Дом пры Аква Апія, дзе да часу закватараваўся Тыгэлін, акружалі натаўпы жанчын, што крычалі ад рання да позняе начы: «Хлеба і даху!» Дарэмна прэторыяне, выкліканыя з вялікага абозу між віа-Салярыя і Намэнтана, натужваліся ўтрымаць сякі-такі лад. Сям-там сутыкаліся яны з аружным супрацівам, а безабаронныя грамады крычалі, паказваючы на агонь: «Рэжце нас ля гэтага агню!» Зларэчылі цэзару, аўгустыянам, прэторыянам, і ўзбурэнне расло з кожнаю гадзінай так, што Тыгэлін, пазіраючы на тысячы вогнішч вакол гораду, казаў сабе, што гэта лагеры ворагаў. Па ягоным загадзе апрача мукі даставілі вялікую колькасць печанага хлеба не толькі з Остыі, а і з усіх гарадоў і навакольных вёсак; але як толькі надыйшлі першыя транспарты ноччу да Эмпорыюма, народ адбіў галоўную браму з боку Авентыну ды ймгненна расхапіў запасы сярод суталакі. Пры бляску агню біліся за боханы хлеба і шмат утапталі ў зямлю. Мука з паразрываных мяшкоў пакрыла, як мелам, увесь прастор ад сверняў аж да луку Друзуса і Германіка, і хаатычны розрух трываў аж датуль, пакуль войска не абсадзіла ўсіх будынкаў ды не пачало адганяць натаўпу стрэламі.
Ніколі ад часаў нападу галаў пад камандаю Брэнна не спатыкала Рыму падобная злыбяда. Рабілі параўнанне гэных двух пажараў. Але тады застаўся прынамсі Капітоль. Цяпер і Капітоль быў акружаны страшэнным вянком агню. Мармур не гарэў, праўда, агнём, але ноччу, калі вецер на хвіліну расхіляў полымя, відаць былі шэрагі калюмнады вышняе святыні Ёвіша, нагрэтыя да чырвані і свецячыя, бы распаленыя вуглі. Урэшце, за часаў Брэнна Рым меў жыхарства здысцыплінаванае, прывязанае да роднага гораду й святынь, а цяпер вось наўкола палаючае сталіцы качавалі рознамоўныя масы, па большай частцы нявольнікі й вызвольнікі, разгуканыя неслухі, гатовыя пад націскам голаду кінуцца на ўладу.
Але сам гром пажару, напаўняючы сэрцы жахам, да пэўнае ступені абяссільваў масы. За няшчасцем агню магло прыйсці няшчасце голаду й хваробаў, як на большую бяду, бо настала страшэнная ліпнёвая гарачыня. Распаленым ад агню й сонца паветрам нельга было зяхаць.
Ноч не толькі не прыносіла польгі, але станавілася пеклам. Дзень адкрываў жахлівае й злавеснае відовішча. Усярэдзіне — велізарны горад на ўзгорках, выглядаючы як разгуканы вулкан, а навокал, аж да Альбанскіх гораў, адно непрагляднае качовішча будаў, палатак, шалашоў, вазоў, тачак, ношаў, крамаў, вогнішч, прыслоненае дымам, пылам, асвечанае рудымі касулямі сонца, поўнае гоману, крыку, праклёнаў, нянавісці й страху, нялюдскі выгляд мужчын, жанчын і дзяцей. Паміж квірытаў — грэкі, кудлатыя яснавокія народы з поўначы, афры й азіяты; паміж грамадзянамі — нявольнікі, вызвольнікі, гладыятары, купцы, рамеснікі, сяляне й ваякі; існае мора людское, абліваючае атоку агню.
Розныя весткі буялі тое мора, бы вецер — сапраўдныя хвалі. Былі памысныя й непамысныя. Расказвалі пра незлічоныя запасы збожжа й адзежы, што хутка надойдуць у Эмпорыюм і будуць раздавацца дарма. Гаварылі таксама, быццам па загаду цэзара з азіяцкіх і афрыканскіх правінцыяў будуць звозіцца багацці і раздавацца паміж жыхарамі Рыму так, каб кожны мог сабе паставіць собскі дом. Адначасна хадзілі й такія навіны, што вада ў вадацягах затручана, што быццам Нэрон хоча знішчыць горад, а мяшчан выгубіць да аднаго, каб перанесціся ў Грэцыю ці Егіпет і адтуль валадарыць светам.
Кожная пагалоска разыходзілася лётам маланкі і знаходзіла сярод натаўпу веру, выклікаючы або надзею, або заядлы гнеў, або страх. Урэшце нейкая гарачка спанавала тысячы качэўнікаў. Вера хрысціян, што агнявы канец свету блізкі, шырылася і між паганамі з кожным днём штораз больш. Людзі трутнелі, шалелі. У ваблакох бачылі багоў, асвечаных загаравам, прыглядаючыхся загубе зямлі, і выцягалі да іх рукі па літасць або пракліналі іх. Тым часам войска пры дапамозе пэўнага ліку жыхароў разбурала ўсцяж камяніцы на Эсквіліне, на Цэліусе, а таксама і на Затыбры, якое дзякуючы гэтаму ў большай частцы ацалела. Але ў самым горадзе гарэлі незлічоныя скарбы, награмаджаныя векавымі перамогамі, бясцэнныя творы мастацтва, стройныя святыні ды найдаражэйшыя памяткі рымскае мінуўшчыны і славы. Прадбачвалася, што з усяго места ацалее некалькі толькі крайніх кварталаў, а сотні тысяч людзей застануцца без прытулішча. Іншыя распаўсюджвалі таксама весткі, што ваякі разбураюць дамы не дзеля спыну агню, а дзеля таго, каб нічагутка з гораду не засталося. Тыгэлін прасіў-маліў у кожным пісьме, каб цэзар прыехаў і сваёю прысутнасцю ўціхамірыў роспач народа. Але Нэрон рушыўся толькі тады, калі полымя агарнула «Domus Transitoria»[64], і спяшаўся, каб не страціць нагоды, калі пажэжа дайшла да найвышэйшае магутнасці.