Выбрать главу

Гэта кажучы, зноў пачаў плакаць, а я з ягонымі слязьмі змяшаў і мае, гэта ўдалося мне без цяжкасці з дабраты майго сэрца ды ламаты ў нагах, зняможаных валаканінай. Пачаў я наракаць, што, прыйшоўшы нядаўна з Неапалю, нікога не ведаю з братоў, невядома мне, дзе збіраюцца на малітвы. Ён здзівіўся, што мне хрысціяне не далі пісулькі да рымскіх братоў, але кажу яму, што ўкралі мне яе ў дарозе. Тады гавора мне, каб прыйшоў уначы на рэчку, ён пазнаёміць мяне з братвою, якая давядзе мяне ў дом малітвы ды да хрысціянскіх старшынаў гміны. Гэта пачуўшы, я так узрадаваўся, што даў патрэбную на выкуп сына суму, спадзяючыся, што вялікадушны Вініць удвая мне яе верне… — Хілон, — перарывае Пятроні, — у тваім расказе лгарства плавае на паверхні, бы аліва на вадзе. Прынёс ты важныя весткі, не пярэчу. Скажу нат, што на шляху знаходу Лігіі зроблены вялікі крок. Але ж ты не шмаруй махлярствам сваіх навінаў. Як завецца той старац, ад якога ты даведаўся, што хрысціяне пазнаюцца знакам рыбы?

— Эўрыцы, спадару. Бедны бяздольны старац! Нагадаў мне лекара Глаўка, якога бараніў я ад злыдняў, і таму мяне так расчуліў.

— Веру, што ты спаткаў яго і што патрапіш скарыстаць з гэнага знаёмства, але грошай ты яму ж не даваў. Не даў ты яму ані аса, разумееш! Не даў нічагутка!

— Але ж дапамог яму насіць вёдры ды аб сыну гаварыў спачувальна. Так, доміне! Што ж можа схавацца ад праніклівасці Пятронія? Ну не даў я яму грошай, а вярней даў, але толькі ў душы, у розуме, гэтага, калі б ён быў філёзафам, павінна б яму хапіць… А даў дзеля таго, што ўважаў гэткі ўчынак за неабходны і карысны, падумай бо, як бы ён да мяне прыхіліў усіх хрысціян, які б да іх адкрыў прыступ ды які ўзбудзіў бы ў іх давер.

— Праўда, — кажа Пятроні, — ты павінен быў гэта зрабіць.

— Вось жа таму й сюды прыходжу, каб мог гэта я зрабіць.

Пятроні звярнуўся да Вініція: — Загадай яму адлічыць пяць тысяч сэстэрцыяў, але толькі ў душы, у розуме… Вініць кажа: — Дам табе хлапчука, які панясе патрэбную суму, а ты скажаш Эўрыцыю, што хлапчук ёсць тваім нявольнікам, і вылічыш старому перад ім грошы. А за тое, што прынёс ты, аднак, важную вестку, атрымаеш яшчэ столькі для сябе. Прыйдзеш па хлапца і па грошы сяння вечарам.

— Во праўдзівы цэзар! — сказаў Хілон. — Дазволіш, спадару, я прысвячу табе мой твор, але дазволь таксама, што сяння вечарам прыйду толькі па грошы, бо Эўрыцый сказаў мне, што камення ўжо ўсе выгружаны, а новыя прыплывуць з Остыі за некалькі дзён. Pax vobis![31] Так развітваюцца хрысціяне… Рыбу ловяць на вуду, а хрысціян — на рыбу. Pax vobiscum! Pax!.. Pax!.. Pax!..

XV

Пятроні да Вініція: «Праз даверанага нявольніка пасылаю табе з Анцыюма гэны ліст, на які — хоць рука твая больш да мяча ды дзіды, чым да пяра, прызвычаілася — думаю, праз таго ж самага пасланца неадкладна адпішаш.

Пакінуў я цябе на добрым тропе ды поўнадзейнага, дык спадзяюся, што або ўжо салодкую жаду ў абдымках Лігіі супакоіў, або супакоіш яе перш, чым зімовы сівер дзьмухне з верхавін Сорактэ на Кампанью. О мой Вініційка! Хай табе будзе валадарыняй залатая багіня Цыпру, а ты будзь валадаром гэнай лігійскай заранкі, што ўцякае ад сонца кахання. А не забывай пра тое, што мармур сам у сабе, хоць бы й найдаражэйшы, ёсць нічым, і што сапраўднай каштоўнасці набірае тады, калі яго ў архітвор ператворыць рука рэзьбяра. Будзь такім рэзьбяром ты, carissime[32]! Мала кахаць — трэба ўмець кахаць, ды трэ ўмець навучыць кахаць.

Адыж роскаш адчувае і плебс, і нат жывёлы, а сапраўдны чалавек тым ад іх адрозніваецца, што яе быццам замяняе ў шляхотнае мастацтва і, любуючыся ёю, ведае аб ёй, усю боскую вартаснасць упрытамняе ў думцы, а праз тое не толькі цела, але й душу ўпойвае. Не раз, калі падумаеш тут аб пустагонстве, няпэўнасці ды нудзе нашага жыцця, прыходзіць мне ў голаў, што ты мо й лепш выбраў, ды што не двор цэзара, але вайна і каханне — гэта дзве адзіныя рэчы, для якіх варта радзіцца й жыць.

вернуться

31

Мір з вамі! (лац.).

вернуться

32

Найдаражэйшы! (лац.).