца важныя карукі, поўныя штукароў, танцораў, танцорак, прыгожа згрупаваных, з тырсамі ў руках. За імі ехалі нявольнікі не для абслугі, але для збытку: дзяўчаткі й хлапчаняты, выбраныя з цэлае Грэцыі й Малое Азіі, даўгавалосыя або кучаравенькія ў залатых сетках, падобныя да амуркаў, чароўнага выгляду, але пакрытыя грубым слоем касметыкі, каб вецер, бач, не апаліў далікатнае іхняе скуры.
І зноў ступаў прэторыянскі аддзел велізарных сыкамбраў, барадатых, ясна- і рудавалосых, блакітнавокіх. Перад імі імагінарыі неслі рымскія арлы, табліцы з надпісамі, статуэткі багоў рымскіх і германскіх, а ўрэшце — статуэткі цэзара. З-пад вопраткі і ваяцкіх панцыраў відаць былі моцныя, загарэлыя, здольныя валадаць цяжкою зброяй рукі. Зямля стагнала пад іхнім роўным цяжкім ходам, а яны, казаў бы сведамыя сваёй сілы, якую маглі паказаць нат і супраць самога цэзара, важна пазіралі на вулічную чэрнь, відаць забыліся, што многія з іх прыйшлі сюды ў ланцугох. Але была іх невялікая толькі жменя, бо галоўныя прэторыянскія сілы заставаліся ў кватэрах на мейсцы дзеля старажавання гораду й трымання яго ў дысцыпліне. За імі вялі ездавых львоў і тыгрысаў Нэрона, каб было што запрэгчы на выпадак, калі б Нэрону заманілася наследваць Дыонізаса. Вялі іх гіндусы й арабы на сталёвых ланцугох з петлямі, але так упрыгожаныя кветкамі, як бы з самых кветак сплеценыя. Асвоеныя дазнанымі бестыярамі звяры пазіралі на масы народу сваімі соннымі зялёнымі зекрамі, часамі падыймалі вялікія галовы, уцягаючы храпліва ноздрамі людскі пот ды аблізваючы шурпаватым языком пашчу.
Далей ішлі цэзарскія калясніцы й лектыкі, большыя й меншыя, залатыя й пурпуровыя, выкладаныя слановай косцю, перламі, красуючы полыскам каштоўнасцяў; за імі шчэ адзін аддзел прэторыянаў у рымскай зброі, самых італьскіх ваякоў-ахвотнікаў[49] ды зноў грамады стройнае службы нявольніцкае й хлапчат, а ўрэшце ехаў сам цэзар, прыбліжэнне якога звяшчалі здалёк воклічы віватуючых народных масаў.
У тлуме народу стаяў і Апостал Пётр, які хацеў хоць раз у жыцці пабачыць цэзара. Пры ім была Лігія з атуленым тварам і Урсус, сіла якога была найпэўнейшаю апекаю сярод гэнай расхваляванай ды разбуянай хмары людское стыхіі. Ліг узяў адзін камень з будаўляных матар’ялаў святыні і прынёс яго пад ногі Апосталу, каб, стаўшы на ім, лепш было паглядаць. Ціжба спачатку бочылася, бо Урсус бесцэрэмонна распіхаў яе магутнымі рукамі, моў карабель — воды, а як убачыла яго, падымаючага камень, якога не магло чатырох асілкаў-работнікаў скрануць з мейсца, крычма дзівілася: «Macte!»[50] — чутно было навокал. Аж вось над’ехаў цэзар. Сядзеў на возе, падобным да балдахіну, цягнула яго шэсць белых ідумыйскіх, золатам каваных, вогіраў. Воз меў знарок бакі адкрытыя, каб глядзельнікі добра бачылі цэзара. Магло на ім змясціцца некалькі асоб, але, жадаючы ўвагу сцягнуць толькі на сябе, Нэрон ехаў праз горад сам, меў толькі ў нагах двух маленькіх вырадкаў-карлаў. Быў убраны ў белую туніку і аметыставую тогу, ад якое падаў сіняваты водблеск на ягонае аблічча. На галаве меў лаўровы вянок. Ад часу выезду ў Неапаль значна патлусцеў. Разліўся твар, падвоіўся й адвіс падбародак, а асаджаныя пад самым носам вусны цяпер зусім выдаваліся выкраенымі пад самымі ноздрамі. Грубая шыя была, як заўсёды, акручана шаўковай хусткай, сюдтут папраўляў яе пукатаю белаю рукою, аброслаю на перагібе рудавым валоссем, якога эпілятарам не даваў вырываць, каб не спрычыніць праз гэта, як яму талкавалі, дрыготы ў пальцах ды не ўтрудніць ігры на лютні. Бяздоннае пустагонства малявалася на ягоным твары, нясілле й нудаснасць. Наагул быў гэта твар страхотны й блазноцкі. Едучы, кідаў галавою на абодва бакі, жмурачы вочы й наслухоўваючы, бачна, як яго вітаюць. Вітала яго бура воплескаў: «Жыве боскі цэзар, імператар! Вітай, пераможнік! Вітай, Апалоне, незраўняны сыне Апалона!» Слухаючы гэных слоў, усміхаўся, але час ад часу прабягала яму па твары як бы хмара, бо рымская вуліца была з’ядлівая, куслівая і ў пачуцці стыхійнае сілы дазваляла сабе на кпіны й дацінкі нават вялікім трыумфатарам, такім, якіх іставетна любіла й шанавала. То ж калісь нат самому Юлію Цэзару крычала пры трыумфальным уездзе ў Рым: «Грамадзяне, хавайце жоны, едзе лысы распуст!» Страшэннае сябелюбства Нэрона не зносіла прыганаў і наругі, а прымеж таго з разбуянае грамады неслася: «Рудабароды! Рудабароды!.. Куды вязеш сваю вагністую бараду? Баішся, мусі, каб Рым ад яе не загарэўся?» І тыя, што крычалі, не ўцеялі таго, што жарт іхні крые ў сабе злавеснае прароцтва. Цэзара не надта гневалі падобныя прытычкі, тым больш, што барады не насіў, бо даўно ўжо ахвяраваў яе ў залатым куфэрку капіталінскаму Ёвішу. Іншыя з-за кучаў каменняў і зрубу святыні крычалі: «Маtricidа![51] Нэрон! Орэстэс! Алкмеон!», а іншыя: «Дзе Актавія?!», «Аддай пурпуру!» А на едучую тут жа за ім Папею крычалі: «Flava coma!»[52] — назовам гэтым бэсцілі вулічніц. Музыкальнае вуха Нэрона хапала й такія воклічы, тады прыкладаў да вока свой паліраваны шмарагд, як бы хочучы злавіць позір кам ды запамятаць тых, што так крычалі. Такім чынам зор ягоны затрымаўся на Апостале, стаячым на камяні. Праз момант двух тых чалавек глядзела самадруг на сябе, а нікому ні з таго важнага паходу, ні з тае хмары глядзельнікаў не прыйшло ў голаў, што пазіраюць на сябе ў гэнай хвіліне два валадары зямлі, з якіх адзін хутка міне, бы сон крывавы, а другі, той старац, адзягнуты прастачаю ляцэрнаю, абыйме на вечнае валаданне свет і горад.
49
Жыхары Італіі былі йшчэ пры Аўгусце вызвалены ад вайсковае службы, у выніку чаго так званая co-hors italica