Выбрать главу

Думаючы пра гэта, Пятроні сам чуўся страшэнна змучаны. Ці варта жыць і то жыць без пэўнасці пра заўтрашні дзень, жыць па тое толькі, каб глядзець на падобнае бязладдзе свету? Дык жа геній смерці не менш, зрэшты, прыгожы, чым геній сну, і мае таксама крылы пры плячох.

Лектыка затрымалася перад дзвярыма дому, якія чуйны прыдзверны ў тым жа моманце адчыніў.

— Ці спадар Вініць вярнуўся? — спытаў Пятроні.

— Перад хвілінай, — далажыў нявольнік.

— А, знача, не адбіў яе! — падумаў Пятроні.

І, скінуўшы тогу, убег да атрыюма. Вініць сядзеў на трыножніку, звесіўшы голаў амаль не да самых калень, трымаючы яе ў далонях, але, пачуўшы водгалас хады, падняў скамянелы твар і раз’іскраныя вочы.

— Спазніўся? — спытаў Пятроні.

— Але. Схапілі яе перад поўднем.

Хвіліна маўчання.

— Бачыўся з ёю?

— Так.

— Дзе сядзіць?

— У Мамэртынскай вязніцы.

Пятроні здрыгануўся й глядзіць на Вініція пытаючым вокам. А той: — Не! — кажа, сцяміўшы. — Не пасадзілі яе ў Туліянум[70], ані нат у сярэдняй вязніцы. Падкупіў я вартаўніка, каб адступіў ёй сваю камору. Урсус ляжыць ля парога й пільнуе яе.

— Чаму ж Урсус яе не абараніў?

— Прыслана пяцьдзесят прэторыянаў, дый Лін яму забараніў.

— А Лінус сам?

— Лін пры смерці, таму не ўзялі яго.

— Што мяркуеш рабіць?

— Адратаваць яе або памерці разам з ёю. І я веру ў Хрыста.

Вініць гаварыў нібыта спакойна, але ў голасе ягоным было нешта так жаласнае, што сэрца Пятронія скаланулася шчыраю літасцю.

— Разумею цябе, — спачуваў, — але як яе думаеш ратаваць?

— Падкуплю варту насамперш, каб засцерагчы яе ад знявагі, а па-другое, каб не перашкаджалі ёй уцячы.

— Калі гэта маецца быць?

— Сказалі, што не могуць мне выдаць яе зараз, бо баяцца адказнасці. Як вязніцы перапоўняцца людзьмі, і калі згубіцца рахунак вязняў, тады мне яе аддадуць. Але гэта крайні выпадак! Перш ты ратуй мне яе! Ты ж прыяцель цэзара! Ён жа сам мне яе аддаў. Ідзі да яго й ратуй мяне!

Пятроні замест адказу заклікаў нявольніка і, загадаўшы яму прынесці два цёмныя плашчы й два мячы, звярнуўся да Вініція: — Ідучы, табе адкажу, — кажа, — тым часам бяры плашч, зброю і пойдзем пад вязніцу. Там дай вартаўнікам сто тысяч сэстэрцыяў, дай два разы й пяць разоў больш, абы толькі выпусцілі Лігію хутка, інакш — будзе позна.

— Хадзем, — згаджаецца Вініць.

Праз момант абодва йшлі вуліцаю.

— Ну, а цяпер слухай, што табе скажу, — кажа Пятроні. — Не хацеў я траціць часу. Я ад сянняшняга дня ўжо ў няласцы. Маё собскае жыццё вісіць на валаску, і таму не магу нічога даканаць у цэзара. Горай! Маю пэўнасць, што зробіць насуперак маёй просьбе. Каб не гэта, ці ж я раіў бы табе ўцякаць з Лігіяй або адбіваць яе? Адыж, каб удалося ўцячы, гнеў зваліўся б на мяне.

Ён бы хутчэй зрабіў штось на тваю просьбу, чым на маю. Не спадзявайся, аднак, на гэта. Выдабудзь яе з вязніцы і ўцякай! Няма іншае рады. Калі гэта не ўдасца, тады будзе час на іншыя спосабы. Тым часам ведай, што Лігію пасадзілі не толькі за веру ў Хрыста. На ёй і на табе спаганяе помсту Папея.

Ці ты памятаеш, як абразіў аўгусту, адпіхаючы ад сябе? А яна ж ведае, што зрабіў ты гэта дзеля Лігіі, якую й так ненавідзела ўжо ад першага спаткання.

Адыж і ўпярод манілася яе згубіць, абвінаваціўшы за тое, што быццам уракла дзіця. У тым усім, што сталася, відаць рука Папеі! Чым бо вытлумачыць тое, што Лігію першую арыштавалі? Хто мог паказаць дом Ліна? Я табе кажу, вывяды даўно за ёю хадзілі! Ведаю, што раздзіраю табе душу ды адыймаю апошнюю надзею, але кажу гэта знарок дзеля таго, што калі не выцягнеш яе, пакуль не здагадаюцца аб тваіх спробах, дык згінеце абое.

— Так! Разумею! — адказаў прыгноблены Вініць.

Вуліцы былі пустыя, бо было ўжо позна, далейшую гутарку перарваў ім п’яны гладыятар, які паваліўся на Пятронія, апіраючыся даланёю на ягоным плячы ды крычачы ахрыплым смуродлівым голасам: — Хрысціяне — львом!

— Мірмілон ты, — адазваўся Пятроні, — паслухай добрае рады й спяшы ў свой бок.

Тады п’яны схапіў яго й другою рукою за плячо: — Крычы разам са мною, а то скручу табе голаў: хрысціяне — львом на тлушч!

Нервы Пятронія даволі ўжо мелі гэнае варкатні. Ад тае пары, як выйшаў з Палатыну, душыла яна яго, бы страшная кроза, і раздзірала яму вушы, дык, калі ўгледзеў над сабою кулак, скончылася мера ягонай цярплівасці.

— Адступі, дружа! — гукнуў. — Смярдзіш і перашкаджаеш мне.

вернуться

70

Найніжэйшая падземная частка вязніцы з адным атворышчам уверсе ў столі, дзе памёр калісь з голаду Югурт (заўвага аўтара).