Праехаў цэзар, а тут жа за ім васьмёх афраў пранесла пышную лектыку, у якой сядзела зненавіджаная народам Папея. Прыбрана была, як і Нэрон, у аметыставае акрыццё, з грубым слаём касметыкі на твары, непарушная, задуманая, сухадушная, выглядала моў якое боства, адначасна прыгожае й злое, несенае, як у працэсіі. У сляды за ёй цягнула цэлая сустань мужчынскае й жаночае службы ды цэлы абоз з прыборамі да выгодаў і строяў. Сонца добра ўжо схіліла з паўдня, як зачаўся праезд аўгустыянаў — светазарны, мігатлівы, палыскаючы, бы вуж, бясконцы провад. Лянівы Пятроні, спагадна вітаны народам, загадаў несціся ў лектыцы разам з сваёю, падобнаю да багіні, нявольніцай; Тыгэлін ехаў у карэце, цягнулі яе малыя конікі, прыстроеныя ў белыя й чырвоныя перыны.
Бачылі яго, як сюд-тут падымаўся на возе і, выцягаючы шыю, цікаваў, ці хутка цэзар загадае яму перасесці да сябе. Спаміж іншых народ вітаў воплескамі Ліцыніяна Пізона, смехам — Вітэлія, свістам — Ватынія. Ліцынія й Лекана, консулаў, прапусціў абыякава, але Тулія Сэнэцыя, які падабаўся народу няведама чаму, і Вестына публіка праводзіла воплескамі. Цэзарава світа была бязлікая.
Здавалася, усё багацейшае й важнейшае ці знатнейшае ў Рыме эмігруе да Анцыюма. Нэрон іначай не выбіраўся ў дарогу, як тысячай вазоў і штонайменш з адною легіяй прэторыян[53]. Паказвана з грамады і Даміцыя Афра, і згрыбелага Люцыя Сатурніна; бачылі Веспасыяна, які шчэ не выбраўся ў паход на Юдэю, з якога вярнуўся па цэзарскую карону; бачылі сыноў ягоных, і Нэрву маладога, і Люкана, і Аннія Галлёна, і Квінтыяна ды мноства матронаў, слаўных багаццем, красою, збыткоўнасцю й распустай. Вочы грамадаў пераносіліся з знаёмых абліччаў на вупраж, вазы, коні, дзівосныя строі службы, сабранае з усіх народаў свету. У гэным моры пышнаты й вялікасці няведама на што было глядзець. І не толькі вочы, але й думка асляплялася залатым бляскам, пурпурай і фіялетам, мігаценнем дарагіх каменняў, полыскам бісёраў, перламутру, слановае косці. Здавалася, і само сонца растаплялася ў гэным светазарным тапелішчы. І хоць сярод натаўпу нямала было злыдняў з падцягненым жыватом і голадам уваччу, гэтае відовішча ўсё ж такі не толькі будзіла ў іх ахвоту збыткаваць, зайздрасць, але напаўняла раскошай і гонарам, давала пачуццё магутнасці і жывучасці Рыму, якую падпіраў і перад якою стаяў на каленях увесь свет. Маўляў, не было нікога ў цэлым свеце, хто смеў бы думаць, што гэная магутнасць не перажыве ўсіх вякоў і народаў, што няма сілы на зямлі супраць яе.
Вініць ехаў на самым канцы світы, убачыўшы Апостала й Лігію неспадзявана, выскачыў з воза і, чула прывітаўшыся, гаварыў у спешцы:
— Прыйшла ты! Не ведаю, як табе ўжо й дзякаваць, Лігія!.. Бог лепшае варажбы мне саслаць не мог. Дык здароўлю цябе, развітваючыся, хоць не надоўга. Па дарозе расстаўлю коні і ў кожны дзень вольны буду пры табе, пакуль павароту сабе не выпрашу. Будзь здарова!
— Бывай здароў, Марк! — адказала Лігія й пасля дадала цішэй: — Хай цябе вядзе Хрыстус ды адкрые табе душу на словы Паўла.
Ён уцешыўся, што расходзіцца ёй пра тое, каб хутчэй стаўся хрысціянінам, дык сказаў: — Осеlle mi![54] Хай станецца па-твойму! Павал захацеў ехаць з маімі людзьмі, але ёсць тут і будзе мне правадніком і таварышам… Адхілі заслону, весялюшка мая, хай хоць раз яшчэ на цябе гляну перад дарогай. Чаму ты так закрылася?
Яна падняла рукою заслону і паказала сваё яснае аблічча ды чароўныя рассмяяныя вочы, пытаючы: — Гэта дрэнна?