Выбрать главу

Глянь, якая страшная гэтая вязніца, а я йду да неба. Падумай, тут цэзар, а там добры й міласэрны Збаўца. Дый няма смерці. Ты мяне кахаеш, дык зразумей, якой я буду шчаслівай. О, Маранка дарагі, падумай, то ж і ты туды прыйдзеш да мяне.

І замоўкла, каб крыху адсапціся хворымі грудзьмі, пасля прылажыла да вуснаў ягоную руку: — Марк… — Чаго, любая?

— Не плач па мне і памятай, што ты туды прыйдзеш да мяне. Не доўга я жыла, але Бог даў мне тваю душу. Дык скажу Хрысту: хоць я памерла, хоць ты застаўся з жалем, аднак не блюзніў супраць волі Ягонай і любіш Яго заўсёды. А ты будзеш Яго любіць і перажывеш цярпліва маю смерць?.. Бо тагды Ён нас злучыць, а я кахаю цябе і хачу быць з табою… Тут не хапіла ёй духу, і ледзь дачувальным голасам дакончыла: — Прырачы мне гэта, Марк!..

Вініць абняў яе дрыжачымі рукамі і сказаў: — На тваю святую галованьку!.. Прыракаю!..

Тады ў бледным святле месяца распрамянілася ейнае аблічча. Яшчэ раз прылажыла да вуснаў ягоную руку й шапнула: — Я твая сужэнка!..

За сцяною прэторыяне, гуляючыя ў scriptae duodecim, паднялі гучную спрэчку, але яны забыліся пра вязніцу, пра варту, пра ўвесь свет і, адчуваючы ўзаемна ў сабе анёльскія душы, пачалі маліцца.

LXI

Праз тры дні, а дакладней, тры ночы нічога не муціла ім супакою.

Скончыўшы абыдна свае заняткі выносінаў мёртвых і цяжка хворых, калі зняможаная варта паклалася спаць на калідорах, Вініць уваходзіў у падзямелле, дзе была Лігія, і сядзеў там, аж пакуль не пачынаў заглядаць праз ваконныя краты золак. Яна галубілася галованькай да грудзей ягоных, і гутарылі ціхенька пра каханне ды пра смерць. Абое мімахоць у думках і гутарках, нат у жаданнях і надзеях, штораз болей аддаляліся ад жыцця і гублялі адчуванне яго. Абое выглядалі на людзей, якія, адплыўшы ад берагу, не бачаць ужо яго і паволі занураюцца ў бясконцасць. Абое паступова перайнакшваліся ў духаў сумных, раскаханых у сабе саміх ды ў Хрыстусе, гатовых адляцець. Часам толькі ў ягоным сэрцы зрываўся шчэ боль, часамі бліснула, моў маланка, надзея, зроджаная каханнем і верай у міласэрнасць Укрыжаванага Бога, але і ён штодзень адрываўся ад зямлі й паддаваўся смерці. Калі раненька выходзіў з вязніцы, глядзеў ужо на свет, на горад, на знаёмых ды жыццёвыя турботы, бы праз сон. Усё выдавалася яму ачужэлым, далёкім, пустым і нікчэмным. Перастала яго праймаць жахам нат і пагроза пакутаў, бо меў пачуццё, што іх можна перацярпець як бы ў задуме, з вачыма, скіраванымі ў нешта іншае. Абаім здавалася, што пачынае ўжо імі завалодваць вечнасць. Гутарылі пра каханне, пра тое, як кахацімуцца ды разам будуць жыць на тым свеце, і калі часамі думка іхняя звярталася шчэ да зямлі, дык толькі як людзей, што рыхтуюцца ў далёкае падарожжа. Ахінула іх такая цішыня, якая атуляе дзве пустынныя калюмны, забытыя людзьмі. Расходзілася ім ужо толькі пра тое, каб Хрыстус іх не разлучаў; а калі кожная хвіліна ўмацоўвала ў іх тую пэўнасць, раскахаліся ў Ім, як сваім злучыцелю, як у несканчальным шчасці й супакоі. Былі яшчэ на зямлі, а ўжо ападаў з іх пыл зямны. Іхнія душы сталіся чыстымі, бы слязінкі. Пад пагрозай смерці, сярод бяздолля і цярпення, на вязнічным бярлагу пачалося для іх неба, бо яна брала яго за руку і вяла, як святая, да вечнае крыніцы жыцця.

А Пятроні з’умяваўся, бачачы ў абліччы Вініція штораз большы супакой ды нейкі дзіўны бляск, якіх не бачыў даўней. Іншы раз радзілася ў ягонай думцы здагадка, што Вініць няйначай знайшоў нейкую дарогу ратунку, і рабілася яму прыкра, чаму з гэтым перад ім тоіцца. Урэшце, не могучы вытрымаць, зачапляе яго: — Цяпер ты выглядаеш нейк інакш, не таіся перада мною, хачу і магчыму табе дапамагчы: ці ўпланаваў што?

— Упланаваў, — адказвае Вініць, — але ты не магчымеш ужо мне быць помачным. Па ейнай смерці прызнаюся, што я хрысціянін, і пайду за ёю.

— Дык не маеш надзеі?

— Чаму не? Маю. Хрыстус мне аддасць яе, і не расстануся ўжо з ёю ніколі.

Пятроні пачаў хадзіць па атрыюме з мінай зняверанай ды нецярплівай, у канцы кажа: — На гэта не трэба вашага Хрыстуса, бо тую самую паслугу можа табе даць наш Танатос[85].

А Вініць, сумна ўсміхнуўшыся, гавора: — Не, дарагі, але не хочаш зразумець.

— Не хачу ды не магу, — адказвае Пятроні. — Не пара цяпер на разважанні, але ці памятаеш, што ты казаў, як нам не ўдалося вырваць яе з Туліянума? Я развітаўся з усялякай надзеяй, а ты сказаў, як прыйшлі мы дамоў: «А я веру, што Хрыстус можа мне яе вярнуць». Дык няхай жа табе яе верне. Калі я кіну каштоўную чару ў мора, не патрапіць мне аддаць яе ніхто з нашых багоў, але калі і ваш не лепшы, дык не ведаю, за што Яму маю аддаваць пашану большую, чым даўным.

вернуться

85

Геній смерці (заўвага аўтара).