Выбрать главу

— Чаму «беднага»?

— Бо яму загадана, каб пагуляў у Адысея й не вяртаўся дамоў аж да новага загаду. Гэтая Адысея настолькі яму будзе лягчэйшай, чым Адысею, што жонка яго не ёсць Пэнелопай. Дый ці ж трэ табе казаць, што паступілі з ім па-дурному. Але тут ніхто йнакш як павярхоўна не ацэньвае рэчаў.

Гэта даволі пусценькая й нудная кніжка, якую пачалі прагавіта чытаць толькі тады, як аўтара выгналі. Цяпер з усюль чуваць: «Скандал! Скандал!», і, быць можа, некаторыя рэчы Вэент зфантаз’яваў, але, знаючы наш народ, нашых патрэс і нашых жанчын, заручаю табе, што ўсё гэта шчэ не дараўняла рэчаіснасці. Разумеецца, кажны там шукае цяпер сябе з трывогаю, а знаёмых з прыемнасцяй. У кнігарні Авіруна сто скрыбаў перапісвае дыктаваную кніжку — і попыт яе запэўнены.

— Тваіх справак там няма?

— Ёсць, толькі аўтар не цэліў, бо я адначасна й горшы, і менш паскудны, як мяне апісаў. Мы, бач, тут даўно ўжо загубілі пачуццё таго, што годнае або нягоднае, і мне самому здаецца, што сапраўды гэнай розніцы няма, хоць Сэнэка, Мусоні й Трэсэй строяць міну, быццам яе бачаць. Мне дык усё роўна, на Геркулеса! Кажу тое, што думаю! Але я захаваў тую вышэйшасць, што магу адрозніць брыдоту ад прыгаства, а таго, напрыклад, наш рудабароды паэт, фурман, пяюн, танцор і актор — не цяміць.

— Шкада мне, аднак, Фабрыцыя! Гэта добры таварыш.

— Згубіла яго самалюбства. Кожны яго падазраваў, але ніхто добра не ведаў, на бяду — ён сам не мог вытрымаць і на ўсе бакі разгаласіў «пад сакрэтам». Ці ты чуў гісторыю Руфіна?

— Не.

— То пяройдзем у фрыгідарыюм, крыху ахалодзімся й раскажу табе яе.

Перайшлі ў фрыгідарыюм, пасярод якога біў угору вадаліў, акрашаны ясна-ружовым колерам, разносячы пах фіялкаў. Там паселі ў нішах, павысціланых шоўкам, і пачалі халадзіцца. Хвілінку маўчалі. Вініць углядаўся на бранзовага Фаўна, што, перагнуўшы сабе цераз плячо німфу, шукаў прагавіта вуснамі ейных вуснаў, пасля кажа: — Гэты добра робіць. Во што найлепшае ў жыцці.

— Больш-менш! Але апрача таго кахаеш вайну, якой я не люблю, ногці бо пад палаткамі пукаюцца й губяць сваю ружаву. Але кожны мае свае ўпадобы.

Рудабароды любіць песні, злашча свае собскія, а стары Скаўр сваю вазу карынфскую, якая ўначы стаіць пры ягоным ложку і якую цалуе, калі не можа спаць. Выцалаваў ужо ейныя берагі. Скажы, а ты ж не пісаў вершаў?

— Не, не згарадзіў ніколі аніводнага гекзаметру.

— І не граеш на лютні ды не пяеш?

— Не.

— А не ездзіш?

— Быў на перагонках калісь у Антыохіі, але не пашанцавала.

— Тады я аб табе спакойны. А да якога старонніцтва належыш у гіпадроме?

— Да зялёных.

— Тады я зусім спакойны, тым больш, што хоць маеш вялікую маёмасць, але не так багаты, як Палас або Сэнэка. Бо, бач, у нас цяпер добра пісаць вершы, пяяць пры лютні, дэкламаваць і ездзіць навыперадкі ў цырку, але яшчэ лепш ды бяспечней не пісаць вершаў, не граць, не пяяць і не выпераджацца ў цырку. Найлепш умець выказваць подзіў, калі гэта робіць Рудабароды. Ты прыстойны хлопец, тое хіба табе можа толькі пагражаць, што Папея закахаецца ў цябе. Але яна завялікі мае ў гэтым дослед. Даволі накахалася за першых двух мужоў, дык пры трэцім ёй расходзіцца пра што іншае. Ці ведаеш, што гэны дурны Атон і дагэтуль кахае да адчаю… Бродзіць там па скалах Гішпаніі ды ўздыхае. І гэтак апрасцеў ды абняхаеўся, што на ўкладанне фрызуры патрабуе цяпер толькі тры гадзіны дзенна. Хто гэтага ад Атона мог спадзявацца.

— Я яго разумею, — адказаў Вініць. — Але на яго мейсцы рабіў бы што іншае.

— Што іменна?

— Збіраў бы верныя сабе легіі з тамашніх горцаў. То хвацкія ваяры, тыя іберыйцы.

— Вініць! Вініць! Хочацца сказаць табе, што ты да гэтага не быў бы здольны. А ведаеш чаму? Такія рэчы робяцца, але аб іх не гаворацца нат умоўна. Я кпіў бы на ягоным мейсцы з Папеі, кпіў бы з Рудабародага і фармаваў бы сабе легіі, толькі не з іберыйцаў, а з іберыек. Эвентуальна, пісаў бы эпіграмы, якіх, пэўна ж, не адчытваў бы нікому, як небарак Руфін.

— Ты ж маніўся мне расказаць ягоную гісторыю.

— Раскажу табе ў унктуарыюме.

Але ў унктуарыюме цікавасць Вініція звярнулася на што іншае, менавіта на чароўныя нявольніцы, якія чакалі там на купальнікаў. Дзве з іх, негрынкі, нібы стройныя гебановыя статуі, пачалі масціць іхняе цела арабскімі пахнідламі, іншыя, спрытныя часальніцы, фрыгійкі, трымалі ў мяккіх і гнуткіх, бы вужы, ручонках паліраваныя сталёвыя люстры й грабяні, а дзве, ну проста як багінькі, дзяўчаткі з Кос чакалі, як «vaestiplicae»[5], на статуэтнае ўкладанне тогаў.

вернуться

5

Вестыплікі, служанкі (лац.).