Выбрать главу

Урэшце, аднак, дагледзеў праз дымную хмару цыпрысы ў агародзе Ліна.

Дамы за недабудаваным полем гарэлі ўжо, бы кастры дроў, але малая інсуля Лінава стаяла шчэ некранутай. Вініць глянуў з удзячнасцю ў неба і лучыў да яе праз гарачую задуху. Дзверы былі прычынены, піхануў іх і ўскочыў у сярэдзіну. У садку не было жывое душы, і дом выглядаў быццам зусім парожны.

— Можа, памерлі ад дыму й жагі, — падумаў Вініць. І пачаў клікаць: — Лігія! Лігія!

Маўчанне. Толькі гук далёкага вагню чуцён быў у цішы.

— Лігія!

Раптам чуе той жудасны рык, які чуў ужо раз у гэным садку. На недалёкай атоцы загарэўся, няйначай, віварыюм ля святыні Эскулапа, у якім усялякая зверына пачала з перапуду выць. Вініція праняла жудасць. Другі вось ужо раз, калі цалкам гарэў думкаю пра Лігію, адзываўся гэны злавесны рык, моў спагудная варажба.

Але гэта было кароткае мігавое ўражанне, бо страшнейшы ад звярынага рыку гук пажару выклікаў іншую думку: Лігія не адгукнулася, праўда, але магла быць у загрожаным будынку абамлелая або прыдушаная дымам. Вініць ускочыў у сярэдзіну дому. У малым атрыюме была пустата й цемра ад дыму. Шукаючы вобмацкам дзвярэй да кубікулаў, прыкмеціў мігатлівую лямпачку і, падыйшоўшы, бачыць лярарыюм, у якім замест ляраў быў крыж. Пад тым крыжам палаў святлічок. Праз голаў маладога катэхумена маланкаю прабегла думка, што гэны крыж ссылае яму той светачык, з якім магчыме знайсці Лігію, дык узяў яго ды пачаў шукаць кубікулаў. Знайшоўшы адно, адсунуў заслону — няма нікога.

Вініць быў пэўны, што гэта быў кубікулюм Лігіі, бо на сценах вісела ейная вопратка, на ложку ляжаў капітыюм[59]. Вініць схапіў яго, пацалаваў і, закінуўшы на плечы, пайшоў далей шукаць. Дамок быў малы, дык хутка перагледзеў усе каморы, а нат і падзямелле. Нідзе нікога ані духу. Было аж надта відавочным, што Лігія, Лін і Урсус разам з іншымі мяшчанамі гэнага кварталу мусілі ўцякаць ад пажару. «Трэ шукаць іх у натоўпе, за брамамі гораду», — праімчалася праз голаў Вініцію.

Не здзівіла яго надта тое, што не спаткаў іх на віа-Портуэнсіс, бо маглі з Затыбра выйсці з процілеглага боку да Ватыканскага ўзгорку. Добра й тое, што ўцалелі прынамсі ад агню. Вініцію зваліўся камень з грудзей. Ведаў, праўда, як цяжка было ўцякаць, але думка пра сілу Урсуса пацяшала яго. «Трэба мне цяпер, — казаў сабе, — уцякаць адгэтуль, прабрацца праз агароды Даміцылі ў агароды Агрыпіны. Там іх знайду. Дым тамака не страшны, бо вецер вее з Сабінскіх гораў».

Час было сапраўды яму ўцякаць, ратавацца, бо хваля агню шугала з боку атокі штораз бліжэй, а клубы дыму амаль зусім прысланілі завулак. Святлік, з якім рабіў пошукі ў доме, згас ад прахвату паветра. Вініць, выскачыўшы на вуліцу, бег прытка цяперака да віа-Портуэнсіс, у той самы бок, адкуль прыйшоў, а пажар, казаў бы, даганяў яго сваім агністым подыхам, то ахутваючы дымам, то абсыпаючы іскрамі, якія падалі яму на валасы, на шыю, на вопратку. Туніка ў некалькіх мяйсцох пачала жаляць, але ён не звяртаў на гэта ўвагі і бег далей, баючыся, каб не задыхнуцца ад дыму. У вуснах чуў смак сажы й смаліны, горла і лёгкія пяклі з гарачкі, як агнём. Кроў падшыбала яму да галавы так, што часамі рабілася ажно ўваччу ўсё чырвоным. Тады казаў сабе ў душы: «Гэта жывы агонь! Лепш мне кінуцца на зямлю й загінуць». Бег мучыў яго штораз больш. Галава, шыя і плечы абліваліся потам, а той пот паліў яго, бы гарачы вар. Каб не імя Лігіі, якое паўтараў сабе ў думцы, каб не ейны капітыюм, якім абкруціў сабе вусны, не вытрымаў бы.

Цераз некалькі хвілін пачаў, аднак, ужо не пазнаваць завулка, кудою бег.

Паволі траціў прытомнасць, памятаў толькі, што трэба ўцякаць, бо на адкрытым полі чакае яго Лігія, якую абяцаў яму Апостал Пётр. І нагла агарнула яго нейкая дзіўная, напаўгарачкавая, падобная да перадсмяротнай візыі, пэўнасць, што мусіць яе ўбачыць, павянчацца, а потым адразу памрэ. Бег ужо як п’яны, сланяючыся. Нараз у страхотным вогнішчы штосьці змянілася. Усё, што дагэтуль толькі тлела, шуганула, відаць, адным морам полымя, вецер перастаў наганяць дым, а той, што клубіўся ў завулках, сагнаў шалёны гон распаленага паветра. Подых той гнаў цяпер мільёны іскраў так, што Вініць бег у плойме іх; затое лепш бачыў усё перад сабою і ў моманце, калі меў ужо ўпасці, згледзеў канец завулка. Гэта прыдало яму сіл. Абмінуўшы нарожную камяніцу, сыйшоў у вуліцу, якая вяла да віа-Портуэнсіс і да Кадэтанскага поля. Іскры перасталі яго даганяць. Уявіў сабе, што калі ўздужае дабегчы да Партовае дарогі, дык уцалее, хоць бы й прыйшлося яму там абамлець.

У канцы вуліцы бачыць зноў як бы хмару, загароджваючую выхад. «Калі гэта дым, — падумаў, — дык ужо не прайду». Бег астанкамі сіл. Скінуў з сябе туніку, загарэўшуюся ад іскраў, якая пекла яго, бы сарочка Насусава, і ляцеў нагі, маючы на галаве толькі капітыюм Лігіі. Дабегшы бліжэй, распазнаў, што гэна не быў дым, толькі хмара пылу, з якое далятаў людскі крык.

вернуться

59

Самая сподняя кашуля, якую жанчыны насілі на голым целе (заўвага аўтара).