Лігія падчас ягонай скаргі абыймала штораз мацней ногі Апостала, казаў бы хацела пры іх шукаць патолі і выжабраваць хоць кропельку літасці.
Апостал, выслухаўшы да канца, нахіліўся й палажыў згрыбелую руку на ейнай галаве, пасля падняў вочы на старога прэзбітэра й кажа: — Крыспе, няўжо ты не чуў, што Збаўца наш быў у Кане на вяселлі й багаславіў каханне між нявестаю й мужам, сужэнцамі!
Крыспу апалі рукі, глядзеў, сумеўшыся, на мовячага, не могучы вымавіць слова. А той памаўчаў хвілінку, спытаў зноў: — Крыспе, няўжо думаеш, што Хрыстус, які дазволіў Марыі з Магдалі ляжаць пры нагах сваіх і які дараваў яўнагрэшніцы, адвярнуўся б ад гэнага дзіцяці, чыстага, як лілея ў полі?
Лігія, расслязіўшыся, прытулілася яшчэ мацней да ног Пятровых, зразумеўшы, што не дарма шукала пры іх патолі. Апостал, падняўшы ёй заліты слязьмі твар, гаварыў далей: — Пакуль вочы таго, што кахаеш, не адкрыюцца на святло праўды, патуль старані ад яго, каб не давёў цябе да граху, але маліся за яго і ведай, што няма граху ў каханні тваім. А калі баронішся ад спакусы, мецімеш заслугу.
Не маркоцься і не плач, бо ласка Збаўцы ад цябе не аднята, твае малітвы будуць выслуханы, тваё сумаванне меціме вясёлы канец.
Сказаўшы гэта, палажыў далоні на ейнай галаве і, узнёсшы ўгару вочы, багаславіў яе. З аблічча ягонага свяціла надземная дабрыня.
Супакораны Крысп пачаў апраўдвацца: — Зграшыў я супраць міласэрнасці, — гаварыў, — але я думаў: дапушчаючы да сэрца зямную любоў, здрадзіла Хрыста… А Пётр патлумачыў: — Я выракся Яго тройчы, аднак дараваў мне і загадаў пасвіць баранкі свае.
— …І таму, — канчаў Крысп, — што Вініць ёсць аўгустыянінам… — Хрыстус яшчэ цвярдзейшыя сэрцы паконваў, — адказаў Пётр.
На гэта Павал з Тарсу, які дагэтуль маўчаў, паказваючы на сябе, сказаў: — Я той, хто праследаваў і лавіў на смерць слугі Хрыстовыя; я падчас каменавання Сцяпана пільнаваў адзежы тых, што каменавалі; я маніўся выкараніць Праўду па ўсёй зямлі, дзе толькі жывуць людзі, аднак бач — мне прызначыў Госпад, каб шырыў яе на ўсёй зямлі. І я аглашаў яе ў Юдэі, у Грэцыі, на атоках і ў гэтым бязбожным горадзе, калі першы раз як вязень тут прабываў. А цяпер на пакліканне Пятра, майго загадчыка, увайду ў гэны дом, каб схіліць тую гордую галаву да Хрыстовых ног і кінуць зерне ў гэную камяністую раллю, якую ажыццяплодзіць Госпад, каб дала добры ўраджай.
І ўстаў. Крыспу гэны малы гарбаты чалавек паказаўся ў гэтай хвіліне тым, чым быў іставетна — волатам, які зрушыць свет і загорне землі й народы.
XXVIII
Пятроні — Вініцію: «Будзь ласкавы, carissime, не наследуй у пісьмах ані лакадэмонаў, ані Юлія Цэзара. Каб жа хоць так, як ён, мог напісаць: veni, vidi, vici![43] — разумеў бы йшчэ лаканізм. Але тваё пісьмо канчаткова азначае: veni, vidi, fugi[44]; а што такі канец справы нясвомы тваёй натуры, што быў паранены ды што ўрэшце дзееліся з табою рэчы незвычайныя, дык пісьмо вымагае тлумачэння. Я вачам сваім не верыў, як прачытаў, што той ліг так лёгка задушыў Кратона, бы каледонскі сабака воўка ў гарах Гіберніі. Той чалавек варты столькі золата, колькі сам важыць, і ад яго толькі залежала б стацца ўлюбенцам цэзара. Як вярнуся дамоў, мушу з ім пазнаёміцца і загадаю выліць яго сабе з бронзы. Рудабароды лопне з цікавасці, як скажу яму, што гэта з натуры. І сапраўды атлетычныя людзі здараюцца і ў Італіі, і ў Грэцыі штораз радзей; пра Ўсход няма чаго й казаць, а германы хоць рослыя, ды салам налітыя, і больш вялізныя, чым дужыя. Даведайся ад ліга, ці гэта ён адзін толькі такі ў сваім краі, ці ёсць шмат яму падобных. Ануж табе або мне прыйдзецца калісь ех officio[45] рабіць ігрышчы, добра было б ведаць, дзе шукаць асілкаў.
Але хвала багом усходнім і заходнім, што ты застаўся з душою, выйшаўшы з падобных рук. Ацалеў ты напэўна дзеля таго, што ты патрыцый і сын консула, але ўсё, што спаткала цябе, здзіўляе мяне вельмі: і той магільнік, дзе ты прабываў між хрысціян, і яны самі, дый учынак іхні з табою, і пасля ўцёкі Лігіі, і ўрэшце той нейкі сум і трывожнасць, якія веюць з твайго кароткага ліста. Растлумач мне, бо шмат рэчаў не цямлю, а калі праўду любіш, скажу табе адкрыта: не разумею ані хрысціян, ані цябе, ані Лігіі. І не дзівіся, што я, якога па-за ўласнаю асобаю мала што больш на свеце цікавіць, дапытваюся пра ўсё гэта так сквапна. Бо я ж прычыніўся да ўсяго таго, што сталася, дык гэта вось жа й мая справа. Пішы безадкладна, бо не магу прадбачыць, калі ўбачымся. У галаве Рудабародага змяняюцца намеры, бы вясеннія вятры. Цяпер, седзячы ў Бэнэвэнце, мае ахвоту ехаць проста ў Грэцыю і вяртацца ў Рым. Тыгэлін, аднак, раіў яму, каб вярнуўся хоць на кароткі час, бо народ вельмі тужыць па ім (чытай: па хлебе ды йгрышчах) і можа ўзбурыцца. Вось жа, немаведама як будзе. Калі Ахайя пераважыць, дык мо пасля захочацца нам Егіпту.