Думаў таксама, ведаючы Нэрона, што ён хоць бы ў чары і не ўверыў, будзе крывіць, што верыць, і дзеля таго, каб ашукаць свой боль, і дзеля таго, каб на кім спагнаць помсту, ды каб адсунуць думкі аб кары багоў за злачынствы. Пятроні не думаў, каб цэзар мог нат собскае дзіця кахаць шчыра і глыбока: хоць любіў похатна, быў аднак пэўным, што перасоліць у жальбе. І не памыліўся.
Нэрон слухаў спачуванняў сенатараў і рыцараў з каменным тварам, з вачыма, устаўленымі ў адзін пункт, і бачна было, што калі нат і сапраўды церпіць, дык адначасна гадае, якое ўражанне выклікае ў прысутных, пазуе Ніобе, дае сцэну бацькаўскага жалю так, як бы яе выконваў камедыянт. Не ўмеў нат пры гэтым вытрываць у маўклівым, быццам скамянелым сумаванні, бо раз рабіў жэст моў пасыпання галавы попелам, а іншы раз глуха стагнаў, а ўбачыўшы Пятронія, усхапіўся і пачаў трагічным голасам адзывацца так, каб усе маглі яго чуць: — Эгэў!.. І ты вінаваты, што яна памерла! За тваёй парадай увайшоў у гэтыя муры ліхі дух, які адным позіркам выссаў жыццё з яе… Гора мне! Хай вочы мае не глядзяць на святло Геліёса… Гора мне! Эгэў! Эгэў!..
І, падымаючы штораз голас, пачаў роспачна крычаць. Але Пятроні вырашыў усё паставіць на шалю, дык, выцягнуўшы хутка руку, сарваў шаўковую абвязку з шыі і заткнуў ёю вусны Нэрону.
— Доміне! — адзываецца паважна. — Спалі Рым і свет з болю, але голас нам свой ашчадзі!
Прысутныя астаўпелі, сумеўся на хвіліну і сам Нэрон, адзін толькі Пятроні застаўся няўзрушны. Ён ведаў надта добра, што робіць, бо ж памятаў, што Тэрпнас і Дыядор мелі папросту загад затыкаць вусны цэзару, калі б пачынаў шкодзіць свайму голасу.
— Цэзару, — гаварыў далей з тою ж самаю павагай і сумам, — маем страту вялізарную, хай жа нам хоць гэты скарб пацехі застанецца!
Дрыгата прабегла па твары Нэрона, з вачэй пусціліся слёзы; нараз абняў далонямі плячукі Пятронія і, успёршы голаў на ягоных грудзях, давай паўтараць плачліва: — Ты адзін з усіх аб гэтым падумаў, ты адзін, Пятронійка! Ты адзін!
Тыгэлін аж зжаўцеў ад зайздрасці, а Пятроні далей кажа: — Едзь да Анцыюму! Там яна прыйшла на свет, там сплыла на цябе радасць, там сплыве і супакаенне. Хай марское паветра адсвежыць тваё боскае горла, хай грудзі твае адатхнуць салёнаю вогкасцяй. Мы, верныя, пойдзем за табою ўсюды, і калі твой боль саладзіцімем спагадай, ты ўпоіш нас песняй.
— Так! — адказаў жаласна Нэрон. — Напішу гімн на ейнае шанаванне ды падрыхтую да яго музыку.
— А пасля пашукаеш цёплага сонца ў Байя.
— А пасля — забыцця ў Грэцыі.
— У калысцы песні й паэзіі!
І каменны пануры настрой паволі мінуў, як мінаюць хмары, засланяючыя сонца, а пачалася гутарка, нібыта поўная шчэ суму, але паўнейшая абмеркаванняў на будучыню датычна падарожжа, мастацкіх выступаў, а нат пачостак, якіх вымагала запавешчанае прыбыццё Тырыдата, караля Арменіі. Тыгэлін спрабаваў, праўда, яшчэ спамінаць аб чарах, але Пятроні, пэўны ўжо выйгрышу, прыймае проста наступ: — Тыгэлін, — кажа, — няўжо думаеш, чары могуць шкодзіць багом?
— Сам цэзар пра іх спамінаў, — адказаў дварак.
— Дакука, боль гаварыла, не цэзар, але ты што пра гэта думаеш?
— Багі замагутныя на тое, каб маглі паддавацца прыроку.
— А ты запярэчваеш боскасці цэзара й ягонай радні?
— Peractum est![29] — мармытнуў вобак Эпрый Марцэль, паўтараючы вокрык народу падчас трапна пакананага гладыятара так, што не трэ ўжо было яго дабіваць.
Тыгэлін згрыз у сабе гнеў. Між ім і Пятроніем здаўна існавала спаборніцтва перад Нэронам, і Тыгэлін меў на сваім баку тое, што Нэрон менш, або й зусім на яго не аглядаўся, дагэтуль, аднак, Пятроні ў сутычках перамагаў яго розумам і дасціпнасцяй.
Так сталася й цяпер. Тыгэлін змоўк і толькі натаваў сабе тых сенатараў і рыцараў, якія зараз акружылі Пятронія, як той падаўся ў глыбіню залі, думаючы, што пасля гэтага ён будзе напэўна першым улюбенцам цэзара.
А Пятроні выйшаў з палацу ды пайшоў да Вініція і, расказаўшы яму здарэнне з цэзарам і Тыгэлінам, кажа: — Не толькі адвярнуў небяспеку ад Аўла Плаўцыя і Пампоніі, але й ад нас абодвых ды ад Лігіі, якое не будуць шукаць хоць бы й дзеля таго, што я набухторыў тую рудабародую малпу, каб ехаць у Анцыюм, а адтуль у Неапаль або ў Байя. І паедзе, бо ў Рыме не смеў дагэтуль выступіць публічна ў тэатры, а ведаю, што даўно збіраецца выступіць у Неапалі. Пасля думае аб Грэцыі, дзе маніцца спяваць ува ўсіх важнейшых гарадох, а ў канцы з ахвяраванымі праз «грэкулаў» вянкамі трыўмфальна вярнуцца ў Рым. Праз гэты час мы магчымем свабодна шукаць Лігію ды схаваць яе бяспечна. А што ж?
Ці нашага паважанага філёзафа не было?