А Апостал, баронячыся ад пашаны й падзякі, сказаў яму: — Не мне, не мне, толькі Хрысту!
— Што за важнае боства! — адазваўся ззаду голас Хілона. — Але не ведаю, што рабіць з муламі, якія чакаюць недалёка.
— Устань і хадзем са мною, — кажа Пётр, беручы юнака за руку.
Вініць устаў. Пры месячным бляску відаць былі слёзы, сплываючыя па збялелым твары. Вусны дрыжалі, бы ў малітве.
— Хадзем, — кажа.
Але Хілон зноў адзываецца: — Што мне рабіць з муламі, спадару, чакаюць тут? Можа, гэты дастойны прарок захацеў бы пад’ехаць?
Вініць сам не ведаў, што адказаць, але, пачуўшы ад Пятра, што хата фосара тут жа, недалёка, загадаў: — Адвядзі мулы да Макрына.
— Выбачай, спадару, што асмелюся прыгадаць табе дом у Амэр’ёлі. Падчас такога страшнага пажару лёгка забыцца на гэткую дробязь.
— Атрымаеш яго.
— О, унуку Нумы Пампілія, я ніколі не сумняваўся, але цяпер, калі абяцанку чуў і гэты велікадушны Апостал, не нагадваю нат таго, што ты ж абяцаў мне й вінніцу. Pax vobiscum! Я знайду цябе, спадару. Pax vobiscum!
Яны адказалі: — Et tecum![68] І завярнуліся абодва направа, да ўзгорку. Ідучы, Вініць кажа: — Доміне, абмый мяне вадою хросту, каб мог я ўрэшце называцца сапраўдным вызнавальнікам Хрыста, бо Яго мілую з усіх сіл мае душы. Абмый мяне безадкладна, бо я ў сэрцы ўжо гатовы. І што мне загадае, тое рабіціму, але ты мне скажы, што апрача таго я мушу зрабіць.
— Любі людзей, як сваіх братоў, — павучае Апостал, — бо толькі любоўю магчымеш Яму служыць.
— Так! Я гэта ўжо разумею і адчуваю. Будучы дзіцём, я верыў у рымскіх багоў, але не любіў я іх, а гэнага Адзінага люблю так, што з радасцю аддаў бы за Яго жыццё.
Вочы падняў да неба і гаварыў з настроем: — Бо Ён ёсць адзіны! Ён адзін добры й міласэрны! Дык хоць бы згінуў цэлы горад гэты, а нат увесь свет, Яму аднаму сведчыціму, Яму вызнаваціму!
— А Ён багаславіціме цябе і дом твой, — дакончыў Апостал.
І ўвайшлі ў другі сухадол-міжгор’е, на канцы якога мігацела мутнае святло. Пётр паказаў рукою й кажа: — Гэта хата капача, які нас прыгарнуў, як, вярнуўшыся з хворым Лінам з Острыянума, не маглі мы прабрацца на Затыбра.
Па хвіліне прыйшлі. Была гэта хутчэй пячура, не хата, выдзеўбленая ў заломе скалы, залепленая звонку глінянаю сцяною. Дзверы былі зачынены, але праз атворышча замест акна відаць было асвечанае вогнішчам нутро.
Нейкая цёмная вялігурная постаць устала на спатканне ім і спытала: — Хто вы?
— Слугі Хрыстовыя, — адказаў Пётр. — Pax табе.
Урсус схіліўся да ног Апостала, пасля, пазнаўшы Вініція, хапіў ля косткі ягоную руку і пацалаваў.
— І ты, спадару? — адазваўся. — Багаслаўлёна імя Збаўцы за радасць, якою пацешыш Каліну.
Гэта сказаўшы, адчыніў дзверы, і ўвайшлі. На пучку саломы ляжаў хворы, жоўты, бы слановая косць, Лінус. Ля вогнішча сядзела Лігія, трымаючы ў руках вязку нанізаных на шнурок, прызначаных, мабыць, на вячэру, рыбак.
Заклапочаная здыманнем з шнурка рыбаў і думаючы, што ўваходзіць Урсус, не кранулася з мейсца. Але Вініць падыйшоў і, вымавіўшы ейнае імя, працягнуў да яе рукі. Воміг паднялася на ногі, маланка здзіўлення й радасці зайграла на ейным твары, і без слова, бы дзіцянё, знайшоўшае пасля трывогі бацьку ці маці, кінулася да яго.
А ён абняў яе і прытуліў да грудзей з такою ж самаю радасцю, як бы цудоўна ўратаваную. Пасля ўзяў у далоні ейны твар, цалаваў чало, вочы ды зноў абняў яе, паўтараючы ейнае імя, нахіляўся да каленяў, да рук ейных, вітаў яе, песціў вачыма. Радасці ягонай папросту не было межаў, так як ягонаму каханню й шчасцю.
Урэшце пачаў ёй расказваць, як прыляцеў з Анцыюма, як шукаў яе ў горадзе ў хмарах дыму ў доме Ліна, колькі намаркоціўся й натрывожыўся, колькі нацярпеўся, пакуль не паказаў Апостал яму ейнага прытулішча.
— Ну, але цяпер, — казаў, — як знайшоў я цябе, не пакіну ў гэтым агні й расшалелым натаўпе. Людзі тут б’юцца, мардуюцца, абураюцца, нявольнікі займаюцца рабаўніцтвам. Бог адзін ведае, што спаткаць можа Рым.
Але выратую цябе і вас усіх. О мілая мая!.. Ці хочаце ехаць са мною да Анцыюма? Там сядзем на мараплаў ды паплывем на Сіцылію. Мая зямля — гэта вашая зямля, мае дамы — гэта вашыя дамы. Слухай! У Сіцыліі знойдзем Аўлаў, аддам цябе Пампоніі і вазьму пасля з ейных рук. Адыж ты, о carissima, не баішся ўжо мяне больш? Яшчэ не абмыў мяне хрост, але запытай вось Пятра, ці я нядаўна, ідучы да цябе, не казаў, што хачу быць праўдзівым вызнаўцам Хрыстовым, ды ці не прасіў яго, каб ахрысціў мяне хоць бы і ў гэтай хаце фосара? Вер мне, і верце мне ўсе.