Выбрать главу

У вайне быў ты шчаслівым, будзь жа ім і ў каханні, а калі цікавішся, што дзеецца пры двары цэзара, я табе аб гэтым сягды-тагды пісаціму. Вось жа, сядзімо ў Анцыюме ды даглядаем наш нябесны галасок, заўсёды адчуваемо, аднак, брыдасць да Рыму, а на зіму манімся падацца да Байя, каб публічна выступіць у Неапалі, жыхары якога, як грэкі, лепш патрапяць ацаніць нас, чым воўчая наць, засяляючая ўзбярэжжа Тыбру. Збягуцца людзі з Байя, Пампеі, з Путэолі, з Кумэ і з Стабіяў. І воплескаў, і вянкоў нам хопіць, і гэна будзе заахвотай да прадбачанай выправы ў Ахайю.

А памяць малое аўгусты? Так? Яшчэ па ёй плачам. Пяём гімны собскага творства так чароўныя, што сырэны ад зайздрасці пахаваліся ў найглыбейшыя нетры Амфітрыты. Дэльфіны толькі вечна слухалі б нас, каб не перашкаджаў ім шум мора. Жальба наша дагэтуль не супакоілася, дык паказваем яе людзям у розных формах мастацкіх, аглядаючыся адначасна, ці нам з ёю прыгожа ды ці ўмеюць на гэтай прыгожасці пазнацца людзі.

Тут усе аўгустыяне й аўгустыянкі, не лічачы пяцісот асліц, у якіх малацэ купаецца Папея, ды дзесяці тысяч слугаў. Часамі нат бывае й весела. Кальвія Крыспініла старэе: кажуць, быццам упрасіла Папею купацца зараз пасля яе. Нігідыі Люкан даў па мордзе за тое, што нюхаецца з гладыятарам.

Спорус прайграў жонку Сэнэцыю ў косці. Торкват Сылан даваў мне за Эўніку чатыры каштанавых каня, якія ў гэтым годзе бессумніўна выйграюць бегі. Я не ўзяў, і табе таксама дзякую, што не прыняў яе. Што да Тарквата, дык не здагадваецца небарака, што хутчэй ёсць ценем, чым чалавекам.

Смерць яго ўжо здэцыдавана. А ці ведаеш, якая віна ягоная? Ёсць праўнукам боскага Аўгуста. Няма яму ратунку. Такі ўжо наш свет!

Чакалі мы тутака, як вядома, Тырыдата, тым часам Валохэс напісаў зняважлівы ліст. Заваяваў ён Арменію, дык просіць, каб аддаць яму яе для Ты рыдата, бо калі не, дык і так яе не аддасць. Горкія кпіны! Дык урадзілі мы вайну. Карбулон атрымае такую ўладу, якую за часаў вайны з марскімі разбойнікамі меў Пампей. Была, аднак, хвіліна, што Нэрон хістаўся: мабыць, баіцца славы, якую на выпадак перамогі можа здабыць Карбулон. Думалі нат, ці не ахвяраваць галоўнага камандавання нашаму Аўлу. Спрацівілася Папея, якой цнота Пампоніі коле ў вочы.

Ватыні паабяцаў нам нейкія незвычайныя змаганні гладыятараў, якія маніцца зладзіць у Бэнэвэнце. Бачыш да чаго, насуперак сказу «ne sutor supra crepidem»[33], даходзяць шаўцы ў нашых часах! Вітэлі нашчадак шаўца, а Ватыні — родны сын! Можа яшчэ сукаў дратву! Гістрыён Алітурус чароўна ўчора прадстаўляў Эдыпа. Пытаў я між іншым яго як жыда, ці хрысціяне й жыды — гэта тое самае? Адказаў мне, што жыды мелі спрадвечную рэлігію, а хрысціяне з’яўляюцца новай сэктаю, якая нядаўна паўстала ў Юдэйі. Укрыжавалі тамака за часаў Тыбэрыя аднаго чалавека, якога вернікі множацца з кожным днём; уважаюць яны яго за Бога. Здаецца, больш ніякіх багоў, а злашча нашых, не хочуць ведаць. Не разумею, што гэта ім шкодзіла б.

Тыгэлін яўна мне ўжо аказвае непрыязнь. Да гэтых пор не можа мне даць рады, мае аднак нада мною адну вышэйшасць: больш дбае аб жыццё ды адначасна ёсць большым за мяне злыднем, што збліжае яго да Агенабарба. Яны абодва згаворацца хутчэй ці пазней, а тады прыйдзе мая чарга. Калі гэта будзе — не ведаю, але ўсё роўна будзе, дык што там тэрмін. Тым часам трэба гуляць. Жыццё само ў сабе было б не дрэннае, каб не Рудабароды. Дзякуючы яму чалавек часам брыдзіцца сам сабою. Дарма ўважаць барацьбу для ягоных ласкаў за нейкія цыркавыя выперадкі, за нейкую гульню, нейкі бой, у якім перамога падсычае самалюбства. Я часта так сабе талкую, а, аднак, часам мне здаецца, што я такі сабе Хілон, нічым не лепшы за яго. Калі табе будзе ён непатрэбны, прышлі яго мне.

Паздароў ад мяне тваю боскую хрысціянку, а вярней, прасі яе ад майго імя, каб не была для цябе рыбаю. Напішы мне аб сваім здароўі, аб каханні, умей кахаць, навучы кахаць ды бывай!»

М.Г. Вініць да Пятронія: «Лігіі няма дагэтуль. Каб не надзея, што яе хутка знайду, ты б адказу не атрымаў, бо калі жыццё горкне, дык і пісаць не хочацца. Я хацеў спраўдзіць, ці Хілон не ашуквае мяне, і тае ночы, калі прыйшоў па грошы для Эўрыцыя, ахінуўся я вайсковым плашчом ды пайшоў назіркам за ім і за хлопцам, якога яму даў. Як прыйшлі на мейсца, я іх здалёк сачыў, прытуліўшыся за партовым слупам, і пераканаўся, што Эўрыцый не быў выдуманай асобай. Далавах пры рацэ колькідзесят людзей выгружала пры светачах каменне з вялізнае кумягі і ўкладала іх пры беразе. Бачыў, як Хілон падыйшоў да іх дый пачаў гутарыць з нейкім старцам, які зараз кінуўся яму да ног. Іншыя абступілі іх, голасна дзівячыся. У маіх вачах хлапчук аддаў капшук з грашыма Эўрыцыю, які, схапіўшы яго, пачаў маліцца, узняўшы дагары рукі, пры ім укленчыў нехта другі, мабыць, ягоны сын. Хілон яшчэ нешта гутарыў, таго я не дачуў, і багаславіў поспал тых абодвух кленчучых, як і іншых, робячы ў паветры знакі на падобу крыжа, якому яны, відаць, аддаюць шанаванне, бо ўсе гнулі калені. Брала мяне ахвота кінуцца да іх і абяцаць тры такія капшукі таму, хто б мне выдаў Лігію, але баяўся папсаваць Хілону работы і, крыху падумаўшы, адыйшоў.

вернуться

33

Не судзіць шаўцу вышэй бота (лац.).