— Юдаш, спадару, што павесіўся, — нагадаў Кварт, дзівячыся адначасна ў душы, як можна было такое імя забыцца.
— Во так! Юдаш! Дзякуй табе, — адказвае Хілон.
Праз хвіліну йшлі моўчкі. Дайшоўшы да Эмпорыюма, які ўжо быў замкнёны, мінулі яго і, абыйшоўшы сверні, з якіх выдавалася народу збожжа, сыйшлі налева, уздоўж дамоў на Астыенскай дарозе аж да ўзгорку Тэстацыюс і Форум Пісторыюм[35]. Там затрымаліся перад драўляным будынкам, з якога даходзіў гук жарон. Кварт увайшоў туды; Хілон, баючыся спаткацца сілаю фатум з Глаўкам, лекарам, ды не хочучы наагул паказвацца ў талацэ людзей, застаўся на двары.
— Цікавасць бярэ, што за Геркулес у наймітах пры жорнах, — гадаў сабе, пазіраючы на ясны месяц, — калі гэта хітры злыдзень, крышку мусі мне каштаваціме, а калі сумленны целяпень, усё зробіць задарма.
Далейшыя думкі перарваў яму Кварт, які выйшаў з будынку з другім чалавекам, апранутым толькі ў туніку, так званую «эксоміс», так скроеную, што правая рука і частка грудзей была голай. Такую адзежу, выгодную пры рабоце, насілі пераважна работнікі. Хілон, акінуўшы вокам незнаёмага, усцешыўся, нідзе бо дагэтуль не спатыкаў такога пляча і грудзей.
— Вось, дабрадзею, — паказвае Кварт, — брат, якога жадаў бачыць.
— Вітанне табе Хрыстовае! — азваўся Хілон. — Скажы ж, Квартуська, гэтаму брату, ці я годзен веры й даверу, ды йдзі сабе з Богам, нельга бо старога бацькі пакідаць самога.
— Гэта святы чалавек, — заручае Кварт, — які аддаў усю сваю маёмасць на выкупленне мяне, незнаёмага, з няволі. Хай Госпад, Збаўца наш, дасць яму заплату вечную.
Асілак-работнік, пачуўшы гэта, схіліўся ды пацалаваў у руку Хілона.
— Як жа завешся, браток? — пытае грэк.
— На хросце святым далі мне, ойча, імя Урбан.
— Браток мой, Урбанка, ці маеш хвілінку часу пагутарыць са мною?
— Работу нашу пачынаем каля поўначы, а цяперака вараць ось нам вячэру.
— Дык часу маеш даволі; пойдзем жа пад рэчку, паслухаеш, што я табе там скажу.
Пайшлі, селі на каменным беразе ў цішы, парушанай толькі далёкім гукам жарон ды булькатаннем рачное хвалі. Там Хілон прыгледзеўся добра жарнамолу, які, паміма грознай барбарскай панурыстасці, выдаваўся яму, аднак, даволі шчырым і рахманым.
— Так, — думае сабе, — гэта чалавек добры і наіўны, ён дарма заб’е Глаўка.
Пасля пытае: — Любіш, Урбан, Хрыста?
— Люблю ўсёй душою й сэрцам, — адказаў жарнамол.
— А братоў і сясцёр сваіх, а тых, што навучылі цябе праўды й веры Хрыстовай?
— І іх таксама люблю, ойча.
— Тады — pax табе!
— І табе, ойча!
Настала зноў цішыня, толькі жорны гучэлі ўдалечыні, а ўнізе бульбацела рака. Хілон заглядзеўся ў ясны месяц ды спавагу пачаў расказваць пра Хрыстову смерць. Гаварыў быццам не Урбану, а як бы сам сабе разважаў тую смерць, як бы тайніцу яе хацеў пераказаць заспанаму гораду. Выглядала гэта ўрачыста і ўзрушаюча. Жарнамол плакаў, а як Хілон пачаў енчыць і бедаваць, што падчас смерці Збаўцы не было нікога, хто б яго бараніў калі не ад укрыжавання, дык прынамсі ад знявагі салдатаў ды жыдоў, магутныя кулакі барбара пачалі сціскацца ад жалю й злосці. Расчуляла яго смерць, а злосць і дзікая ахвота агартала яго на ўспамін аб здзеках і кпінах раз’юшанага зброду з укрыжаванага Баранка.
А Хілон нагла суліць пытанне: — Ведаеш, Урбан, хто быў Юдаш?
— Чаму ж не ведаю. Але ён павесіўся, — адказвае работнік.
І ў гутарцы ягонай вычувалася быццам незадавальненне з таго, што здраднік укараў сам сябе і не можа патрапіцца яму ў рукі.
Хілон жа падсябрываўся далей: — Ну а каб не быў павесіўся ды каб каторы з хрысціян сустрэў яго на моры ці на сухазем’і, няўжо не павінен быў бы помсціць пакуту, кроў і смерць Хрыстову?
— Хто ж бы не адпомсціўся, ойча!
— Pax табе, слуга верны Баранка! Так, можна дараваць сваю крыўду, але Богавае ніхто не мае права дараваць! Але як вуж плодзіць вужа, як злосць родзіць злосць, а здрада здраду, так з яду Юдашавага нарадзіўся другі здраднік, і як той выдаў жыдом і рымскім воям Збаўцу, так гэты, што жыве між намі, маніцца выдаць авечкі ваўком, і калі ніхто не адверне здрады, калі не скруціць упору вужацы галавы, нікога з нас не міне згуба, а з намі разам загіне і чэсць Баранка.
Жарнамол уставіў у яго трывожныя вочы, як бы не кеміў, што гаворыцца, а грэк, накінуўшы на голаў рог адзежыны, прыдушаным голасам цягнуў абармоцтва далей: — Гора вам, праведныя слугі Божыя, хрысціяне й хрысціянкі!
Ды зноў замоўк, зноў чуцён быў толькі гук жарон, шум ракі ды глухое пяянне жарнамолаў.
— Ойча! — пытае ўрэшце работнік. — Што гэта за здраднік?