Выбрать главу

— Ну, і што?

— Ну, і кажу табе, што ад тае хвіліны, як аглядаў яе прасветленую касулямі пры вадаліве, закахаўся да адчаю.

— Дык так, знача, празрыстая, як лямпрыска, або як маладая сардынка?

— Не жартуй, Пятроні, а калі цябе зводзіць свабода, з якою сазнаюся табе з маіх пажаданняў, ведай аб тым, што ясная тога часам глыбокія раны пакрывае. Мушу табе таксама сказаць, што, вяртаючыся з Азіі, праспаў я адну ноч у святыні Мопса, каб мець варожбны сон. Вось жа з’явіўся мне ў сне сам Мопс і запавясціў, што ў жыцці маім даканаюцца вялікія перамены праз каханне.

— Чуў я ад Плінія, што не верыць у багоў, толькі верыць у сны, і, можа, праўду кажа. Мае жарты не перашкаджаюць мне часамі думаць, што сапраўды ёсць толькі адно боства, вечнае, усёўладнае, творчае, Venus Genitrix[6].

Яна канцэнтруе душы, канцэнтруе целы ды рэчы. Эрос вывеў свет з хаосу.

Ці добра зрабіў, то іншая справа, але калі так ёсць, то мусімы прызнаць ягоную магутнасць, хоць можна яе й не багаславіць… — Ах, Пятроні! Лягчэй філязафаваць, як даць добрую раду.

— Скажы мне, чаго ты фактычна хочаш?

— Хачу мець Лігію. Хачу, каб гэтыя рукі мае, якія абнімаюць цяпер толькі паветра, маглі абняць яе ды да грудзей прыціснуць. Калі б была нявольніцай, даў бы за яе Аўлу сто дзевак з пабеленымі вапнаю нагамі, на знак, што іх першы раз вывелі на продаж. Хачу мець яе ў маім доме датуль, пакуль галава мая не збялее, бы чуб Саракта.

— Яна не ёсць нявольніцай, але ўсё ж належыць да Плаўтавай фаміліі, і можа быць уважаная за алюмну[7], бо ёсць пакінутым дзіцём. Плаўт мог бы табе яе адступіць, каб хацеў.

— То хіба не знаеш Пампоніі Грэцыны? Дый абое да яе прывыклі, як да собскага дзіцяці.

— Пампонію знаю. Істны цыпрыс. Каб не была жонкаю Аўла, можна б яе наймаць на плачку. Ад смерці Юліі не скінула цёмнае столы ды наагул выглядае, якбы шчэ жывучы хадзіла па лузе, зарослым асфодэлямі. Ёсць пры тым «univira»[8], дык між нашымі чатыры- й пяцікратнымі разводніцамі ёсць адначасна феніксам… Але!.. Ці чуў, што фенікс, мабыць, сапраўды цяпер выклюнуўся ў Егіпце? Гэта яму здараецца не часцей, як раз на пяцьсот год.

— Пятроні! Пятроні! Аб феніксе пагутарым калі йнакш.

— Што ж я табе, мой Марк, скажу. Знаю Аўла Плаўта, які хоць ганіць мой спосаб жыцця, але чуе адносна мяне пэўную слабасць, а можа нат паважае мяне больш, чым іншых, ведае бо, што я ніколі не быў даносчыкам, як, напрыклад, Даміцыус Афэр, Тыгэлін ды цэлая банда прыхвасняў Рудабародага. Не строячы пры тым з сябе стоіка, я не раз крывіўся на паступкі Нэрона, на каторыя Сэнэка й Бурр глядзелі праз пальцы. Калі спадзяешся, што я магу нешта для цябе ў Аўла выманіць — гатоў на паслугі табе.

— Думаю, што можаш. Ты маеш на яго ўплыў, а пры тым розум твой знайдзе найвычарпальныя спосабы. Каб ты так зарыентаваўся ў сытуацыі ды пагутарыў з Плаўтам… — Замнога рахуеш на мой уплыў і досціп, але калі толькі пра гэта расходзіцца, пагутару з Плаўтам, як толькі перанясуцца ў горад.

— Яны ўжо вярнуліся два дні таму.

— Тады хадзем у трыклініюм, дзе чакае нас снеданне, а пасля, падмацаваўшыся, загадаем занясціся да Плаўта.

— Ты заўсёды быў для мяне мілы, — выказвае радасць Вініць, — але цяпер пастаўлю хіба табе статую між маімі лярамі — от такую стройную, як гэта — і буду складаць ёй ахвяры.

Гэта кажучы, абярнуўся да статуяў, што ўхарашалі цэлую адну сцяну пахучае святліцы, і паказаў рукою на фігуру Пятронія, прадстаўляючую яго як Гермеса, з посахам у далоні. Потым дакінуў: — На святло Геліёса! Калі «боскі» Аляксандр быў да цябе падобны, — няма чаго дзівіцца Гэлене.

І ў гэтым воклічу было столькі ж шчырасці, колькі й падхалімства. Пятроні бо, хоць старэйшы й менш атлетычны, прыгажэйшы быў за Вініція.

Жанчыны ў Рыме любаваліся не толькі ягоным гнуткім розумам і густам, за які называлі яго арбітрам элеганцыі, але і целаскладам. Любаванне тое відаць нат на тварах тых дзяўчатак з Кос, адна з якіх, імем Эўніка, сукрыта яго кахаючая, глядзела яму ў вочы з пакорай і захапленнем.

Але ён не звяртаў на гэта ўвагі, толькі, ухмыльнуўшыся да Вініція, пачаў у адказ цытаваць яму сказы Сэнэкі аб жанчынах: «Animal impudens»[9] і г.д.

Пасля, абняўшы яго рукою цераз плячо, павёў у трыклініюм.

У унктуарыюме дзве грэцкія дзяўчыны, дзве фрыгійкі й дзве негрынкі зачалі спратваць эпіліхніі з пахнідламі. Але ў тым жа моманце з па-за адхіленай котары паказаліся з фрыгідарыюма галовы бальнеатараў і разляглося прыцішанае: «Псст!» На гэта адна з грэчынак, фрыгійкі ды дзве этыёпкі, падбегшы хутка, зніклі воміг за котарай. У тэрмах пачыналася балаўство й распуста, якое інспектар не спыняў, бо й сам часта ў падобнай гульні ўдзельнічаў. Дагадваўся аб іх і Пятроні, але як чалавек паблажлівы ды не любячы караць глядзеў на гэта праз пальцы.

вернуться

6

Венера-Нараджальніца (лац.).

вернуться

7

Выхаванка (лац.).

вернуться

8

Аднамужняя (лац.).

вернуться

9

Бязглуздая, беccаромная жывёліна (лац.).