Выбрать главу

Пятроні быў калісь загадчыкам Бітыніі й сапраўды гаспадарыў там энергічна й справядліва. Гэта было супярэчным з характарам чалавека ажанчэлага й распешчанага роскашамі — таму так любіў успаміны тых часоў, яны бо паказвалі, чым бы ён мог быць, каб захацеў.

— Здарылася мне пабываць у Гераклеі, — адказаў Вініць. — Выслаў мяне туды Карбулон на пошукі падмогі.

— Ах, Гераклея! Знаў я там адну дзяўчыну з Калхіды, за якую аддаў бы ўсе тутэйшыя разводкі, не вылучаючы й Папеі. Але гэта даўнейшыя дзеі. Кажы лепш, што чуваць з партаўскага боку. Нудзяць мяне, праўду кажучы, гэныя ўсе Валохесы, Тырыдаты, Тыгрынэсы ды ўся тая барбарыя, што дома ў сябе поўзае шчэ ракам, як той Арулан казаў, а толькі перад намі строіць людзей. Але цяпер многа аб іх у Рыме гутаркі, можа й дзеля таго, што аб чым іншым не надта й бяспечна гутарыць.

— Дрэнна вядзецца гэта вайна: каб не Карбулон, магла б змяніцца ў катастрофу.

— Карбулон! На Бакха! Гэта сапраўды бог вайны, істны Марс: вялікі ваяк, адначасна ж закатны, чэсны й дурны. Люблю яго хоць бы й дзеля таго, што Нэрон яго баіцца.

— Карбулон не ёсць чалавекам дурньм.

— Можа й праўду кажаш, хоць усё адно. Дурната, як кажа Пырон, нічым не горша ад мудрасці ды нічым ад яе не розніцца.

Вініць пачаў расказваць пра вайну, але як Пятроні прыплюшчыў вочы, юнак, бачачы яго немарасць і зблажанне твару, змяніў гутарку й давай распытваць пра здароўе.

Пятроні зноў расплюшчыў вочы.

Здароўе!.. Не. Ён не чуўся здаровым; не дайшоў шчэ, праўда, да таго, да чаго дайшоў малады Сысэн, які так ужо загубіў пачуццё, што, як пераносілі яго ў лазню, пытаў: «Ці я сяджу?» — але не быў здароў. Вініць аддаў вось яго пад апеку Асклепіёса й Кіпрыды. Але ён, Пятроні, не верыць у Асклепіёса. Няведама бо нат, чыім быў сынам гэны Асклепіёс: ці Арсіноэ, ці Караніды, а калі маці няпэўная, што ж казаць пра бацьку. Хто цяпер можа ручацца нат за свайго собскага родзіча!

Тут Пятроні пачаў смяяцца, пасля гаварыў далей: — Паслаў, праўда, два гады таму ў Эпідаўрус тры дванаццаткі пашкотаў і кубак золата, толькі ведаеш чаму? От сказаў сабе: паможа не паможа, але й не зашкодзіць. Калі людзі на свеце яшчэ даюць багом ахвяры, то хіба ўсе так думаюць, як я. Усе! З выняткам, можа, мулавозаў, што наймаюцца падвозіць падарожных пры Порта Капэна. Апрача Асклепіёса меў я справы таксама й з Асклепіядамі, як летась хварэў на пухір. Адпраўлялі за мяне інкубацыі. Я ведаў, што гэта абармоты, але таксама думаў сабе: што мне гэта шкодзіць! Свет стаіць на абармоцтве, а жыццё ёсць ілюзіяй. Душа таксама — здань-мара. Трэба, аднак, мець столькі розуму, каб адрозніваць раскошныя мары ад прыкрых. У маім гіпокаўстэрыі палю цэдравым дрэвам, пасыпаным амбраю, бо пах у жыцці лепш люблю, чым затху.

Што да Кіпрыды, якой таксама мяне ты паручаў, дык пачуў апеку ейную над сабою настолькі, што вось маю шчыпанне ў правай назе. Хоць гэта добрая багіня!

Думаю, што ты панясеш раней ці пазней белыя галубкі на ейны алтар.

— Здаецца так, — пацвярджае Вініць. — Не дасягалі мяне стрэлы Партаў, затое трапіла ў мяне астрыё Амура… неспадзявана, некулькі стаяў перад брамаю гораду.

— На белыя калені Харытак! Раскажаш мне гэта свабоднаю парою, — кажа Пятроні.

— Менавіта прыйшоў да цябе параіцца, — адказвае Марк.

Але ў той хвіліне ўвайшлі эпілятары, якія ўзялі Пятронія, Марк жа, скінуўшы туніку, занурыўся ў летнюю ванну, бо Пятроні запрасіў яго да купальні.

— Ах, не пытаю нат, ці маеш узаемнасць, — адказаў Пятроні, любуючыся маладою, нібы з мармуру выкананай фігурай Вініція. — Каб Лізып быў цябе бачыў, ухарашаў бы ты цяпер Палатынскую браму, як статуя Геркулеса ў маладым веку.

Юнак усміхаўся ад задавальнення й пачаў занурацца ў ванне, расхлюстваючы пры тым буйна цёплую ваду на мазаіку Геры, просячай Сон, каб закалыхаў Зэўса. Пятроні песціў яго з прыемнасцю вокам артыстага.

Як скончыў і аддаўся пасля эпілятарам, увайшоў лектар з бронзавай скрынкай на жываце і скрутамі паперы ў ёй.

— Хочаш паслухаць? — спытаў Пятроні.

— Калі гэта твой твор, ахвотна! — адказаў Вініць. — А калі не, то лепш пагутарым. Паэты ловяць сяння людзей на ўсіх рагох вуліц.

— А як жа. Не пройдзеш ля ніякай базылікі, ля тэрмаў, бібліятэкаў ці кнігарняў, не спаткаўшы паэта, жэстыкулюючага бы малпа. Агрыпа, як прыехаў сюды з Усходу, думаў, гэта ачмуцелыя. Але цяпер такія ўжо часы. Цэзар піша вершы, дык усе йдуць у ягоныя сляды. Няможна толькі пісаць вершаў лепшых, чым цэзаравы, і з гэтай прычыны крыху пабойваюся за Люкана… Я пішу прозаю, ёю, аднак, не частую ані сябе самога, ані іншых. Тое, што лектар меў чытаць, гэта былі кадыцыллі таго беднага Фабрыцыя Вэента.