— Ціха! Маўчэце! — пайшло па ўсёй масе.
Цераз хвіліну настала цішыня. Тады ён выпраставаўся на кані і пачаў гаварыць пераканаўчым спакойным голасам: — Грамадзяне! Хай тыя, што пачуюць мае словы, перакажуць тым, што стаяць далей, а ўсе трымайцеся, як людзі, не як быдлята на арэнах!
— Слухаем! Слухаем!
— Дык слухайце! Горад будзе адбудаваны. Паркі Лукула, Мецэната, Цэзара і Агрыпіны для вас будуць адкрыты! Узаўтра распачнецца выдача збожжа, віна і алівы так, каб кожны мог напоўніць жывот аж да горла! Пасля цэзар справіць вам ігрышчы, якіх свет не бачыў дагэтуль, будзе пачостка і дарункі. Багацейшымі будзеце па пажары, чым перад пажарам!
Прыцішны гул пакаціўся на ўсе бакі, бы хвалі па вадзе, у якую ўпаў камень: гэна бліжэйшыя пераказвалі словы далейшым. Там-сям адгукнуліся таксама крыкі гневу або патакавання, якія хутка змяніліся ў адзін магутны вераск: — Раnem et circenses!!!..[66] Пятроні атуліўся ў тогу і праз нейкі час слухаў непарушна, падобны ў сваёй белай вопратцы да мармуровай статуі. Вераск магутнеў, глушыў гук пажару, адзываўся з усіх бакоў, штораз глыбейшы, а высланец усё чакаў, мабыць, яшчэ нешта хацеў сказаць, і, уцішыўшы рукою раскрычанае мора, адазваўся: — Будзеце мець pаnem et circenses, гукнеце толькі на гонар цэзара, які корміць вас, апранае, ды йдзі спаць, галайстра, бо хутка ўжо світаціме!
Гэта сказаўшы, завярнуў каня і, трэплючы злёгку кіем па галовах тых, што стаялі на дарозе, паехаў паволі да шэрагаў прэторыянаў. Незабаўна быў пры вадацягу. Наверсе застаў пярэпалах. Не зразумелі там окрыку: «Хлеба й ігрышчаў!» — думалі, гэта новы гром злосці. Не спадзяваліся, каб Пятроні мог ацалець, дык Нэрон, згледзеўшы яго, падбег аж пад сходы і з бледнаю ад страха мінай пачаў пытаць: — Ну, што? Што там дзеецца? Ці ўжо б’юцца?
Пятроні, набраўшы паветра ў грудзі, зяхнуў глыбока й кажа: — На Палукса! Пацеюць і смярдзяць! Дайце хто эпіліму, а то самлею.
Пасля звяртаецца да цэзара: — Абяцаў я ім, — кажа, — збожжа, аліву, адкрыццё паркаў ды ігрышчы.
Абажаюць цябе зноў і дзяруцца выпятрэлымі вуснамі на віват табе… О, богі! Як жа гэны плебс смярдзіць!
— Я меў прэторыянаў гатовых, — адзываецца Тыгэлін, — і каб не супакоіў крыкуноў ты, дык супакоіў бы я іх навекі. Шкада, цэзар, што не дазволіў ты мне з імі пагуляць.
Пятроні зірнуў на мовячага, паціснуў характарыстычна плячыма й гавора:
— Гэта ж яшчэ не прапашча, вось мо ўзаўтра мусіцімеш спрабаваць свае рэкламаванае сілы.
— Ды не, не! — кажа цэзар. — Загадаю адчыніць ім паркі ды раздаваць збожжа. Дзякую табе, Пятроні! Ігрышчы спраўлю, а гэную песню, што пяяў я вам сяння, адпяю публічна.
Гэта сказаўшы, узяў за плячо Пятронія і па хвіліне маўчання ды апрытомлівання пытае: — Скажы шчыра: як я табе падабаўся падчас пяяння?
— Ты быў годны відовішча, а відовішча — цябе, — адказаў Пятроні.
І, звярнуўшыся да пажару, дадаў: — Прыгледзьмася яшчэ ды развітаемся з старым Рымам.
XLVIII
Словы Апостала ўзмацавалі надзею ў душы хрысціян. Канец свету заўсёды выдаваўся ім блізкі, пачалі аднак верыць, што страшны суд не прыйдзе хутка, што перад гэтым аглядацімуць мо шчэ канец панавання Нэронава, якое яны ўважалі за панаванне антыхрыста, за кару Божую, выкліканую ягонымі ліхадзействамі. Падмацаваўшыся на духу, пачалі расходзіцца, скончыўшы малітвы, і вяртацца да сваіх прытулішч, а нат і на Затыбра, бо прыйшлі весткі, што агонь, падложаны ў колькінаццаці пунктах, закруціў разам з ветрам зноў да ракі і, стравіўшы тут і там, што мог стравіць, перастаў шырыцца.
Апостал разам з Вініціем выйшаў з падзямелля. Хілон валокся за імі. Малады трыбун не смеў перарываць спадарожніку малітвы, дык праз нейкі час ішлі моўчкі, вачыма толькі молячы злітавання. Шмат асобаў падбягала, каб пацалаваць вопратку Апостала, маткі выстаўлялі да яго дзяцей, іншыя кленчылі ў цёмным праходзе і, падыймаючы ўгару святлікі, прасілі багаслаўлення; а іншыя, ідучы побач, пяялі, так што не было адпаведнае нагоды на гутарку. Аж калі выйшлі на прастарнейшае мейсца, адкуль відаць было пажарышча, Апостал, перажагнаўшы яго тры разы, звярнуўся да Вініція й кажа: — Не трывожся. Недалёка адгэтуль ёсць хата фосара[67], дзе застанем Лігію з Лінусам і з верным ейным слугою. Хрыстус, які табе прызначыў яе, захаваў яе.
Вініць захістаўся й абапёрся рукою ля скалы. Падарожжа з Анцыюма, здарэнні ў дарозе, пошукі Лігіі ў гарачым дыме, бяссонніца і страшная трывога пра яе падарвалі ягоныя сілы, а радасная вестка хуткага спаткання свае найдаражэйшае зусім падцяла яму ногі. Аслабелы, асунуўся да ног Апосталавых і, абняўшы калені, трымаў іх, не могучы вымавіць слова.