XVII
Хілон сапраўды маніўся з свету звесці Глаўка, чалавека хоць ужо ў гадох, але яшчэ цепяткога. У тым, што казаў Вініцію, была крошка праўды. Ведаў ён у сваім часе Глаўка, здрадзіў яго, прадаў разбойнікам, пазбавіў сям’і, маёмасці і выдаў на морд. Згадваў, аднак, пра гэта з лёгкаю душою, бо кінуў яго канаючага не ў гасподзе, але ў полі пад Мінтурнэ, не спадзеючыся таго, што Глаўк выліжацца з ран і прыйдзе ў Рым. Дык сапраўды, спаткаўшы яго ў доме малітвы, спалохаўся і ў першай хвіліне хацеў зрачыся ўсякіх пошукаў Лігіі. Але з другога боку, баяўся шчэ больш Вініція ды Пятронія. Дык хутка на ўспамін аб гэтых магутных патрыцыях паканаў у сабе хіслівасць. Думаў: лепш мець малых ворагаў, як вялікіх, і, хоць труслівая натура ягоная ўздрыгалася перад крывавымі спосабамі, пастанавіў замардаваць Глаўка пры дапамозе трэціх рук.
Цяпер расходзілася толькі пра падбор людзей, аб іх іменна і талкаваў перад хвілінай Вініцію. Начуючы часта ў вінярнях між людзьмі без даху, без сумлення й веры, лёгка мог знайсці спадручнікаў, гатовых на ўсё, але йшчэ лягчэй такіх, каторыя, знюхаўшы ў яго грошы, пачалі б работу ад яго самога або ўзяўшы з яго ўсю суму пагрозаю выдачы вігілам. Дый ад пэўнага часу чуў нейкую ў сабе абрыду да галіты, да плюгавых страхотных тыпаў, якія гняздзіліся ў спелюнках на Субуры ці Затыбры. Мераючы ўсё сваёю меркай дый не ведаючы дастаткова хрысціян, ані іхняе навукі, думаў, што і між імі знойдзе паслухмянае знадоб’е, маючыся выкрывіць у свой бок іхнюю безінтэрасоўную шчырасць.
Вось жа таго самага вечара пайшоў з тою мэтай да Эўрыцыя, які быццам адданы яму быў цэлаю душою і не адкажа ніякае помачы. Будучы, аднак, з натуры асцярожным, ані думаў яму адкрываць сапраўдных сваіх намераў, бо ж працівіліся яны веры й багабойнасці старца. Істыя замыслы свае меўся адкрыць толькі сапраўдным завушнікам і выканаўцам, якія з увагі на сваю бяспечнасць мусіцімуць датрымаць тайніцу.
Стары Эўрыцы, выкупіўшы сына, наняў адну з такіх малых крамак, ад якіх раілася пры Цыркус Максімус, прадаваў у ёй боб, аліўкі, пернікі, мядовую ваду цыркавым глядзельнікам. Хілон застаў яго дома, ладзіў крамку, і, прывітаўшы па-хрысціянску, адразу прызнаўся, з чым прыйшоў. Аддаўшы моў ім прыслугу, спадзяецца ўдзячнае помачы ад іх. Трэба яму двух або трох людзей, дужых і адважных, дзеля адхілення небяспекі, пагражаючай не толькі яму, але і ўсім хрысціянам. Праўда, ён бедны, бадай бо ўсё, што меў, аддаў Эўрыцыю, а ўсё ж людзям тым заплаціў бы за іхнюю паслугу, калі будуць яму вернымі й паслухмянымі. Пачцівы Эўрыцы з сынам сваім Квартусам слухалі свайго дабрадзея амаль на каленях. Абодва самі былі гатовы споўніць жаданні ягоныя, верачы, што так святы муж, як ён, не жадаціме ад іх прыслугі, нязгоднае з Хрыстоваю навукаю. Хілон запэўніў іх аб гэтым і, падняўшы вочы ўгару, нібыта маліўся, а сапраўды надумоўваўся, ці б не прыняць ад іх паслугі, ашчадзіўшы тысячу сэстэрцыяў. Але па хвіліне адкінуў гэную думку. Эўрыцы быў усё ж такі слабым ужо старцам, прыгнобленым горам і хваробай.
Кварт меў усяго шаснаццаць год, а Хілону трэ было людзей спраўных, дужых. Тысячу сэстэрцыяў спадзяваўся сваім спосабам і так заашчадзіць. Яны намагаліся, але, спаткаўшыся з станоўкасцяй, саступілі. Квартус тады кажа: — Ведаю пекара Дэмаса, у якога пры жорнах многа ўсякіх людзей. Адзін з тых наймітаў так дужы, што стаў бы не за двух, а за чатырох, бо ён сам бачыў, як падымаў каменне, якое чатырох людзей не давала рады.
— Калі гэта багабойны чалавек і гатовы пасвяціцца за братоў, пакажы мне яго, — просіць крывадушны Хілон.
— Гэна хрысціянін, спадару, — адказвае Кварт, — у Дэмаса бо амаль усе хрысціяне. Ёсць там і работнікі начныя, і дзённыя, той менавіта — начны.
Цяпер нат маглі б мы з ім свабодна разгаварыцца, бо акурат у іх вячэра. Дэмас жыве каля Эмпорыюма[34].
Хілон згадзіўся ахвотна. Эмпорыюм знаходзіўся пад узгор’ем Авентынскім, дык не надта далёка ад Вялікага Цырку. Льго было, не абходзячы ўзгор’я, ісці ўздоўж ракі праз Портык Эмілія, скарачаючы дарогу.
— Стары я ўжо, — кажа Хілон, затрымаўшыся пад калюмнаю, — дык часам маю зацьменне памяці. Так, здаецца, Хрыста нашага здрадзіў вучань ягоны! Толькі імя здрадніка не магу ось сабе прыгадаць.