Але нічога не дапамагала — ні роспач, ні блюзнерствы, ні песні. Бяда была непераможная, няўмольная, як празначэнне, як насланнё. Каля амфітэатру Пампея загарэліся склады канапель і вяровак, прыгатаваных для цыркаў, арэнаў і рознага роду машын, ужываных падчас ігрышчаў, а таксама бочкі смалы, якімі вашчылі вяроўкі. Праз некалькі гадзін увесь той квартал гораду, за якім было Марсавае поле, так лунаў ясна-жоўтым полымем, што напаўабалванеўшым з жаху глядзельнікам выдавалася: няйначай, у агульнай гэнай пагубе паблытаўся парадак дня й ночы, і бачаць вось у начную пару сонечны бляск. Але незабаўна агульная чырвань паканала ўсё. З мора агню стралялі ўгару казаў бы велізарныя фантаны полымя, расчапурваючыся вагністаю мятлою; вецер разрываў іх, замяняў у залатыя ніці, іскраныя валасы ды нёс удалечыню над Кампаньяй аж да Альбанскіх гор.
Ноч рабілася штораз віднейшай, паветра як бы перасякнута было не толькі бляскам, але й жагою. Тыбр плыў жывым агнём. Няшчасны горад змяніўся ў пекла. Пажар абыймаў штораз большыя прасторы, браў штурмам узгоркі, разліваўся па роўнях, заліваў даліны, шалеў, гучэў, грымеў.
XLV
Ткач Макрын, да якога прынеcена Вініція, абмыў яго, прыадзеў, накарміў, пасля чаго малады трыбун, крыху асілеўшы, заявіў, што яшчэ гэтае ж ночы распачне далейшыя пошукі Ліна. Макрын, які быў хрысціянінам, пацвердзіў словы Хілона, што Лін з старшым прэзбітэрам Клеменсам пайшлі да Острыянума, дзе Пётр меўся хрысціць цэлыя грамады адэптаў новае веры. Для блізкіх было ведама, што нагляд над домам Лін даручыў перад двума днямі нейкаму Галу. Для Вініція было гэта доказам, што ані Лігія, ані Урсус не засталіся дома, а пайшлі таксама да Острыянума. Думка гэтая дала яму польгу. Лін быў чалавек стары, цяжка было яму штодзень хадзіць з Затыбра аж за далёкую Намэнтанскую браму і вяртацца адтуль, дык, мабыць, у каго-небудзь затрымаўся за мурамі, а разам з ім хіба й Лігія ды Урсус. Такім чынам яны ўхіліліся ад пажару, які наагул не перакінуўся на другі бок Эсквіліну. У гэтым усім Вініць бачыў апеку Хрыста; чуў яе і над сабою, дык з сэрцам, больш чым калі перапоўненым любоўю, прысягаў Яму ў душы выплаціцца ўсім жыццём за гэныя відавочныя знакі ласкі.
Тым больш спяшаўся да Острыянума. Знойдзе Лігію, знойдзе Ліна, Пятра і забярэ іх куды-небудзь далей, у свае аседласці, хоць бы і ў Сіцылію. Рым гарыць, за некалькі дзён будзе знішчаны, дык нашто тут заставацца на злыбяду, на буянства разбойнікаў? Там заслоняць іх шэрагі карных нявольнікаў, утуліць цішыня вёскі, і будуць спакойна жыць пад крыламі Хрыста і багаслаўленнем Пятра. Каб анно іх знайсці.
А гэта не было лёгка. Вініць памятаў нядаўнія свае перыпетыі між віяАпія й Затыбрам, як мусіў кружыняць, каб даехаць да Партовае дарогі, дык вырашыў цяпер абыйсці горад з процілеглага боку. Ідучы Трыумфальнаю дарогаю, льго было дабрацца ўздоўж ракі аж да мосту Эмілія, адтуль, мінаючы Пінцыюс, уздоўж Марсавага поля, праз агароды Пампея, Лікула і Салюстыя на вія-Намэнтана. Была гэна найкарацейшая дарога, але і Макрын, і Хілон не раілі ёю пускацца. Агонь, праўда, не ахапіў дагэтуль тае часткі гораду, але ўсе рынкі й вуліцы маглі быць загрувашчаны людзьмі ды рэчамі.
Хілон раіў падацца праз Ager Vaticanus[62] аж да Порта-Фламіна, там перайсці раку і, цярэспал вонкавых гарадскіх муроў, за агародамі Ацылія да ПортаСалярыя. Вініць, надумаўшыся, згадзіўся з гэнай радай.
Макрын мусіў застацца на старожы дому, але выстараўся два мулы, якія маглі быць прыдатнымі і для далейшага падарожжа Лігіі. Хацеў таксама дадаць і нявольніка, але Вініць не ўзяў, спадзеючыся зноў напаткаць аддзел прэторыянаў, як напярэдадні.
І цераз хвіліну ўдвух з Хілонам рушылі праз Янікульскую вёску да Трыумфальнай дарогі. На прагалінах былі і тут табарышчы пагарэльцаў, але праціскаліся праз іх з меншымі цяжкасцямі, большая бо частка жыхароў уцякала да мора Партоваю дарогаю. За Сэптыміянскай брамай ехалі між ракою і стройнымі агародамі Даміцыі, магутныя цыпрысы якіх чырванеліся ад пажару, бы ад вячэрняе зары. Дарога рабілася свабаднейшай, часамі толькі прыходзілася прапіхвацца праз натаўпы наплываючага сялянства. Вініць як мага паганяў мула, а Хілон, едучы тут жа за ім, праз цэлую дарогу баруздзіў сабе пад нос: — Ну, пажар ужо застаўся ззаду і цяпер грэе ў плечы. Ніколі на гэнай дарозе не было шчэ так відно ўначы. О, Зэўсе! Калі не спусціш залевы на гэты пажар, дык, значыцца, не любіш Рыму. Моц людская агню гэтага не адужае. Такі горад! Служыла яму Грэцыя дый цэлы свет! А цяпер вось першы-лепшы грэк магчыме пражыць свой боб у ягоных папялішчах! І хто б гэтага спадзяваўся!.. Не будзе ўжо Рыму, ні рымскіх паноў… А хто хацеціме валындацца на пажарышчы, рабіціме гэта смела, пасвістваючы. О, богі!