І, верны самому сабе, разыгрываў галоўную ў ёй ролю да канца. Апанавала яго похатная гарачка цытатаў і жада перадачы ягонага майстэрства нашчадкам. Сягды-тагды крычаў, што хоча паміраць, і заклікаў Спікула, які найзручней за ўсіх гладыятараў забіваў. Часамі дэкламаваў: «Маці, жонка, айцец на смерць мяне ўзываюць!» Проблыскі надзеі будзіліся часамі, аднак, у ім, пустыя, дзіцячыя. Бачыў ідучую да яго смерць і адначасна не верыў у яе. Намэнтанская брама была адчынена. Едучы далей, прасунуліся міма Острыянума, дзе Пётр навучаў і хрысціў. На світанні былі ў вілле Фаона.
Там вызвольнікі не хавалі ўжо перад ім, што пара памерці, дык загадаў капаць сабе яму і лёг на зямлі, каб знялі акуратную меру. Глядзеў на выкіданы з ямы пясок і калаціўся ад страху. Наліты твар ягоны збялеў, пот выступіў на лбе, бы крапліны ранняе расы. Ацягаўся. Мярэчыў трэмолавым акторскім голасам, што яшчэ пара не падаспела, дый зноў давай цытаваць. У канцы прасіў, каб яго спалілі. «Што за мастак гіне!» — бедаваў жахліва.
Прымеж таго, прыскочыў пасланец Фаона з дакладам, што сенат выдаў на забойцу бацькоў ужо прысуд, і што патрыцыда[93] будзе ўкараны паводле даўняга звычаю.
— Што там за звычай? — спытаў збялелымі вуснамі Нэрон.
— Шыю ўшчэмяць у вілы і засцёбаюць, забічуюць цябе на смерць, а цела ўкінуць у Тыбр! — пагардліва адказаў Эпафродыт.
Давай ён тады расхіляць на грудзях вопратку.
— Ну дык пара! — кажа, узглянуўшы ў неба.
Ды йшчэ раз прыцвердзіўшы: — Што за артысты гіне!
Нараз загрукацелі конскія капыты. Гэта цэнтурыён з аддзелам ваяроў прыязджаў па галаву Агенабарба.
— Не марудзь! — закрычалі вызвольнікі.
Нэрон прылажыў да шыі нож, але рука пачала дрыжаць, відаць было, што ніколі не адважыцца ўсадзіць яго. Тады Эпафродыт неспадзявана папхнуў ягоную руку, і нож схаваўся па самы тронак, аж зекры яму выперла наверх, страхотныя, вялізныя, жахлівыя.
— Прыношу табе жыццё! — адазваўся, уваходзячы, цэнтурыён.
— Запозна, — адказаў храплівым голасам Нэрон.
Пасля дадаў: — Во гэта вернасць!
Смерць хутка пачала абнімаць голаў. Кроў з грубога карку аблюзгвала чорным раўчуком агародныя кветкі. Нагамі рыў зямлю і — сканаў.
Верная Актэ абвіла яго назаўтра каштоўнымі тканінамі і спаліла на перапоўненым пахошчамі вогнішчы.
І так прамінуў Нэрон, як мінае ліхая бура, навальніца, пажар, вайна ці паморак. А базыліка Пятра валадарыць і дасюль з Ватыканскіх высяў над народам і светам.
Недалёка Капэнскае брамы стаіць і дасяння маленькая каплічка з прыцёртым крыху напісам: «Quo Vadis, Domine?»
КАМЕНТАРЫ
С. 13: Нэрон (37–68 гг. н. э.) — рымскі цэзар (ад 54 г.) з дынастыі Юліяў Клаўдыяў. Олеотокіюм — пакой для масажу ды націрання алеем. Эфебы — пляцоўкі для гімнастычных спаборніцтваў эфебаў (юнакоў 16–20 гадоў). Сявера і Цэлер — архітэктары, што пабудавалі «Залаты палац» Нэрона.
Ватыній Тытус — шавец, якога Нэрон зрабіў прыдворным блазнам, наблізіўшы да сябе. Люкан — рымскі паэт І ст. н. э., аўтар паэмы «Фарсалія». Сэнэцый Клаўдый — набліжаная да Нэрона асоба, пазней быў удзельнікам змовы Пізона. Бальнеатар — нявольнік, што служыў пры лазні. Бысс — тонкая, ледзь не празрыстая тканіна з бавоўны, якая надта шанавалася ў часы Рымскай імперыі. Ляконікум — аддзел гарачай лазні з вялікім, але неглыбокім басэйнам. Альбанскія горы — цяпер гэтая мяйсцовасць, дзе стаяў храм Ёвіша (Юпітэра), мае назву Монтэ-Кво, і гэта каля 30 км на паўднёвы ўсход ад Рыма. Тэпідарыюм — халаднейшая лазня. Наменклатар — паслугач, які вёў наменклатуру ўсёй світы дома, ягоных гасцей і нават гатуемых на кухні страваў. Марк Вініцій — консул з часоў цэзара Тыбэрыя, які ў сапраўднасці ажаніўся не з сястрою Пятронія, а з унучатай стрыечніцай таго цэзара. Даміцый Карбулон — таленавіты рымскі ваявода, які ва ўзросце 67 гадоў скончыў жыццё самагубствам па загаду Нэрона.