Прачнуўся аж толькі вечарам, а вярней, збудзіла яго нявольніца, клічучы, каб уставаў, нехта бо яго шукае і хоча з ім бачыцца ў неадкладнай справе.
Чуйны Хілон апрытамнеў у адной хвіліне, накінуў хутка сярмягу з каптуром і, загадаўшы нявольніцы ўстараніцца, вызірнуў перш асцярожна навонкі.
І аслупянеў! Бо праз дзверы кубікулюма ўгледзеў вялігура Урсуса. На гэта гледзячы, чуе, ногі й галава ягоныя робяцца як лёд, сэрца млее ў грудзях, а за скураю бегае рой мурашак… Праз момант не мог слова вымавіць, пачакаўшы, аднак, выенчыў, звонячы зубамі: — Сыра! Няма мяне… не ведаю таго… добрага чалавека… — Я сказала яму, што ты дома, спадару, што спіш, — патлумачыла дзяўчына, — а ён прасіў цябе збудзіць… — О, богі!.. Бадай цябе!..
А Урсус, як бы не могучы чакаць, падыйшоў да дзвярэй кубікулюма і, нагнуўшыся, усадзіў усярэдзіну голаў.
— Хілон Хіланід! — адазваўся. — Pax tecum! Pax, pax![39] — адказвае Хілон. — О, найлепшы мой хрысціяніне! Так, я Хілон, але гэта абмылка… Не ведаю цябе!
— Хілон Хіланідзе! — паўтарыў Урсус. — Твой спадар, Вініць, кліча цябе, каб ішоў да яго разам са мною.
XXIII
Вініція разбудзіў дакучны боль. У першай хвіліне не мог зразумець, дзе ён ды што з ім дзеецца. У галаве шум, уваччу туман. Паволі, аднак, вярталася прытомнасць, і ўрэшце праз той туман бачыць над сабою трое людзей. Двух пазнаў: Урсуса і таго старца, якога паваліў, выносячы Лігію. Трэці, незнаёмы, трымаў ягоную левую руку і, абмацваючы яе ўздоўж локця аж да плечука, выклікаў такі страшны боль, што Вініцію здалося, быццам робяць над ім якую мсту, дык выцадзіў праз заціснутыя зубы: — Даб’еце мяне?
А яны не звярталі на гэта ўвагі, так, як бы не чулі ці не ўважалі за незвычайнасць. Урсус з сваёй барбарскай заклапочанай мінай трымаў жмут стужак з белых падзёртых хусцін, а стары гаварыў незнаёмаму: — Ці ты, Глаўк, пэўны, што гэная рана ў галаве ня ёсць смяротнай?
— О так, дастойны Крыспе, — супакойваў Глаўк. — Служачы ў нявольніках на мараплаўстве ды жывучы ў Неапалі, прыходзілася мне аглядаць шмат ран, за тую працу ўдалося мне якраз і выкупіцца з сям’ёю. Не, рана ў галаве лёгкая. Як ён, відаць, — тут паказаў на Урсуса, — адбіраў дзяўчыну і піхануў гэтага на мур, дык ён, падаючы, засланіўся рукою, каторую вывіхнуў і зламаў, але праз тое ўсцярог голаў — і жыццё.
— Не адным з братоў ты ўжо апекаваўся, — адказаў Крысп, — і слывеш як добры лекар… Таму ж і паслаў я Урсуса па цябе.
— Каторы ў дарозе прызнаўся мне, што ўчора йшчэ маніўся мяне забіць.
— Але перш гэты намер выявіў мне; а я, ведаючы цябе й тваю вернасць да Хрыста, выталкаваў яму, што не ты здраднік, але той незнаёмец, які да забойства яго падбухторваў.
— Гэна быў нячысты дух, але мне здалося, што анёл, — апраўдваўся, уздыхаючы, Урсус.
— Другім разам раскажаш мне аб гэтым, — перарваў Глаўк, — а цяпер мусімы думаць аб раненым.
Гэта сказаўшы, пачаў настаўляць плячо Вініцію, які раз-пораз млеў з болю, не дапамагала й Крыспава ахалоджванне вадою галавы. Але можа й лепш было, што млеў, бо хоць тады не чуў настаўляння нагі ды перавязкі зламанае рукі, якую Глаўк управіў у дзве жалабкаватыя дошчачкі, хутка й моцна абвязаўшы, каб знерухоміць. Па дакананай аперацыі апрытомеў зноў і ўбачыў над сабою Лігію. Стаяла тут жа пры ягоным ложку, трымаючы перад сабою медзяное вядзерца з вадою, у якой Глаўк час ад часу мачаў губку й змываў яму голаў.
Вініць глядзеў і вачам не верыў. Яму здавалася, гэта сон або гарачка марочыць, ставячы перад ім гэную мілую здань, і аж пасля доўгае хвіліны здолеў вышаптаць: — Лігія… Ад голасу ягонага задрыжала вядзерца ў руках, і звярнуліся да яго сумныя вочы.
— Pax табе! — адказала ціха.
І стаяла з выцягнутымі перад сабою рукамі, поўная літасці і жалю. Ён жа паглядаў на яе, моў жадаў напоўніць ёю вочы так, каб, як заплюшчыць, воблік ейны стаяў яму над павекамі. Прыглядаўся на ейны твар, бялейшы і блажэйшы, чым даўней, на лёкі цёмных валасоў, на ўбогую вопратку работніцы; глядзеў так упорыста, што аж ад сілы ягоных вачэй пачало ружавець ейнае снежнае чало — і перш-наперш падумаў, што ён жа кахае яе, а па-другое, што гэную нікчомнасць ды ўбогасць ён спрычыніў, бо ён выплашыў яе з дому, дзе плывала яна ў дастатках і выгодзе, і ўправіў у гэтую мізэрную хату ды апрануў у гэтую вось нэндзную вопратку з цёмнае воўны.
І так хацеў яе ўхарашыць у найдаражэйшыя залатыя каштоўнасці, што апанавала ім здумленне, трывога, літасць і жаль так магутны, што — здэцца — кінуўся б ёй да ног, каб мог крануцца з мейсца.