Выбрать главу

Дык іншы раз казаў сабе: не яму дужацца з цэзарам Ромы, даканаць гэта можа толькі Сам Хрыстус.

Усе гэныя думкі блыталіся ў ягонай галаве, калі слухаў наляганне апошняе жменькі сваіх верных, а яны, абступіўшы яго цесным колам, паўтаралі малебнымі галасамі: — Ратуйся, Ойча, і нас выводзь з-пад моцы Бестыі!

У канцы і Лін пахіліў перад ім сваю замучаную голаў: — Вучыцелю, — гаварыў, — табе Збаўца загадаў пасвіць свае авечкі, але ж няма ўжо тут іх, або заўтра іх тут не будзе, дык ідзі туды, дзе яшчэ знайсці іх можаш. Жыве яшчэ Божае слова і ў Ерузаліме, і ў Антыохіі, і ў Эфэзе ды ў іншых гарадох. Што зробіш, застаўшыся ў Рыме? Як ляжаш, пабольшыш толькі трыумф Бестыі. Яну Госпад не назначыў канца жыцця, Павал ёсць рымскім грамадзянінам, і без суду караць яго не магчымуць, але калі над табою, Ойча, раз’ярыцца пякельная моц, тады тыя, у каго змаглося ўжо сэрца, пытацімуць: «Няма сілы над Нэронам?» А ты ж скала, на якой стаіць Субожня Святая. Дай нам памерці, але не дапусці да перамогі Антыхрыста над Божым Намеснікам і не вяртайся сюды, пакуль Бог не згладзіць гэтага людажэра, які гэтулькі праліў нявіннае крыві.

— Глянь на слёзы нашыя! — паўтаралі ўсе прысутныя.

Слёзы каціліся і па твары Пятра. Пасля, аднак, устаў і, выцягаючы над кленчачымі далоні, мовіў: — Хвала імені Божаму, дзейся воля Ягоная!

LXX

Наступнага дня ледзь золак дзве цёмныя фігуры сунуліся Апійскаю дарогаю ў бок Кампаньі.

Адною з іх быў Назар, другою — Апостал Пётр, які пакідаў Рым і пераследваных там сувернікаў.

Неба на ўсходзе ледзь-ледзь праяснялася зеленаватым адценнем, якое паволі штораз выразнела, пераходзіла знізу ў шафрановую фарбу. Срэбналістыя дрэвы, белыя мармуры віллаў і лукі вадацягаў, бягучыя раўнінаю да горада, вынураліся з ценю. Раз’яснялася паступова зеленасць неба, насычаючыся золатам. Вось усход пачаў ружавець і азарыў Альбанскія горы, якія паказаліся чароўныя, ліловыя, бы з самага толькі яснагляду ўтвораныя.

Дрыжачыя брыльянты расінак іскрыліся на лістоце дрэваў. Рассноўвалася імгла, адкрываючы штораз шырэйшы далягляд на раўніну, рассыпаныя па ёй дамы, прыгарадкі, магільнікі й кучкі дрэваў, між якімі бялелі калюмнады святынь.

На дарозе — ні душы. Сяляне, якія звозілі агародніну ў горад, не паспелі яшчэ, мабыць, пазапрагаць вазоў. Ад каменных плітаў, якімі аж да самых гор выкладзены быў гасцінец, ішоў водгук драўляных пасталоў, якія на нагах мелі спадарожнікі.

Вось і сонца выкацілася з-за гор, але адначасна дзіўнае відовішча лынула ў вочы Апосталу: здалося яму, быццам залацістае кола, замест падымацца вышэй і вышэй на небе, ссунулася з гор і коціцца па дарозе.

Сутрымаўся Пётр і кажа: — Бачыш вунь тую яснасць, што йдзе да нас?

— Не, не бачу, — адказвае Назар.

Але Пётр па хвіліне адзываецца, прыхіліўшы вочы даланёю: — Нейкая постаць ідзе да нас у сонечным бляску.

Да вушэй іхніх не даходзіў, аднак, і найменшы водгук хады. Цішыня наўкола. Назар бачыў толькі, што ўдалечыні дрэвы дрыжаць, як бы хто іх устрасаў, а бляск разліваецца па раўніне штораз шырэй.

Прыглядаецца Назар здзіўлены на Апостала.

— Ойча, што табе? — адзываецца трывожна.

А з рук Апосталавых высунуўся на зямлю падарожны кій, вочы ў некага ўставіў, расхіліў вусны, на твары здзіў, радасць, захапленне.

Нагла кінуўся на калені з выцягнутымі перад сабою рукамі і крычыць: — Хрысце! Хрысце!

І прыпаў тварам да зямлі, як бы цалаваў нечыя стопы. Доўгае маўчанне.

Пасля адзываюцца ў цішы перарываныя словы старца: — Quo vadis, Domine?..

Не чуў адказу Назар, але да Пятровых вушэй дайшоў салодкі сумны голас: — Іду ў Рым, каб другі раз мяне ўкрыжавалі, бо ты пакінуў народ мой.

Апостал ляжаў на зямлі, з тварам у пыле, без руху і слова. Назару здавалася ўжо, што абамлеў або памёр, але ён устаў урэшце, падняў дрыжачымі рукамі з зямлі кій і, нічога не кажучы, завярнуўся да сямі ўзгоркаў гораду.

А хлапчанё, бачачы гэта, паўтарыла, бы рэха: — Quo vadis, Domine?..[88] — У Рым, — адказаў ціха Апостал.

І вярнуўся.

Павал, Ян, Лін і ўсе верныя спаткалі яго з подзівам ды з трывогаю тым большай, што якраз нарозвідні, зараз пасля ягонага адыходу, прэторыяне акружылі памешканне Мырыямы й шукалі ў ім Апостала. Але ён на ўсе пытанні адказваў ім толькі з радасцю й супакоем: — Я бачыў Госпада!

вернуться

88

Куды ідзеш, Спадару?.. (лац.).