XLVII
Агонь тым часам дасягнуў да віа-Намэнтана, а ад яе разам з пераменаю ветру адвярнуўся да віа-Лата[65] й да Тыбру, акружыў Капітоль, разліўся на Форум Боарыюм і, пустошачы ўсё, што ў першым імпэце абмінуў, зноў набліжыўся да Палатыну. Тыгэлін, сабраўшы ўсе сілы прэторыянаў, слаў пасланца за пасланцом насустрач цэзару з даносамі, што святазарнасць відовішча штораз паляпшаецца, бо пажар узмагаецца. Нэрон хацеў прыспець ноччу, каб тым лепш насыціцца відовішчам пагубы гораду. Для гэнае мэты затрымаўся ў ваколіцах Аква Альбана і пры помачы трагіка Алітуруса ўкладаў позу, міміку, позірк, вучыўся розных манераў, заўзята спрачаючыся, ці пры словах «О, святы градзе, што трывалейшым меў быці, чым Іда» падыме ўгару абедзве рукі, ці, трымаючы ў аднэй формінгу, апусціць яе, а падыме толькі другую. І гэнае пытанне выдавалася яму ў той хвіліне важнейшым ад усіх іншых. Выехаўшы ўрэшце на змярканні, раіўся яшчэ з Пятроніем, ці не было б добра ў вершы, апісваючым няшчасце, памясціць пару стройных блюзнерстваў супраць багоў, ці іх не вымагае мастацтва ў даным выпадку і сітуацыя чалавека, аглядаючага гібель бацькаўшчыны.
Каля поўначы пад’ехаў урэшце да гораду разам з вяльможнаю сваёю світаю, дваранамі, сенатарамі, рыцарамі, вызвольнікамі, нявольнікамі, дамамі й дзецьмі. Шаснаццаць тысяч прэторыянаў, устаўленых баявымі шэрагамі па дарозе, пільнавала ягонага прыезду, трымала ў цугундары разгуканыя масы народу. Народ праклінаў, крычаў, свістаў, гледзячы на карагод, не смеў, аднак, на яго крануцца. У многіх пунктах галайстра нат і віватавала, бо яна, нічога не маючы, нічога ў пажары не страціла, а спадзявалася болей шчодрага раздавання збожжа, алівы, вопраткі і грошай. Урэшце і воклікі, і свісты, і воплескі заглушыў гук трубаў і рагоў па загаду Тыгэліна. Нэрон, праехаўшы Остыйскую браму, затрымаўся на хвіліну і прадэкламаваў: «Бяздомны ўладар бяздомнага народу, дзе ж прытулю нанач бяздольную сваю голаў!» — далей, мінуўшы схіл Дэльфіна, падняўся па прыгатаваных для сябе сходах на Апійскі вадацяг, а за ім — аўгустыяне і хор спевакоў з цытрамі, лютнямі ды іншым музычным прыладдзем.
Усе ўстрымалі дыханне ў грудзях, ці не выкажа, бач, якіх вялікіх слоў, што дзеля ўласнае бяспекі трэ было запамятаць. Але стаяў важна, нямы, прыбраны ў пурпуровы плашч і вянец з лаўраў залатых, азіраючы расшалелую сілу полымя. Тэрпнас падаў яму залатую лютню. Ён падняў вочы да неба, аблітага загаравам, як бы чакаў натхнення.
Народ паказваў на яго рукамі здалёк, аблітага крывавым бляскам. Далёка сычэлі вужы полымя і гарэлі векавыя найсвяцейшыя рэліквіі: гарэла святыня Геркулеса, якую збудаваў Эўандар, і святыня Ёвіша Статара, і святыня Луны, пастаўленая яшчэ Сэрвіем Туліем, і дом Нумы Пампілія, і святыня Весты з пенатамі рымскага народу, у грывах пламяністых паказваўся часамі Капітоль, гарэла мінуўшчына й душа Рыму, а ён, Цэзар, стаяў з лютняю ў руцэ, з мінаю трагічнага актора і з думкаю не пра гінучую айчыну, а пра позу і патэтычныя сказы, якімі б найлепш можна было выказаць вялікасць злыбяды, выклікаць найбольшы подзіў ды найгарачэйшае брава.
Ненавідзеў ён той горад, ненавідзеў ягоных жыхароў, любіў толькі свае песні й паэзію, дык у душы цешыўся, што ўрэшце аглядае трагедыю, падобную да тае, якую апісваў. Вершаплёт пачуваўся шчаслівым, дэкламатар пачуваўся натхнёным, смакун уражанняў упойваўся жахлівым відовішчам і рабіў раскошнае параўнанне, што нат заглада Троі не магла дараўняць загладзе гэнага велізарнага гораду. Чаго ж больш яшчэ мог жадаць? Вось Рым, Рым светаўладны, гарыць, а ён стаіць на аркадзе вадацягу з залатою лютняй у руцэ, далёкапрыкметны, пурпуровы, у моры подзіву, светазарны, паэтычны! Там далёка ў цьме гудзе й абураецца народ! Хай гудзе! Мінуць стагоддзі, тысячы гадоў пройдзе, а людзі памятацімуць і славіцімуць гэтага паэта, які ў такую ноч апяваў упадак і пажар Троі. Кім жа ў параўнанні з ім ёсць Гомэр? Кім сам Апалон з сваёю рэзьбянаю формінгай? Тут падняў рукі і, крануўшы струны, адазваўся словамі Прыяма: О, гняздо бацькоў маіх, о калыска міла!..
Голас на адкрытым прасторы пры гуку пажару і пры далёкім гомане шматтысячнага натаўпу выдаваўся надта ніклы, дрыжачы й слабы, а звон акампанементу звінеў, бы дзыканне мухі. Сенатары, урадаўцы і аўгустыяне, сабраныя на вадацягу, нахілілі галовы, слухаючы з нямым захапленнем. А ён доўга пяяў, пяяў, штораз жаласней. У момантах, калі ўрываў дзеля перахопу паветра, хор спевакоў паўтараў апошнія вершы, пасля, скінуўшы з плячэй адрэпетаваным у Алітура рухам трагічную шырму, зноў крануў струны, зноў пяяў.