Выбрать главу

Стары глядзеў на яго, разявіўшы рот, быццам не цямячы пытання, і давай маргаць вачыма. Вестын яшчэ раз пытае: — Ці Фурыі апанавалі цябе?

— Не, — адказаў Хілон, — толькі ноч перада мною.

— Як гэта ноч?.. Хай злітуюцца багі над табою! Як гэта ноч?

— Ноч страшэнная, непраглядная, у якой нешта рухаецца ды лезе на мяне. Толькі я не ведаю што, і баюся.

— Я заўсёды пракананы быў, што яны варажбіты. Можа, табе й сніцца якое чараўніцтва?

— Не, бо не сплю. Я не думаў, што іх так карацімуць.

— Няўжо табе іх шкада?

— Пашто вы гэтулькі праліваеце крыві? Чуў ты, што той гаварыў з крыжа? Гора нам!

— Чуў, — адказаў паціху Вестын. — Але ж гэта падпальвачы.

— Няпраўда!

— І непрыяцелі роду чалавечага.

— Няпраўда!

— І затрутнікі вады.

— Няпраўда!

— І забойцы дзяцей.

— Няпраўда!

— Ну а як жа? — пытае здзіўлены Вестын. — Ты ж сам гэта гаварыў і выдаў іх у рукі Тыгэліна!

— То ж дзеля таго акружыла мяне ноч, і смерць ідзе па мяне… Часамі здаецца мне, што я ўжо памёр, і вы таксама.

— Не! Гэта яны паміраюць, а мы жывем. Але скажы мне: што яны бачаць, паміраючы?

— Хрыстуса… — Гэта іхні бог? Ці то важны бог?

Хілон адказвае таксама пытаннем: — Што гэта за светачы маюцца быць у вагародах? Чуў ты, што казаў цэзар?

— Чуў і ведаю. Такіх называюць «сарментыцыі» і «сэмаксіі». Прыбяруць у крывавыя тунікі, вымачаныя ў жывіцы, прывяжуць да слупоў ды падпаляць… Каб адно толькі іхні бог не саслаў на горад якое бяды… Сэмаксіі! Гэта страшная казнь.

— Лепш ужо гэта, бо не будзе крыві, — адказвае Хілон. — Скажы нявольніку, хай падасць мне кратэр да вуснаў. Хачу крыху выпіць, а разліваю, бо мне рука дрыжыць ад старасці… Іншыя праз гэты час таксама гутарылі пра хрысціян. Стары Даміцый Афэр кпіў з іх.

— Шмат з іх ёсць такіх, што маглі б разняціць хатнюю вайну, таму ж і баяліся мы спачатку, каб не бараніліся, памятаеце? А яны паміраюць, бы авечкі.

— Хай бы паспрабавалі інакш! — адгражаўся Тыгэлін.

На гэта Пятроні: — Памыляецеся. Яны бароняцца.

— А то ж якім спосабам?

— Цярплівасцю.

— Гэта новы спосаб!

— Пэўна. Але ці можаце сказаць, што яны паміраюць так, як абыдныя злыдні? Не! Яны паміраюць так, як бы разбойнікамі былі тыя, што іх на смерць асудзілі, гэта знача, мы і цэлы народ рымскі.

— Што за трызненне! — ускіпеў Тыгэлін.

— Hic abdera![84] — прысаджвае яго Пятроні.

Прысутныя, зацікаўленыя трапнасцю ягонай заўвагі, пераглядаліся здзіўленымі вачыма і пацвярджалі: — Праўда, ёсць нешта апрычонае, асаблівае ў іхняй смерці.

— Кажу вам, яны бачаць сваё боства! — адзываецца з боку Вестын.

Тады некалькі аўгустыянаў звяртаецца да Хілона: — Эй, стары, ты іх добра ведаеш, скажы нам, што яны бачаць?

А грэк выпляваў віно на туніку і адказаў: — Уваскрэсенне!..

І пачаў так калаціцца ад страху, што сядзячыя бліжэй госці не маглі ўстрымацца ад рогату.

LX

Праз некалькі дзён Вініць не начаваў дома. Пятронію прыходзіла на думку, што мо зноў улажыў сабе новы план вызвалення Лігіі з Эсквілінскае вязніцы, але не хацеў ужо яго пра гэта распытваць, каб не спракудзіць работы. Гэты вымудраваны скептык зрабіўся таксама ў пэўным значэнні суверным, асабліва ад часу няўдачы спробы вызваліць дзяўчыну з Мамэртынскага пограбу, перастаў верыць у сваю зорку. Не спадзяваўся й цяпер памыснага выніку Вініціевых захадаў. Эсквілінская вязніца, прыгатаваная спахопу з падзямелляў дамоў, разваленых падчас пажару, не была, праўда, так страшнаю, як стары Туліянум вобак Капітолю, але затое была ў сто разоў больш вартаваная. Пятроні добра ведаў, што Лігію перанеслі туды дзеля таго, каб не памерла ды не размінулася з амфітэатрам, дык лёгка яму было дадумацца, што якраз з гэнае прычыны мусяцімуць яе вартаваць, як собскага вока.

— Відаць, — гадаў сабе, — цэзар з Тыгэлінам прызначылі яе на нейкае асаблівае, найстрашнейшае відовішча, і Вініць хутчэй сам згіне, чым яе адтуль выцягне.

Вініць таксама не меў надзеі яе выдабыць. Цяпер гэта мог зрабіць толькі ўжо пра тое, каб хоць мог спатыкацца з ёю. Ад нейкага часу пераследвала яго думка, ці не зрабіць так, як Назар, які пралез у Мамэртынскую вязніцу наймітам да вынасу трупаў.

Падкуплены за вялікую суму даглядчык Гнілых Ямаў прыняў яго ўрэшце ў чараду свае чэлядзі, якую штоноч высылаў па трупы ў вязніцу. Небяспека быць пазнаным існавала малая. Спагадала гэтаму ноч, вопратка нявольніцкая ды благое асвятленне вязніцы. Дый каму ж магло прыйсці ў голаў, каб патрыцый, унук і сын консулаў, мог знайсціся між грабарскаю чэляддзю, нюхаючаю смурод вязніц і Гнілых Ямаў, каб узяўся за працу, да якое змушала толькі няволя або крайняя бяздоліца!

вернуться

84

Устойлівы фразеалагізм, які абазначае: «Во найдурнейшы з дурняў» (заўвага аўтара).