Выбрать главу

Вокрык «Рым гіне!» не ўціхаў, а канец гораду выдаваўся ў тагдышнюю пару адначасна і канцом уладства ды разрывам усякіх путаў, якія дагэтуль вязалі чалавецтва ў вадну цэласць. Народныя масы, у якіх пераважвала лікам нявольніцтва, чужазброд, не дбалі пра панаванне Рыму, гібель ягоная варажыла ім вольнасць, дык пачалі грозна наёжвацца. Шырылася нахабства і грабеж. Адно хіба відовішча гібелі гораду, адцягваючы людскую ўвагу, паўстрымоўвала выбух разні, якая пачнецца тады, як з гораду зробіцца адно папялішча. Сотні тысяч нявольнікаў, забываючыся, што Рым апрача святынь і камяніц мае шчэ колькідзесят легіяў ува ўсіх частках свету, казаў бы, чакалі верхавода й сігналу.

Згадвалі імя Спартака, але Спартака не было, дык самі пачалі збірацца і зброіцца, чым хто мог. Найпракуднейшыя весткі кружылі па ўсіх брамах. Некаторыя цвердзілі, быццам гэта вулкан з наслання Ёвіша нішчыць горад агнём, што вырынае з-пад зямлі; іншыя бачылі ў гэтым помсту Весты за вясталку Рубрыю. Людзі такога пераканання не хацелі нічога ратаваць, а замест таго абягалі святыні і малілі ў багоў літасці. Але найпапулярнейшаю была погаласка, што цэзар загадаў спаліць Рым, каб пазбыцца смуроду з Субуры ды каб выбудаваць новы горад пад назовам Нэронія. На згадку пра гэта закатная злосць агартала людзей, і каб, па думцы Вініція, знайшоўся павадыр, які б умеў выкарыстаць гэны вулкан нянавісці, канец Нэрона прыспешаны быў бы на цэлыя гады.

Гаварылі таксама, быццам Нэрон азвярэў і яшчэ загадае прэторыянам і гладыятарам выразаць горад. Некаторыя бажыліся, быццам звяр’ё з усіх віварыяў выпусцілі па загаду Рудабародага. Бачылі на вуліцах львоў з асмаленаю грываю, расшалелых сланоў і тураў, масакруючых народ. Было ў гэтым нат крыху праўды, бо ў некалькіх мяйсцох сланы, бачачы блізкі пажар, развалілі віварый і, вырабіўшыся на свабоду, беглі, спуджаныя, у процілеглы бок, ломячы ўсё перад сабою, моў бура. Публічная вестка падавала згінуўшых у вагні на дзесяткі тысяч. Згінула нямала. Былі й такія, якія, страціўшы маёмасць або найдаражэйшыя сэрцу асобы, кідаліся самахоць у вагонь.

Іншых душыў дым. У асяроддзі гораду, між Капітолем з аднаго, а Квірыналам, Віміналам Эсквілінам з другога боку, таксама між Палатынам і ўзгор’ем Цэліус, дзе былі найгусцей забудаваныя вуліцы, пажар падыймаўся ў так многіх мясцох адначасна, што цэлыя грамады людзей, уцякаючы ў адзін бок, траплялі неспадзявана на новую сцяну полымя з процілеглага боку і гінулі страшнаю смерцю ў агнявой каламесіцы.

Людзі сопалаху ад сумятні й збянтэжання не ведалі, куды ўцякаць. Дарогі былі загрувашчаны, а ў многіх пунктах зусім загароджаны. Тыя, што ўцякалі на рынкі й пляцы, дзе пазней пабудавана Амфітэатр Флавіяна, да святыні Зямлі, да портыку Лівіі і вышэй, да святыні Юноны й Люцыны, між Клівус Вібрыюс[60] а старою Эсквілінскаю брамаю, акружаныя адусюль агнём, пагінулі ад жагі. У мясцох, куды полымя не дасягнула, знаходзілі пазней сотні трупаў, спражаных на вугаль, хоць тут і там няшчасныя вырывалі каменныя пліты й закопваліся ад спёкі ў зямлю. Ніводная, бадай, сям’я з асяроддзя гораду не ўцалела, дзеля таго ўздоўж камяніц, ля брамаў і па ўсіх дарогах чутно было роспачнае выццё жанчын, галосячых і прычытаючых па загінулых у пекле пажару.

І так адны малілі ў багоў міласэрнасці, другія блюзнілі ім за гэную страшэнную злыбяду. Бачылі старцаў, выцягаючых рукі да Ёвіша Лібератара: «Ты ж — выбавіцель, выбаў твой алтар і горад!»…Роспач аднак жа звярталася галоўным чынам супраць старых рымскіх багоў, якія ў паняцці народу абавязаны былі гэны горад сцерагчы рупней, чым іншыя. Аказаліся яны бездапаможнымі, дык дакаралі ім. Прымеж таго, калі на Віа Асінарыя[61] паказалася групка святароў егіпскіх, пераправаджваючых статую Ізыды, выратаваную з святыні ў аколіцы Порта Цэлімантана, народ кінуўся гурмам, прыпрогся ў воз, прыцягнуў яго аж да брамы Апійскай і паставіў яе ў святыні Марса, адапхнуўшы святароў ягоных, якія не давалі тут ставіць. У іншых мяйсцох маліліся да Сэрапіса, Баала, Еговы, вызнавальнікі якога, выраіўшыся з завулкаў Субуры й Затыбра, напаўнялі вераскам і гоманам поле. У іхнім крыку вычуваліся тоны як бы трыумфу, таму, калі падыймаўся хор галасоў, славячых «Валадара свету», дык выклікаў абурэнне іншых, якія намагаліся сцішыць несвоечасную гэную радасць. Дзе-нідзе чутны былі пяяныя мужчынамі, старцамі, жанчынамі й дзяцьмі дзіўныя песні, паважныя, змест якіх цяжка было зразумець, паўтараліся ў іх словы: «Ідзе суддзя гневу й кары». Так неспакойная й бяссонная хваля людская акружала, бы разгуканае мора, заліты агнём горад.

вернуться

60

Схіл Выбрыюса (лац.).

вернуться

61

Асліная дарога (лац.).