А Хілон, які, ацверазеўшы на свежым паветры, вярнуўся ў амфітэатр на песні цэзара, праціснуўся бліжэй і кажа: — Я тут, сыну сонца й месяца прамяністы! Быў занядужаўшы, але песня твая аздаравіла мяне.
— Пашлю цябе ў Ахайю, — загадвае Нэрон. — Ты павінен ведаць да аднаго грошыка, колькі там кожная святыня мае.
— Гэтак і зрабі, Зэўсе, а багі зложаць табе такую даніну, якое ніколі нікому не складалі.
— Зрабіў бы так, толькі не хочацца мне аддаляць цябе ад відовішчаў амфітэатральных.
— Баалю!.. — заскігліў Хілон.
Аўгустыяне павесялелі, бачачы лепшую гумору цэзара, і дамагаліся: — Ды не, доміне! Шкада было б адрываць гэнага адважнага грэка ад ігрышчных дзіваў.
— Але збаў мяне, валадару, ад гэных крыклівых капіталінскіх гусянят, якіх мазгі, у суме ўзятыя, не напоўнілі б хіба і жалудовае місачкі, — адгрызаўся Хілон. — Пішу вось, сыну першародны Апалона, па-грэцку гімн на твой гонар і дзеля таго хацеў бы правесці дзянькоў пару ў святыні Музаў, просячы ў іх натхнення.
— О не! — адазваўся Нэрон. — Ты хочаш выкруціцца ад наступных відовішчаў. Нічога з таго не будзе!
— Бажуся перад табою, доміне, што пішу гімн.
— Дык пісацімеш яго ноччу. Малі Дыяну пра натхненне, бо ж яна сястра Апалона.
Хілон звесіў голаў, паглядаючы спадылба на прысутных, якія зноў пачалі падкпіваць з яго, а цэзар, звярнуўшыся тым часам да Сэнэцыя і да Суілія Нэруліна, бядуе: — Уявеце сабе, гэта ж з прызначанымі на сяння хрысціянамі ледзь да паловы паспелі расправіцца!
На гэта стары Аквіл Рэгул, вялікі амфітэатральны знаўца, хвіліну памаўчаўшы, адазваўся: — Гэныя відовішчы, дзе выступаюць людзі sine armis et sine arte[80], бадай, аднолькава доўга цягнуцца, а цікавасці даюць менш.
— Загадаю даць ім зброю, — адказаў Нэрон.
Але суверны Вестын раптам ачнуўся з задумы і пытае таемным тонам: — Ці вы зацемілі: яны штось бачаць, паміраючы? Глядзяць угару і паміраюць, казаў бы, не чуючы болю. Я перакананы, што яны нешта бачаць… Гэта кажучы, глядзеў паўзверх амфітэатру, над якім ужо завешвала ноч свой набіты зорамі велярыюм. Іншыя смешкамі адказалі на гэную зацемку ды жартаўлівымі домысламі, што менавіта хрысціяне могуць бачыць падчас смерці. Урэшце цэзар даў знак нявольнікам, трымаючым светачы, і аддаліўся з цырку, а за ім вясталкі, сенатары, урадаўцы і аўгустыяне.
Ноч была ясная й цёплая. Перад цыркам тоўпіўся яшчэ народ, прыглядаючыся адыходзячаму з цэлаю сваёю прыдворнаю сустанню цэзару, але нейкі панурысты, маўклівы. Сям-там вырваўся покляск ды воміг заціх. З апалярыюма скрыпячыя вазы ўсцяж вывозілі крывавыя астанкі хрысціян.
Пятроні і Вініць адбывалі дарогу моўчкі. Ажно не даходзячы да віллы Пятроні адазваўся: — Ці ты думаў пра тое, што я табе казаў?
— Так, — адказаў Вініць.
— Ці паверыш, і для мяне цяпер гэная справа набрала найбольшае вагі. Я мушу яе вызваліць насуперак цэзару й Тыгэліну. Гэта, казаў бы, змаганне, у якім заклаўся перамагчы, казаў бы, гульня, якую хачу абавязкова выйграць, хоць бы за цану собскае скуры… Сянняшні дзень шчэ ўмацаваў мой намер.
— Хай табе Хрыстус адплаціць!
— Пабачыш!
Гэная гутарка давяла іх да самага парогу віллы. Высядаюць з лектыкі. У той жа хвіліне нейкая цёмная постаць падыходзіць да іх ды пытае: — Ці гэта вы, шаноўны Вініць?
— Я, — адказвае трыбун. — Чаго хочаш?
— Я Назар, сын Мырыямы, іду з вязніцы і прыношу табе вестку пра Лігію.
Вініць палажыў яму руку на плячуку і пры святле светача глядзеў яму ў вочы, не могучы вымавіць слова, але Назарка адгадаў на ягоных вуснах нямое пытанне й звяшчае: — Жыве дагэтуль. Урсус прысылае мяне да цябе, спадару, сказаць, што яна ў гарачцы моліцца й паўтарае тваё імя.
Вініць адказвае: — Слава Хрысту, які можа мне яе вярнуць!
Пасля ўзяў Назарку з сабою ў бібліятэку. Хутка прыйшоў туды й Пятроні пацікавіцца іхняй гутаркай.
— Хвароба ўратавала яе ад знявагі, бо нелюдзі тыя баяцца заразы, — расказваў малады хлапчук. — Урсус і Глаўк сядзелі пры ёй дзень і ноч.
— Ці вартаўнікі засталіся тыя самыя?
— Так, спадару, і яна ляжыць у іхняй каморы. Тыя вязні, якія былі ў ніжэйшай вязніцы, усе паўміралі ад эпідэміі або падушыліся ад задухі.
— Ты хто такі? — спытаў Пятроні.
— Крывічэсны Вініць мяне ведае. Я сын удавы, у якое жыла Лігія.
— І хрысціянін?
Хлапец зірнуў пытаючымі вачыма на Вініція, але, убачыўшы, што той моліцца, падымае голаў і адказвае: — Так.
— Якім жа спосабам можаш свабодна ўваходзіць у вязніцу?
— Я, спадару, наняўся выносіць мёртвых з вязніцы, бо хочу чым-небудзь дапамагчы сваім братом і прыносіць ім весткі з гораду.